О сытном и вкусном питании работников ОАО "Любинова" заботятся Ольга Буравская и Александра Христук
gazeta 30-08-2025, 11:09 242 На Міёршчыне / Навіны
Ад пасяўной да ўборачнай працуюць без выхадных не толькі ў полі. Штодня ў прамым сэнсе слова кіпіць работа на кухні, дзе гатуюць абеды для сельскіх працаўнікоў. Пра сытнае і смачнае харчаванне работнікаў ААТ «Любінова» клапоцяцца загадчык сталовай сельгаспрадпрыемства Вольга Бураўская і повар Аляксандра Хрыстук.
Боршч з бульбай, гуляш і бульбяное пюрэ, салата са свежай капусты з алеем, чай. На падвячорак – 250 грам каўбасы і 110 грам хлеба. Такім было меню для аграрыяў у дзень візіту карэспандэнтаў. На гадзінніку 11.00. Амаль усё гатова. Згодна з інфармацыяй, якую штораніцы паведамляе дыспетчар, будуць харчавацца 28 чалавек. Хтосьці ў сталовай, астатнім абед даставяць у поле.
– Кіраўнік гаспадаркі нярэдка ў сталовай харчуецца, з бухгалтэрыі супрацоўніца прыходзіць, яна не мясцовая, зручна тут паабедаць. Кормім старшакласнікаў, якія летам на сушылцы заняты, – расказвае загадчык сталовай. – Колькасць порцый штодня розная. 28 пакуль максімум, сама менш было 18. Меню самі прадумваем. У канцы рабочага дня плануем, што будзем гатаваць заўтра.
Сталовая ў ААТ «Любінова» працуе падчас сезону сельскагаспадарчых работ: з красавіка да сярэдзіны лістапада. Вольга Бураўская загадвае ёй другі год. Педагог дашкольнай адукацыі па дыпломе новыя для сябе абавязкі асвойвала адразу на працоўным месцы. Упэўненасці за плітой надае захапленне дамашняй кулінарыяй. Разабрацца з дакументамі першым часам дапамагала маці.
– Раней яна працавала бухгалтарам у гаспадарцы і вяла дакументацыю па сталовай. Адной мне з гэтым справіцца складана было б, – заўважае Вольга. – Цяпер ужо ўсё зразумела і не страшна. Складаю заяўкі на прадукты, у канцы кожнага месяца здаю справаздачы. За прадуктамі еду сама раз у паўтара тыдня. Мясную прадукцыю і каўбасы атрымліваем на мясакамбінаце, усё астатняе – крупы, макароны, агародніну – у магазіне «Пачастунак» у райцэнтры.
Другі год у сталовай ААТ «Любінова» працуе Аляксандра Хрыстук. Гэта першае рабочае месца выпускніцы Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа, дзе акрамя повара атрымала яшчэ прафесію сацыяльнага работніка.
– Родам з Пастаўскага раёна. Сюды трапіла па размеркаванні. Адпрацоўка ўжо скончылася, але я засталася на гэты сезон. Жыву ў Міёрах, на працу на маршрутцы дабіраюся, у 7.00 ужо тут, – расказвае пра сябе малады спецыяліст. – Напачатку перажывала наконт стасункаў з людзьмі, бо сама не вельмі кантактны чалавек. Лёгка знайшлі агульную мову з Вольгай, механізатары з усмешкай сустракаюць, калі на поле прыязджаю, дзякуюць за смачны абед. Гэта прыемна.
Са слоў гаспадынек, да меню хлебаробы непатрабавальныя. Просяць толькі радзей пярлоўку варыць, часцей капусту з мясам тушыць. Любяць пюрэ з катлетай ці гуляшом. У спякотныя дні заказвалі халаднік.
Адсутнасць выхадных работнікаў сталовай не засмучае. Рабочы дзень завяршаецца пасля 14.30, і часу на асабістыя справы дастаткова. Саша пасля работы любіць прагуляцца па горадзе, паскладаць алмазную мазаіку, трэба і ля пліты пастаяць. Працягвае кулінарыць дома Вольга, радуе дваіх дзетак выпечкай. У дамашнім меню – запяканкі, стравы з рыбы ці курыцы.
– Работніку сталовай таксама ўласціва выгаранне. Таму стараюся, каб меню на працы і дома адрознівалася, – адзначае Вольга. – Што да рабочага працэсу, робім усё ўдваіх: гатуем, посуд мыем, парадак наводзім. Ведаем сваю справу, і яна спорыцца.
Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.