Праезд — бясплатны

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №202 ад 16 лютага 2011 года “Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў”загадам ААТ “Віцебскаблаўтатранс” кіраўнікі ўсіх філіялаў аўтатранспартных прадпрыемстваў вобласці, у тым ліку і АТП-15 г. Міёры, абавязаны з 1 верасня да 30 чэрвеня штогод бясплатна дастаўляць дзяцей ад месца жыхарства (прабывання) да школ і назад на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін. Гэта льгота прадугледжана і для навучэнцаў устаноў, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі.

Пастанова Савета Міністраў №202 уступіла ў дзеянне 23 лютага. У нашым раёне таксама забяспечаны бясплатны праезд на гарадскім аўтобусе да навучальных устаноў.

Трэба адзначыць, што многія школьнікі з сельскай мясцовасці пры даездзе ў навучальныя ўстановы карыстаюцца прыгарадным грамадскім транспартам. Яны атрымліваюць бясплатныя праязныя білеты—сёлета ў лютым іх мела 220 дзяцей. Раённы аддзел адукацыі пералічвае АТП-15 грошы за прадастаўляемыя навучэнцам транспартныя паслугі. На рахунак прадпрыемства накіроўваецца штомесячна каля 6-6,5 мільёна рублёў. Шмат праязных білетаў выдадзена вучням СШ №3 г. Міёры—больш 45. У гэту навучальную ўстанову едуць дзеці з Чэрасаў, Крукоў і з іншых вёсак Полацкага напрамку. А ў Даўгінаўскую, Новапагосцкую і Туркоўскую школу прыгараднымі аўтобусамі дабіраюцца па 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, у Павяцкую—24, і ўсе яны таксама маюць праязныя.

Падвозяць дзяцей і аўтобусы, выдзеленыя шэрагу навучальных устаноў. Транспартам забяспечаны Язненская СШ, Новапагосцкая, Чапукоўская, Завуццеўская, Перабродская і Сіцькоўская СШ-сад. Яшчэ адзін мікрааўтобус дастаўляе групы навучэнцаў у школы райцэнтра, у тым ліку дзяцей-інвалідаў. І асобныя сельгаспрадпрыемствы дапамагаюць вясковым дзецям з даездам у навучальныя ўстановы.

Цяпер і гарадскія вучні, хаця ў гэтых юных пасажыраў маршрут да ўстаноў адукацыі вельмі кароткі, атрымалі магчымасць бясплатна даехаць на заняткі. Толькі вось ці ведаюць дзеці маршрут руху аўтобуса, месцы яго прыпынку, час прыбыцця, бо адпаведныя знакі не ўстаноўлены, інфармацыйныя шыльды не вывешаны.

Спецыялісты АТП №15 г. Міёры паведамілі. што для бясплатнага праезду неабходна мець даведку ўстаноўленага ўзору (без фатаграфіі), у якой указаны прозвішча, імя, імя па бацьку і месца пражывання атрымальніка, назва і адрас установы, дзе ён вучыцца. На дакуменце павінны стаяць пячатка і штамп з указаннем даты яго выдачы, подпіс кіраўніка.

Расходы па прадастаўленню такой транспартнай паслугі ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў аўтатранспартных прадпрыемстваў.
Толькі вось, на жаль, з 15 сакавіка рух гарадскога аўтобуса ў Міёрах прыпыніўся—затраты вялікія, а пасажыраў мала.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.