Дзяржкантроль: У рады грамадскіх інспектараў
gazeta 11-11-2023, 09:02 1 955 Афіцыйна
У рады грамадскіх інспектараў
Сістэма грамадскіх інспектараў Камітэта дзяржкантролю дзейнічае ў Беларусі з 15 снежня 2021 года.
Грамадскія інспектары аказваюць садзейнічанне органам Камітэта дзяржкантролю (КДК) у правядзенні аналітычных і кантрольных мерапрыемстваў, рэалізацыі іншых задач і функцый. У прыватнасці, абавязаны неадкладна інфармаваць работнікаў органаў КДК пра вядомыя ім факты правапарушэнняў або злачынстваў, якія рыхтуюцца ці ўчынены.
У штат грамадскіх інспектараў КДК вобласці залічаны 11 нераўнадушных грамадзян, якія актыўна ўдзельнічаюць у маніторынгах, «гарачых лініях», рабочых сустрэчах па абмеркаванні праблемных пытанняў, аналізуюць прынятыя меры па рашэнні зваротаў грамадзян і так далей.
Грамадскія інспектары выконваюць свае функцыі на грамадскіх пачатках у вольны час.
Для тых, хто аказвае актыўнае садзейнічанне органам КДК прадугледжаны ўзнагароджванне і грашовае заахвочванне.
Грамадскімі інспектарамі не могуць быць грамадзяне з судзімасцю, недзеяздольныя, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года. Прымаюць у рады памочнікаў КДК асоб з 25 гадоў з вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, здольных па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях выконваць пастаўленыя задачы.
Пра свой намер стаць грамадскім інспектарам паведамляйце на электронную пошту kgkvitebsk@mail.belpak.by. У інфармацыі абавязкова ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, пасаду і месца працы, кантактны тэлефон.
Значная эканомія
Значныя сумы ўласных сродкаў дзяржарганізацый удаецца сэканоміць дзякуючы ўмяшальніцтву Камітэта дзяржкантролю.
У Докшыцкім раёне арганізацыя ЖКГ аб’явіла працэдуру закупкі гранул паліўных за кошт уласных сродкаў у колькасці 320 тон па арыенціровачным кошце 130 тысяч рублёў пры наяўнасці дагавору пастаўкі лясгасам гранул драўнінных паліўных па цане ў 1,6 раза танней, чым арыенціровачная, заяўленая на працэдуру. Прынятымі па рэкамендацыях Камітэта вобласці мерамі забяспечана эканомія сродкаў прадпрыемства ў суме каля 47 тысяч рублёў.
Арганізацыяй Віцебскага раёна пры аб’яўленні працэдуры закупкі ў дзесяць разоў завышаны арыенціровачны кошт абсталявання для вызначэння арганічнага вугляроду. Аналагічнае абсталяванне па характарыстыках, адпаведным тэхнічнаму заданню на закупку, можна набыць па цане да 40 тысяч рублёў.
Таксама пасля ўмяшальніцтва Камітэта вобласці забяспечана зніжэнне кошту закупляемых аўдытарскіх паслуг шасцю прадпрыемствамі Віцебскага, Аршанскага раёнаў і Віцебска. Напрыклад, адным з прадпрыемстваў Віцебска – больш чым у 2,5 раза з 10 да 3,9 тысячы рублёў, Віцебскага раёна – у 1,6 раза з 16,6 да 10,3 тысячы рублёў.
Ці будзе камфортнай зімоўка?
Прымаюцца меры па забеспячэнні выканання патрабаванняў тэхрэгламентаў па ўтрыманні і кармленні жывёлы, падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду.
Падчас кантрольных мерапрыемстваў у верасні – кастрычніку вывучана становішча спраў у 32 сельгасарганізацыях дзевяці раёнаў: Аршанскага, Дубровенскага, Докшыцкага, Пастаўскага, Талачынскага, Міёрскага, Полацкага, Шумілінскага. Выяўлена больш за 300 парушэнняў.
Да прыкладу, у адной з гаспадарак Шумілінскага раёна на комплексе па адкорме і вырошчванні жывёлы некаторыя памяшканні былі загрувашчаны гноем, з-за недахопу матэрыялу стойлавыя месцы не падсцілалі. Аналагічныя факты ўстаноўлены ў некаторых сельгасарганізацыях Талачынскага і Полацкага раёнаў.
У гаспадарках Дубровенскага, Пастаўскага і Шумілінскага раёнаў у цялят не было вады і старцернага камбікорму. У Полацкім, Талачынскім, Дубровенскім, Аршанскім раёнах не праводзілі своечасовы рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў. Таксама ў асобных сельгасарганізацыях Полацкага раёна ўстаноўлены факты невыканання патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі.
Кантроль за арганізацыяй і правядзеннем зімоўкі жывёлы працягваецца.
Фота для ілюстрацыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.