Два главных слова – «безаварийно», «бесперебойно»
gazeta 7-09-2025, 10:13 636 Навіны
Слоўнік газавікоў пачынаецца з літары Б. Першыя два словы ў ім: «безаварыйна», «бесперабойна». Кругласутачна работнікі газавай службы на варце нашага камфорту і бяспекі. Нават у сваё прафесійнае свята, якое адзначаюць у першую нядзелю верасня.
Якасць паслуг і зваротная сувязь
Газаразмеркавальная станцыя, два падземныя газарэгулятарныя пункты, дванаццаць шафных рэгулятарных пунктаў, дзве рэзервуарныя ўстаноўкі звадкаванага вуглевадароднага газу, газаправод прыроднага газу агульнай працягласцю 153,8 кіламетра, звыш 9 тысяч газіфікаваных прыродным і звадкаваным газам дамоў і кватэр – усё гэта газавая гаспадарка, за якую нясе адказнасць Міёрскі раён газазабеспячэння.
– Самае галоўнае ў нашай справе – безаварыйнае і бесперабойнае забеспячэнне газам спажыўцоў і іх задаволенасць якасцю аказваемых паслуг, – падкрэслівае начальнік Канстанцін Матэленак. – Важнае значэнне мае зваротная сувязь. Праз спецыяльную праграму адсочваем водгукі спажыўцоў пра нашу дзейнасць.
«Хутка і якасна», «прафесіянальна і аператыўна», «індывідуальны падыход» – так характарызуюць жыхары раёна работу спецыялістаў газавай службы. У выпадку аварыйнай сітуацыі яны выязджаюць у лічаныя хвіліны і ліквідоўваюць няспраўнасці бясплатна. Паслугі па іншых заяўках аказваюцца на платнай аснове, тэрмін рэагавання – на працягу трох дзён. Аднак стараюцца справіцца максімальна аператыўна.
– Больш зваротаў паступае падчас ацяпляльнага сезона і звязана з непаладкамі газавых катлоў. Як у халады без цяпла? У такіх выпадках тэрмін выканання заяўкі – 24 гадзіны, але прымаем усе намаганні, каб дапамагчы хутчэй, – заўважае начальнік РГЗ. – Камусьці трэба падключыць ці адключыць газавую пліту, іншым замяніць шланг на балоннай устаноўцы і так далей. Са згоды спажыўца падчас работы вядзецца відэазапіс, што спрыяе павышэнню якасці нашых паслуг.
Молада не зелена
У Міёрскім РГЗ 42 супрацоўнікі. Як заўважае кіраўнік, назіраецца тэндэнцыя да амаладжэння калектыву. Калі яшчэ год таму сярэдні ўзрост складаў 44 гады, сёлета – 40. Працуе сем маладых людзей ва ўзросце да 31 года. У іх ліку галоўны інжынер Максім Коршун.
– Тут другі год. Пасля ўніверсітэта пачынаў манцёрам у Полацку, затым тры гады быў майстрам у Шуміліна, непрацяглы час працаваў у Віцебску, – знаёміць са службовай біяграфіяй. – Быць галоўным інжынерам вельмі адказна, гэта вялікі аб’ём інфармацыі і кантролю. Справа складаная, але для мяне цікавая.
З банкаўскай сферы год таму перайшла ў газавую службу Юлія Дзярко, спраўляецца з абавязкамі прыёмшчыка заказаў. Яе калега Валянціна Пахірка працуе паўгода, у мінулым выхавацель дзіцячага сада. Кантралёр Ілона Кадасава ў газавай службе са снежня 2023-га, раней была занята ў сферы гандлю. Таксама вывучыла абавязкі кантралёра Крысціна Сташкевіч.
– У газавую службу можна прыйсці з любой сферы і асвоіць рабочыя спецыяльнасці ў Віцебскім філіяле ўстановы адукацыі «Газ-інстытут». Галоўнае – жаданне вучыцца новаму і адказна працаваць, – заўважае начальнік РГЗ. – Наша моладзь актыўнічае ў творчасці і грамадскім жыцці. Дзяўчаты заняты ў харэаграфічным калектыве ВУ «Браслаўгаз». Валянціна Пахірка яшчэ ў складзе Моладзевага савета УП «Віцебскаблгаз». Таксама пастаянны ўдзельнік конкурсаў мастацкай творчасці – слесар Аляксей Конах, спявае сольна і ў саставе самадзейнага калектыву ВУ «Браслаўгаз».
З высокім прафесіяналізмам…
Працягваюць павышаць прафесіяналізм супрацоўнікі з вопытам. Па-ранейшаму высокія вынікі на конкурсах прафмайстэрства дэманструе каманда ў складзе старшага майстра Уладзіміра Максіменкі, слесара Юрыя Аўласевіча, слесара-ва- дзіцеля Сяргея Гайлеша. Сёлета чацвёртыя ў вобласці.
– Нязменны склад брыгады на працягу многіх гадоў абумоўлены высокім прафмайстэрствам яе ўдзельнікаў. Каму як не сапраўдным прафесіяналам выступаць на конкурсах, – адзначае кіраўнік прадпрыемства.
Дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята Юрыю Аўласевічу прысвоена званне «Ганаровы работнік газавай і паліўнай прамысловасці». Званне «Ганаровы ветэран прадпрыемства» атрымала вядучы бухгалтар Іна Голуб. На Дошку гонару УП «Віцебскаблгаз» занесены партрэт прыёмшчыка заказаў Аксаны Аўласевіч. Ганаровай граматай УП «Віцебскаблгаз» адзначаны слесар Яўгеній Плехтан, падзяка ад кіраўніцтва прадпрыемства аб’яўлена майстру Аляксандру Матэленку. Партрэты вадзіцеляў Мікалая Рымко і Ула-дзіміра Пазняка занесены на Дошку гонару ВУ «Браслаўгаз». Ганаровай граматай узнагароджаны слесар Аляксей Конах, падзяка аб’яўлена слесару Юрыю Талочка, кантралёру Жанне Голуб і прыбіральшчыку памяшканняў Вользе Шук, чыімі клопатамі ствараецца і прыгажосць на тэрыторыі.
– Люблю з кветкамі працаваць, сама чаранкую саджанцы. У гэтым годзе з-за неспрыяльнага надвор’я складана за раслінамі даглядаць, але стараемся. Дапамагаюць мне кантралёр Жанна Голуб і прыёмшчык заказаў Аксана Аўласевіч, – расказвае Вольга Францаўна. – У газавай службе трэці год працую. Да абеду ў мяне ўборка ў памяшканнях, у другой палове дня на тэрыторыі і ў цяпліцы.
Як падкрэслівае начальнік Міёрскага РГЗ, поспехі ў справе, сумленнае стаўленне да службовых абавязкаў і высокая ацэнка спажыўцоў – тыя крытэрыі, па якіх вызначаюць і ўзнагароджваюць найлепшых супрацоўнікаў.
… і багатым стажам
Напэўна, захоўваюць стосы ўзнагарод ветэраны газавай службы Міёршчыны. З 1984 года і да цяперашняга часу ў радах газавікоў слесар Фёдар Зелянкоў. Не спяшаюцца адпачываць вадзіцель Яфім Яроменак і прыёмшчык заказаў Дзіна Юдзіцкая.
З 1985-га па 2002-і ўзначальваў прадпрыемства Валерый Барысавіч Булаўскі. 38 гадоў прысвяціў газавай службе Аляксандр Ігнацьевіч Барысёнак, 34 – Зоя Пятроўна Рагоўская, 32 – Леанід Сяргеевіч Удобкін, 31 – Аляксандр Рыгоравіч Масейкін, 28 – Анатоль Іванавіч Азевіч, 26 – Фёдар Мікалаевіч Сцепулёнак, 25 – Пауліна Генрыкаўна Жарніковіч, якая цяпер узначальвае ветэранскую пярвічку, 24 – Віктар Альфрэдавіч Жук. Таксама ў спісе ветэранаў-газавікоў Мікалай Іванавіч Дзямід, Таццяна Іванаўна Касатая, Ганна Захараўна Мятла, Віктар Віктаравіч Маляўка, Пётр Антонавіч Рачыцкі, Тамара Чаславаўна Мароз, Аляксей Ніканавіч Шокель, Валянціна Георгіеўна Урбан, Алена Людвігаўна Іванова.
– Мы ўдзячны старэйшым калегам за вопыт і прафесіяналізм, застаёмся з імі на сувязі, – адзначае Канстанцін Матэленак. – Цяпер у іх іншае жыццё, якое напоўнена сямейнымі справамі, цікавымі захапленнямі.
Актуальнасць відавочная
Працоўныя будні газавікоў прахо- дзяць па сваім распарадку. Спяшаюцца на заяўкі да спажыўцоў супрацоўнікі аварыйна-дыспетчарскай службы, адказваюць на званкі прыёмшчыкі заказаў, скіроўваюцца па знаёмых маршрутах машыны з балонамі, праводзяць агляд, тэхнічнае абслугоўванне і бягучы рамонт аб’ектаў газавай гаспадаркі слесары…
– Працягваецца газіфікацыя прыродным газам. Дарэчы, гэта самы экалагічны і даволі бяспечны від паліва, – падкрэслівае Канстанцін Анатольевіч. – Глабальных аб’ектаў пакуль не будуем. У мінулым годзе газіфікавалі 55 дамоў у Павяцці, сёлета падключым яшчэ каля сарака. Штогод расце спажыванне прыроднага газу. Так, за 2024-ы рэалізаваны 22 мільёны метраў кубічных блакітнага паліва. На прыродным газе працуюць металапракатны і хлебазавод, выкарыстоўваюць яго мясакамбінат, камбікормавы завод, кацельня УП ЖКГ, на ім выпякаюць булачкі ў магазіне «Санта». Усяго блакітнае паліва пастаўляецца на пяць прамысловых і дзесяць камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Гэта сведчыць пра запатрабаванасць і актуальнасць нашых паслуг.
Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.