Два атрады на сяўбе з ААТ «Пад’ельцы»
gazeta 11-09-2023, 16:26 293 Сельская гаспадарка
Да сяўбы азімых зерневых у ААТ «Пад’ельцы» прыступілі яшчэ ў канцы жніўня. Спяшаюцца загарнуць насенне ў глебу ў аптымальныя тэрміны – да 20 верасня. Улічваючы, што ўпершыню ўзяліся за вырошчванне адразу чатырох культур без уліку рапсу, работы наперадзе нямала. Пра клопаты расказвае галоўны аграном Міхаіл ПАНКРАТ.
– Зерневы клін азімых складае 1 060 гектараў, у тым ліку 415 га пшаніцы, 320 – жыта, 200 – трыцікале, 35 – ячменю і 90 га – на зялёны корм. Справіліся з рапсам, сёння сеем пшаніцу, заўтра пяройдзем на ячмень, – дзеліцца планамі Міхаіл Пятровіч. – Улічваючы, што сёлета пшаніца дала найбольшую ўраджайнасць – 27 ц/га, на яе і зрабілі акцэнт пад азімую сяўбу. Завезлі насенне эліты «Элегія», у наяўнасці і першая рэпрадукцыя. Ніжэй за яе не сеем. Купілі таксама жыта элітнага гатунку «Галубка», які добра зарэкамендаваў сябе ў нашых умовах, і ячменю «Дыпла», дамовіліся наконт трыцікале «Імпульс», эліта якога сёлета дала па 35 цэнтнераў на круг.
Надвор’е спрыяе аграрыям: вільгаці дастаткова для таго, каб зярняткі ўзышлі.
Між тым працэс сяўбы карпатлівы, таму ў ім задзейнічаны шэраг работнікаў гаспадаркі. У многім ураджай – 2024 залежыць ад Уладзіміра Канаплёва, які пратраўлівае зярняткі. Уносіць гліфасаты Аляксандр Гаўрыльчык, следам раскідвае мінеральныя ўгнаенні Казімір Адамовіч. З дыскатарам прайшоўся Віталь Юхно, з бараной – Андрэй Вашкель. Грузіць насенны матэрыял Віктар Дзямід, а падвозіць на поле Віталь Паперадзень. Араў глебу разам з Ула-дзімірам Гаўрыльчыкам, а цяпер сее азімыя Юрый Развадоўскі.
Чаму сёлета вырашылі вырошчваць адразу чатыры культуры? Адны з іх прывабліваюць нізкім коштам насення, другія растуць на любых глебах, трэція ўвайшлі ў практыку, каб захоўваць севазварот. Самыя пераборлівыя, па назіранні спецыяліста, пшаніца і яравы ячмень. Менш капрызныя жыта і трыцікале. Аднак кожны раз даводзіцца ўлічваць усе фактары: глебы, папярэднікі, угнаенні, умовы надвор’я. Важна захоўваць культурную чысціню, таму для кожнага віду ў гаспадарцы свой склад.
Кіраўнік раслінаводчай галіны заўважае, што падчас вучобы ў тэхнікуме падрабязна не вывучаў тэхналогію вырошчвання азімага ячменю. Сёлета сеюць яго ўпершыню, таму даводзіцца асвойваць яе на практыцы, як было і з рапсам, што ўжо 25 гадоў займае палі гаспадаркі. Вопытам падзялілася СУП «Чэрасы», знаходзіў інфармацыю і ў інтэрнэце.
З вырошчваннем ураджаю зерневых на землях цяперашняга ААТ «Пад’ельцы» эксперыментавалі здаўна. З 1965 года ўвялі ў практыку збор і аналіз дадзеных. Займалася гэтым галоўны аграном Надзея Данілаўна Цвіценка, якая падказала Міхаілу Панкрату – тады маладому спецыялісту, што добрыя ўраджаі атрымлівалі, калі сеялі шмат зернебабовых і канюшыны, дзякуючы якой глеба ўзбагачаецца азотам. Гэтае правіла выконваюць і сёння, таму ў ААТ «Пад’ельцы» значныя плошчы займае канюшына.
Сяўба азімых зерневых у самым разгары. Каб паскорыць тэмпы палявых работ, плануецца задзейнічаць на падмогу другі механізаваны атрад.
Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.