Начальник планово-технического отдела Миорского ЖКХ пояснила ситуацию по ремонту крыш
gazeta Вчера, 14:32 318 Навіны / Пятилетка качества / Год благоустройства 2025
Жыхары і госці райцэнтра сталі звяртаць увагу на тое, што дахі шматкватэрных дамоў рамантуюць паступова – спачатку адзін, затым другі бок. Адны проста цікавяцца новай тэхналогіяй, а іншыя абураюцца: няўжо нельга замяніць пакрыццё адразу, а не расцягваць пра- цэс на некалькі гадоў?! Сітуацыю патлумачыла начальнік планава-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Аляксандра Астраверхава. Адказала і на шэраг іншых пытанняў карэспандэнтаў газеты.
– Замена даху ажыццяўляецца ў рамках бягучага рамонту. Пастановай Міністэрства ЖКГ № 5 вызначана, што ў жыллёвым фондзе пад яго падпадае замена да 50 % даху ўключна, асобных участкаў даху або пакрыццяў даху, уключаючы вузлы прымыкання да вертыкальных паверхняў, за выключэннем ліквідацыі дробных няспраўнасцей, – уводзіць у курс справы начальнік планава-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Міёрскага раёна Аляксандра Астраверхава. – Да апошніх адносяць аб’ём работ на плошчы да 5 м2, гэтыя недахопы выпраўляюць адразу ў рамках тэхнічнага абслугоўвання.
Колькі дахаў замянілі сёлета ў рамках бягучага рамонту.
– Менавіта на замену дахаў было выдзелена 50 тысяч рублёў. Адрамантавалі палову пакрыццяў шматкватэрных дамоў па вуліцы Камуністычнай, 17 і 41. Крыху меншыя аб’ёмы – каля 30 м2 – па Правабярэжнай, 4 у Клётавым Двары.
Яшчэ 150 тысяч атрымалі на бягучы рамонт. Іх таксама часткова выкарысталі на замену дахаў – па вуліцы Камуністычнай, 33. Акрамя таго, адрамантавалі трубы гарачага водазабеспячэння ў Дзісне па Леніна, 87, аднавілі цокаль і адмостку па вуліцы Камуністычнай, 41 і балконы па Камуністычнай, 46 у Міёрах. Замянілі на энергазберагальныя 52 свяцільні, а таксама лічыльнікі ўліку электраэнергіі ў месцах агульнага карыстання.
Якія аб’екты жыллёвага фонду чакаюць капітальныя пераўтварэнні напярэдадні фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2026».
– Наша жыллёва-камунальная гаспадарка не займаецца капітальным рамонтам, бо не мае адпаведных сертыфікатаў. Гэта вотчына Наваполацкай упраўляючай кампаніі, а мы збіраем для іх пакет дакументаў і суправаджаем будаўніцтва. Сёлета такім чынам завяршылі капітальны рамонт дамоў па Камуністычнай, 64 і Багдановіча, 2.
Што да нашых планаў напярэдадні «Дажынак», то шэраг дамоў па вуліцы Камуністычнай чакае рамонт адмостак і цокаля. Прадугледжаны рамонт экранаў балконаў па Дзяржынскага, 24, у шматпавярхоўках па Я. Томкі запланаваны рамонт уваходных груп: ганкаў, прыступак, уваходаў у падвалы. На гэтыя мэты будзе выдзелена 1,5 мільёна рублёў.
Нярэдка жыхары шматкватэрных дамоў наракаюць на стан вокнаў і ўваходных дзвярэй.
– Так, але ёсць адзін нюанс: замя- ніць драўляныя вокны мы можам толькі на драўляныя, і зноў жа – па бягучым рамонце толькі 50 %. Другі варыянт – паставіць шклопакеты за кошт жыхароў дома. Гэтую суму раздзеляць на ўсіх, ёсць магчымасць атрымаць растэрміноўку на паўгода і ўнесці яе ў квартплату. Па просьбе жыхароў мы таксама можам замяніць дзверы.
Летам раённая газета пісала пра ініцыятыву жыхароў дома № 41 па вуліцы Камуністычнай, якія самі адрамантавалі пад’езд. Як дзейнічаць, калі ёсць падобнае жаданне. Ці трэба папярэ- дзіць ЖКГ.
– Не, гэта цалкам адказнасць жыхароў дома, яны ж выбіраюць колеравае рашэнне і матэрыялы. У выпадку, калі гатовы адрамантаваць пад’езд за свой кошт, але не разлічваеце на ўласныя сілы – мы дапаможам. Сума дзеліцца прапарцыянальна займаемай плошчы, гэта значыць, што ўласнік аднапакаёвай кватэры заплаціць менш, чым яго сусед з трохпакаёвай.
На вуліцы Камуністычнай на першых паверхах шматкватэрных дамоў размяшчаецца нямала магазінаў. Якія ўмовы для іх уласнікаў.
– На пастаяннай аснове яны плацяць узносы толькі на капітальны рамонт. Пры бягучым уласніку па заканчэнні работ выстаўляюць рахунак. Тут таксама ёсць нюанс: Пастанова Міністэрства ЖКГ № 83 абавязвае іх плаціць за рамонт будынка, нават калі ён ахоплівае іншы пад’езд. А яшчэ ўсе магазіны вынесены з жылфонда, таму на іх не распаўсюджваецца вызваленне ад уплаты падатку на дабаўленую вартасць. Гэта значыць, сумы ў іх большыя.
За кожнымі будаўнічымі работамі, нават самымі дробнымі, стаіць чалавечая праца.
– Так, таму прашу жыхароў раёна беражліва ставіцца да таго, што маем. У прыватнасці, да каналізацыі. Нельга ўтылізаваць сродкі гігіены, гароднінныя ачысткі. Калі не хочаце іх выносіць – лепш усталяваць здрабняльнік. Не раствараецца і забівае зліў вільготная туалетная папера. Церпіць ад сланечнікавага масла каналізацыя на кухні, бо ўнутры яно пераўтвараецца ў пластылін. Лепш зліваць лішкі ў банку і ўтылізаваць. Для прафілактыкі засору варта карыстацца сродкамі, якія раствараюць валасы і тлушч, аднак прымяняць іх неабходна згодна з інструкцыяй.
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.




