Председатель Витебской областной организации профсоюза работников АПК Татьяна Диканова посетила в столовую СУП «Черессы»

 Карміць смачна, як дома. Такую задачу паставілі перад супрацоўніцамі сталовай СУП «Чэрасы» Юліяй Скавародка і Юліяй Супранёнак. З заданнем спраўляюцца. Гэта пацвярджаюць механізатары, якія харчуюцца ў полі гарачымі абедамі. Нядаўна іх прадэгуставалі госці з абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

Суп з капусты, бульбяное пюрэ са смажанымі каўбаскамі, салата з капусты, крабавых палачак і кукурузы, кампот. Вось адзін з прыкладаў меню для занятых у полі механізатараў.

– Складаем меню самі. Улічваем просьбы тых, для каго гатуем, – заўважае повар. – Нядаўна галубцамі кармілі. Яшчэ дранікі прасілі, і гэтай стравай парадуем.

На кухні сельгаспрадпрыемства повар Юлія Скавародка і яе памочнік Юлія Супранёнак з 9 красавіка. Для абедзвюх гэта першы кулінарны сезон.

– Сюды на працу выйшла пасля водпуску па доглядзе дзіцяці, – гаворыць Юлія Скавародка. – Па дыпломе я швачка, на справе розныя прафесіі асвоіла. Спачатку на чэраскім комплексна-прыёмным пункце КБА працавала, затым санітаркай у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі раённай бальніцы, пасля прадаўцом у магазіне ў Чэрасах, затым восем гадоў на мясакамбінаце, куды часам пешшу даводзілася хадзіць. Цяпер ад дома да месца працы зусім блізка.

– У мяне прафесія повара-афіцыянта. Апошнім часам была занята ў Віцебску ў СушыДоме, – расказвае Юлія Супранёнак. – Цяпер жыву і працую на малой радзіме. У цэлым уражанні станоўчыя. Думала, будзе нашмат складаней.

 Да клопатаў на кухні гаспадынькі прыступаюць у 7.30. Рыхтуюць посуд і неабходныя для страў прадукты. Калі ў меню пюрэ, трэба начысціць вядро бульбы, плюс яшчэ паўвядра для супа. Са слоў повара, з гэтым спраўляюцца за паўгадзіны. Спрашчаюць клопаты электрамясарубка і міксер. Пасля дзевяці раніцы работа на кухні кіпіць-бурліць у прамым сэнсе, а бліжэй да 11.00 гарачыя стравы і напой ужо разліты па бачках і гатовы да вандроўкі па палях гаспадаркі.

– Колькасць абедаў штодня розная. Сёння дзесяць, гэта няшмат. Аднойчы 27 гатавалі, – заўважае памочнік повара.

– У прынцыпе розніцы – гатаваць на дзесяць чалавек ці на дваццаць – няма. Толькі што колькасць прадуктаў розная. Галоўнае, каб смачна было, – падкрэслівае повар. – Нам сказана карміць смачна, як дома. Так і кормім. Каўбаскі смажаныя спадабаліся механізатарам, курыцу запечаную ацанілі. Ды і ў цэлым не скардзіліся.

Пакуль Юлія Супранёнак развозіць абеды, Юлія Скавародка наводзіць парадак на кухні, прадумвае меню на наступны дзень. Пасля трох гадзін усе справы завершаны, час збірацца дадому. 

У ТЭМУ
Напрыканцы красавіка на кухню да чэраскіх гаспадынек завітала старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. Па яе меркаванні, у перыяд сельскагаспадарчых палявых работ важна падтрымліваць як тых, хто працуе на зямлі, так і тых, хто іх корміць. Уручыла работнікам сталовай падарункі, пажадала поспехаў у працы.
Далей госці з вобласці скіраваліся ў поле пацікавіцца ў механізатараў, ці смачна гатуюць повары. За вёскай Новыя Крукі шчыравалі Павел Драгун з дыскатарам, Генадзь Баніфатаў на загрузчыку і Сяргей Міхайлаў з сеялкай. Ішла сяўба зернебабовых на полі ў 90 гектараў. Працаўнікі пацвердзілі, што абеды сытныя і смачныя, улічаны іх просьбы. Прадэгуставалі і ацанілі смак і пажыўнасць страў прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі.
Галоўны тэхнічны інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Яўген Зуй правёў з механізатарамі гутарку на тэму выканання правіл бяспекі падчас палявых работ.

 Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казмімра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий