Главный агроном Ольга Гончарова о насущных задачах филиала "Повятье"
gazeta Сегодня, 10:53 130 Сельская гаспадарка
Паралельна з завяршэннем уборачнай гаспадаркі вядуць падрыхтоўку глебы і сяўбу азімых культур, убіраюць участкі насельніцтва, ачышчаюць насенне і фуражнае зерне. У філіяле «Павяцце» пра справы надзённыя расказала галоўны аграном Вольга Ганчарова:
– Завяршылі сяўбу азімага рапсу, які заняў 255 га, цяпер сеем азімую пшаніцу. Па ёй даведзены план 727 га. Трэба загарнуць у зямлю азімы ячмень на 230 га і яшчэ 252 га – на зялёны корм. Тэхніка не паўсюль ідзе, ёсць участкі, якія цяжка ўзараць. Падбіраем лёгкія землі і пачынаем з іх.
Дапамагае павяцкім аграрыям прадстаўнік Верхнядзвінскага міжраённага мехатраду. Ён узворвае глебу днём, на гэтым трактары шчыруе ў другую змену мясцовы механізатар. Працуюць у тры плугі.
– Тэрміны сяўбы праходзяць, трэба рыхтаваць зямлю. Шмат зямель прагліфасацілі, неабходна іх выкарыстоўваць. Усе механізатары разумеюць, што гэта наш хлеб, вось і стараюцца, – тлумачыць галоўны аграном. – Узворваем, апрацоўваем зямлю і сеем. Пры неабходнасці выходзіць камнепадборшчык, каб не біць сеялкі. Уборка ідзе, разам з тым рыхтуемся да назапашвання сіласу. Ні аднаго трактара ў мехмайстэрні не застаць.
У полі ўзворвае глебу Аляксандр Ломаш, следам Аляксандр Цеценаў разбівае яе культыватарам, за ім апрацоўвае зямлю Юрый Барэйка. Заняты дыскаваннем Андрэй Драба і Пётр Аніська. Працуе сапраўдны канвеер на сяўбе, бо ўсе зацікаўлены ў тым, каб справіцца ў аптымальныя тэрміны. Гэта залог будучага ўраджаю.
Ненадоўга спыняецца Юрый Сяргеевіч. Перайшоў у філіял «Павяцце» з «Мерыцы». З корманарыхтоўкі плаўна ўліўся ў сяўбу. Кажа, пры спрыяльных умовах гектараў 30 за дзень зрабіць можна.
Нядаўна дасягнуў пенсіённага ўзросту Уладзімір Сіўко, які за рулём трактара 38 гадоў. З карысцю прымяняе кожную вольную хвілінку. Падрыхтоўкай сеялкі, напрыклад, заняўся яшчэ зімой.
- Цяжка сёлета, дажды лілі, таму ўся ўборка ішла складана. Апрацоўка глебы таксама намнога горш, бо камбайны палі парэзалі. Хуткасць меншая, – расказвае Уладзімір Мар’янавіч.
– Разам з тым прыпынкаў быць не павінна, – падхоплівае галоўны аграном.
Пры неабходнасці пусцяць у справу другую сеялку. Пасля пшаніцы возьмуцца за азімы ячмень, які сёлета даў па 34,7 ц/га. Яшчэ лепшую ўраджайнасць паказала азімае трыцікале – 46 ц/га. Працягваецца корманарыхтоўка, на ўмоўную галаву ўжо маюць па 18,29 ц кармавых адзінак.
Кожны год прыпадносіць свае ўрокі аграрыям. Які вывад зрабілі сёлета?
– Лавіць кожную хвіліну, бо лепш можа і не быць. Не чакаць надвор’я, а рабіць тое, што магчыма тут і цяпер, – аналізуе Вольга Ганчарова.