По знакомым маршрутам Миорщины на новых автобусах
gazeta 15-08-2025, 14:21 2 336 Навіны
Аўтапарк аддзела па адукацыі папоўніў новы транспарт. Сертыфікаты на школьныя аўтобусы дырэктарам школ і ЦКРНіР уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Ярахновіч.
Новыя аўтобусы атрымалі СШ № 2 імя М. Ізварына, Новапагосцкая, Чапукоўская, Узмёнская школы і раённы цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.
– У карэкцыйны цэнтр набылі мікрааўтобус, прыстасаваны для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Па школах размеркавалі аўтобусы па меры неабходнасці. Новы транспарт для падвозу дзяцей набыты за сродкі бюджэту, – заўважае начальнік аддзела па адукацыі Уладзіслаў Кашкур.
Тэхніка айчыннага вытворцы – МАЗ. Адразу з завода забіраў аўтобус вадзіцель з Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча Эдуард Юршэвіч.
– На такім жа працую амаль восем гадоў, таму добра знаёмы з гэтай тэхнікай, – заўважае кіроўца. – У школе два аўтобусы. Мае маршруты – Волкаўшчына – Новы Пагост, а таксама вёска Пераброддзе і яе ваколіцы. Увогуле за рулём трыццаць гадоў, раней працаваў на аўтобусе ў сельгаспрадпрыемстве. Справу сваю ведаю, між тым вазіць дзяцей – вялікая адказнасць.
Дзеці – дысцыплінаваныя пасажыры, да таго ж настаўнікі іх суправаджаюць, адзначае вадзіцель з Узмёнскай БШ Юрый Кашкур. Дванаццаць гадоў ён возіць да ведаў вучняў са Слабады, Даўгінава і Лявонпаля, штодня праязджаючы каля ста кіламетраў. Заўважае, новы аўтобус на 32 пасадачныя месцы большы па памерах у параўнанні з папярэднім МАЗам. Таму крыху перажывае, як будзе зімой падымацца на горкі па слізкай дарозе.
Вадзіцелю СШ № 2 Пятру Кліпацкаму даводзілася кіраваць рознымі аўтобусамі. Агульны вадзіцельскі стаж налічвае 56 гадоў. З іх 38 працаваў у аўтапарку, дванаццаць – за рулём аўтобуса дзіцячага санаторыя «Расінка», чыя даўжыня складала 13,5 метра. Цяпер возіць у школу дзяцей з Камянполля, Загор’я і Дворышча.
З пачаткам навучальнага года новыя аўтобусы скіруюцца па добра знаёмых для кіроўцаў маршрутах. Добрага шляху да ведаў.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.