Как разблокировать карточку и прочее узнавали в Миорским филиале "АСБ Беларусбанк"

Как разблокировать карточку и прочее узнавали в Миорским филиале "АСБ Беларусбанк"Анонс пра чарговую "прамую тэлефонную лінію" з дырэктарам ЦБУ №213 філіяла №214 ААТ "ААБ Беларусбанк" Аленай Мікалаеўнай Юшкевіч не пакінулі без увагі  чытачы. Гэта зразумела, бо паслугі ўстановы імкліва развіваюцца, магчымасцей у кліентаў более, колькі іх і якіх—немагчыма ўсачыць. Каб папоўніць прабелы па фінансавай граматнасці, прапануем адказы на самыя актуальныя пытанні.  
 
—У мяне ў вашым банку адкрыты рахунак. Ці можна аформіць заяву на штомесячнае спісанне з яго грошай у кошт аплаты камунальных паслуг і колькі гэта будзе каштаваць?
—Цяпер фізічным асобам, якія з'яўляюцца ўладальнікамі бягучых ці ўкладных рахункаў, адкрытых у ААТ "ААБ Беларусбанк", прадастаўляецца магчымасць аформіць пастаянна дзеючае плацежнае даручэнне ў рамках сістэмы АІС "Разлік", у тым ліку на аплату за камунальныя паслугі, тэлефонную сувязь, інтэрнэт, а таксама іншыя. Усе плацяжы выконваюцца ва ўказаныя вамі тэрміны. 
Аформіць ці адмяніць пастаянна дзеючае плацежнае даручэнне можна ў любым структурным падраздзяленні Беларусбанка незалежна ад месца адкрыцця ўкладнога рахунку, прычым бясплатна. 

—Нядаўна зарэгістраваў Інтэрнэт-банкінг. Сапраўды, зручная сістэма, часта карыстаюся, таму на карце кодаў засталося ўсяго некалькі нявыкарыстаных. Як можна атрымаць новую і колькі гэта будзе каштаваць?
—Набываць новую карту не трэба, бо сістэма "Інтэрнэт-банкінг" працуе з адной, якая прывязана да ўліковага запісу кліента. Выкарыстаць усе коды на ёй  немагчыма, бо яны перыядычна паўтараюцца. 

—Я на заслужаным адпачынку. Ці можна мне пералічваць пенсію на тэрміновы ўклад?
—Безнаяўнае залічэнне на тэрміновыя ўклады, умовамі якіх прадугледжана ажыццяўленне дадатковых узносаў, магчыма. Аднак прамое пералічэнне пенсіі не рэкамендуецца, бо тэрміновыя ўклады маюць пэўны тэрмін захоўвання. Разам з тым, можна аформіць пастаянна дзеючае плацежнае даручэнне на спісанне паступаючых сум пенсій з уклада "Пенсіённы" на тэрміновы ўклад, выбраны Вамі. 

—Ці можна вярнуць грошы, калі пры аплаце паслугі ў інфакіёску адпраўлены плацеж не ў тую арганізацыю?
—Улічваючы, што банк выканаў даручэнне кліента і пералічыў грашовыя сродкі ва ўказаным ім аб'ёме ўказанаму ім даручальніку, для вяртання фінансаў неабходна звярнуцца з дакументам, які пацвярджае ажыццяўленне аперацыі, і заявай у арганізацыю, куды пералічаны грошы. Яна і выступіць ініцыятарам вяртання сродкаў уладальніку карткі. 

—Якія аблігацыі, ашчадныя сертыфікаты можна набыць фізічнай асобе, на якіх умовах і што з дакументаў для гэтага патрэбна?
—Цяпер ЦБУ №213 філіяла №214 ААТ "ААБ Беларусбанк" прапануе аблігацыі на прад'яўніка для фізічных асоб 202 і 205 выпускі намінальным коштам 1000 долараў ЗША, 203 выпуск—3000 долараў ЗША і 206 выпуск—5000 долараў ЗША, а таксама 209-ы намінальным коштам 1000 еўра і 210-ы—3000 еўра з працэнтнай стаўкай 5% гадавых. Налічваецца даход па аблігацыях з дня, наступнага за днём продажу па дату пачатку яе пагашэння ўключна, а выплачваецца раз у тры месяцы ці пры іх пагашэнні. 

Пачатак пагашэння аблігацый у доларах ЗША 202-203 выпускаў 28 лютага 2018 года, 205-206 выпускаў—31 мая 2018-га і аблігацый у еўра—31 кастрычніка 2018-га.  Аднак аблігацыя можа быць прад'яўлена да датэрміновага пагашэння, але не раней чым праз 18 месяцаў з даты яе рэалізацыі.
 
Адначасова Беларусбанк прапануе ашчадныя сертыфікаты ў беларускіх рублях, тэрмінам абарачэння 1 месяц са стаўкай 19% гадавых, 2 месяцы—са стаўкай 20% гадавых, 95 дзён—26% гадавых і 185 дзён—28% гадавых. Мінімальная сума ашчаднага сертыфіката тэрмінам абарачэння 1 месяц складае 10 млн. рублёў, а 2 месяцы, 95 дзён і 185 дзён—1 млн. рублёў. Налічваюцца працэнты па сертыфікатах з дня паступлення грашовых сродкаў у банк па дзень, які папярэднічае тэрміну вяртання сертыфіката. Выплачваюцца адначасова з аплатай сертыфіката. Там жа яго можна прад'явіць да датэрміновага пагашэння, але сума працэнтаў выплачваецца, зыходзячы з памеру працэнтнай стаўкі, прадугледжанай па ўкладу "да запатрабавання" ў беларускіх рублях, за перыяд фактычнага тэрміну абарачэння сертыфіката. 
Працэнтныя стаўкі па аблігацыях і ашчадных сертыфікатах фіксіраваныя, гэта значыць, на працягу тэрміну абарачэння не мяняюцца. Пагашэнне магчыма ў любым аддзяленні Беларусбанка незалежана ад месца набыцця. Прыбытак па аблігацыях і ашчадных сертыфікатах падаткам не абкладаецца. Аблігацыя банка для фізічных асоб і ашчадныя сертыфікаты з'яўляюцца дакументамі на прад'яўніка. Значыць, аперацыі з гэтымі каштоўнымі паперамі ажыццяўляюцца без прадстаўлення дакумента, які пацвярджае асобу. 

—Узяты льготны крэдыт на будаўніцтва жылля. Аплату зрабіў у інфакіёску і прадставіў квітанцыю ў арганізацыю, дзе працую, для падатковага выліку. Мне сказалі, што яе трэба заверыць пячаткай, што рабіць?
—Парадак прадстаўлення сацыяльных, маёмасных падатковых вылікаў устаноўлены артыкуламі 165-166 Падатковага кодэкса (Асаблівая частка) ад 29.12.2009г. №71-3. Імі прадугледжана, што дакументы, якія пацвярджаюць фактычныя расходы, павінны ўтрымліваць прозвішча, імя, імя па бацьку плацельшчыка, суму і дату аплаты, прызначэнне плацяжу. 

Чэкі, якія фарміруюцца пры ажыццяўленні аперацыі па аплаце навучання ці пагашэнні крэдыту праз сістэму "Інтэрнэт-банкінг", плацежныя тэрміналы, банкаматы, інфакіёскі і інш., утрымліваюць усю неабходную інфармацыю і могуць прадстаўляцца фізічнымі асобамі для сацыяльных і маёмасных падатковых вылікаў. Разам з тым, дадзеныя чэкі не з'яўляюцца копіяй электроннага дакумента і не падпадаюць пад дзеянне арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым надпісе" ад 29.12.2009г. №113-3 і, адпаведна, не патрабуюць зацвяржэння пячаткай.

—Як разблакіраваць доступ у "Інтэрнэт-банкінг"?
—Разблакіраваць уваход у сістэму можна ў Кантакт-цэнтры ААТ "ААБ Беларусбанк" па тэлефоне 147 ці +375 17 218 84 31 у рабочыя дні з 8.30 да 20.00 і выхадныя з 10 да 17 гадзін. Неабходна паведаміць спецыялісту банка імя карыстальніка, кодавае слова, асабісты нумар пашпарта, нумар банкаўскай плацежнай карткі, указаныя Вамі ў анкеце-заяве. 

—Я кліент вашага банка. У мяне заблакіравалася плацежная картка—тры разы няправільна ўведзены ПІН-код і, магчыма, патрэбны ўжо не прыйдзе на памяць. Як разблакіраваць картку?
—Для гэтага неабходна патэлефанаваць у кругласутачную сервісную службу ААТ "Банкаўскі працэсінгавы цэнтр" па нумары (017) 299 25 25. У выпадку згубы ПІН-кода, звярніцеся ва ўстанову банка, дзе адкрыты рахунак і выдадзена плацежная картка, і аформіце заяву аб вырабе дубліката. За яго банкам спаганяецца ўзнагароджанне. З новай карткай будзе новы ПІН-код. 

—Раскажыце патрабязней пра крэдыт "Інтэрнэт-Безнаяўны".
—Прадастаўляецца ён па спажывецкія патрэбы для набыцця тавараў і аплаты паслуг уладальнікам бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў, доступ да якіх можа быць забяспечаны пры выкарыстанні дэбетавай плацежнай карткі ААТ "ААБ Беларусбанк", на якія на працягу апошніх трох месяцаў, папярэдніх месяцу звароту за крэдытам, залічваецца заработная плата і прыроўнены да яе прыбытак, у абавязковым парадку з'яўляюцца карыстальнікамі сістэмы "Інтэрнэт-банкінг" ААТ "ААБ Беларусбанк", пры ўмове заключэння з банкам дагавора аб комплексным абслугоўванні фізічных асоб. Каб яго аформіць, трэба звярнуцца з дакументам, які пацвярджае асобу. 

Крэдыт выдаецца безнаяўным пералічэннем грашовых сродкаў на бягучы (разліковы) рахунак, доступ да якога забяспечаны пры выкарыстанні дэбетавай плацежнай карткі, у памеры кратным 1 млн. беларускіх рублёў, але не больш за 50 млн., у межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка пад няўстойку. Камісіённае ўзнагароджанне за зняцце наяўных ці суправаджэнне крэдыта не бярэцца. 
Такая пазыка прадстаўляецца на тэрмін да 12 месяцаў з уплатай працэнтаў у памеры двухкратнай стаўкі рэфінансавання НБ РБ на дату заключэння крэдытнага дагавора мінус 16 працэнтных пунктаў (поўная стаўка на 29.02.2016г. складала 34% гадавых). Працэнты налічваюцца за фактычны час карыстання пазыкай з моманту залічэння сумы на рахунак. 

Пагашаць крэдыт трэба кожны месяц ва ўстаноўленую дагаворам дату адпаведна пастаянна дзеючага плацежнага даручэння крэдытаатрымальніка шляхам спісання сродкаў з яго бягучага рахунку "Безнаяўны крэдыт". Адкрываецца ён аўтаматычна, як толькі вырашаецца пытанне аб выдачы пазыкі. Пры запаўненні заявы-анкеты кожны самастойна вызначае дату, калі штомесяц аплочваць плацяжы па крэдыце і працэнтаў за карыстання ім. У абавязковым парадку да наступлення дня пагашэння вам неабходна праз сістэму "Інтэрнэт-банкінг" папоўніць бягучы рахунак "Безнаяўны крэдыт", з якога банк самастойна пагасіць плацеж. Калі сродкаў на вызначаную дату недастаткова, плацяжы па крэдытным дагаворы будуць улічаны як пратэрмінаваныя з налічэннем няўстойкі. 

Пагашэнне крэдыту наяўнымі дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі распараджацца грашыма, якія знаходзяцца на бягучым рахунку "Безнаяўны крэдыт", немагчыма, г. зн. накладзены арышт, ёсць прадпісанне аб прыпыненні па ім аперацый ці адсутнічае тэхнічная магчымасць у крэдытадавальніка. Датэрмінова пагасіць усю суму пазыкі можна, а часткова—не дазваляецца. 

Каб атрымаць такі крэдыт і аформіць адпаведны дагавор, неабходна ўвайсці ў сістэму "Інтэрнэт-банкінг" у пункт меню "Інтэрнэт-крэдыты", выбраць сервіс "Заяўка на крэдыт", запоўніць і адправіць яе ў электронным выглядзе. Затым азнаёміцца са статусам заяўкі ў пункце "Адкрыццё крэдыту" і пасля станоўчага рашэння пацвердзіць згоду з яго ўмовамі. Стварэнне дагавора, адкрыццё бягучага рахунку "Безнаяўны крэдыт" і афармленне пастаянна дзеючага плацежнага даручэння да яго, выдача сродкаў ажыццяўляюцца ва аўтаматычным рэжыме адпаведна дадзеных заяўкі. 



0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.