Не оставайтесь в стороне: Анна Лискова о первой медицинской помощи

Ідучы па вуліцы, заўважылі чалавека, які ляжыць на абочыне ці на лавачцы. Вашы дзеянні? Як паказвае практыка, у постсавецкіх краінах людзі звычайна праходзяць міма. Напярэдадні Сусветнага дня першай дапамогі пра неабходнасць не заставацца абыякавымі гутарым з інструктарам першай дапамогі Ганнай Лісковай.

– Калі праходзіла навучанне першай дапамозе, нам паказвалі відэаролікі, дзе людзі тлумачылі, чаму не дапамаглі камусьці на вуліцы. Самы часты адказ: не ведалі, што рабіць, – заўважае Ганна Віктараўна. – Аднак нават калі не валодаеш навыкамі аказання першай дапамогі, можна дапамагчы: патэлефанаваць у экстранныя службы і да іх прыбыцця заставацца на месцы. Лепш зрабіць што-небудзь, чым не зрабіць нічога.

Валодаць навыкамі аказання першай дапамогі – важна і патрэбна. Дзе гэтаму навучыцца?

– Пяць гадоў таму я прайшла навучанне ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Як былому медработніку мне гэта блізка. Цяпер перыядычна павышаю кваліфікацыю. Стаць інструктарам першай дапамогі можа кожны жадаючы. Навучанне доўжыцца тыдзень, Чырвоны Крыж праводзіць яго на бясплатнай аснове, але з умовай, што інструктар пасля будзе вучыць іншых.

Што ўваходзіць у праграму навучання інструктараў першай дапамогі?

– У тэорыі і на практыцы разбіраем сітуацыі, якія могуць здарыцца з чалавекам. Гэта апёкі і пераахалоджванні, укусы жывёл і насякомых, траўмы і крывацёкі. Асвойваем алгарытм дзеянняў лёгачна-сардэчнай рэанімацыі, пры частковай ці поўнай непраходнасці дыхальных шляхоў. Разбіраем, у якіх сітуацыях абавязкова выклікаць «хуткую» і што пры гэтым трэба ўказаць.

Прывядзіце некалькі прыкладаў правільных дзеянняў пры аказанні першай дапамогі.

– Што звычайна робіць чалавек пры носавым крывацёку? Закідвае галаву назад. Гэта памылка. Трэба сесці, нахіліць галаву наперад, на пераносіцу пакласці халодную прымочку, злёгку прыціснуць крылы носа. Смаркацца нельга, бо такім чынам пашкоджваюцца сасуды. Калі праз 15 хвілін крывацёк не спыніўся, выклікаем «хуткую». У людзей ва ўзросце 35+ носавы крывацёк можа выклікаць рэзкі скачок ціску.
Апёкі часта змазваюць алеем ці смятанай. Аднак гэта тлушчавая аснова, пад ёй тэмпература яшчэ больш павышаецца, і глыбіня паражэння павялічваецца. Эфектыўны сродак – халодныя прымочкі.

Як было заўважана вышэй, інструктар першай дапамогі павінен дзяліцца з іншымі сваімі ведамі і навыкамі. Для каго актуальныя такія паслугі?

– Праводжу заняткі ва ўстановах адукацыі, у арганізацыях і на прадпрыемствах горада і раёна. Дзяцей рыхтую да конкурсаў юных інспектараў дарожнага руху, юных выратавальнікаў, каманды прадпрыемстваў – да спаборніцтваў санітарных дружын. Найбольш актыўнае супрацоўніцтва склалася з металапракатнай кампаніяй, дзе штогод праводжу серыю заняткаў. Вучыла першай дапамозе супрацоўнікаў камбікормавага завода, мясакамбіната, Міёрскага ПМС. 

Любая арганізацыя па дамоўленасці можа арганізаваць навучанне для сваіх работнікаў. Гэта бясплатна.

Гутарыла 
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий