Строить свое счастье в Язно - сознательный выбор Сергея и Александры Черепов
gazeta 25-01-2026, 09:46 1 900 Сямейны лад / Навіны
Строить свое счастье в Язно - сознательный выбор Сергея и Александры Черепов. Их семье идет 18-й год. За это время не возникало мыслей по поводу смены места жительства. Чем манит многодетную семью сельская местность, что наполняет их будни и праздники?
Будаваць сваё шчасце ў Язне – свядомы выбар Сяргея і Аляксандры Чэрапаў. Іх сям’і ідзе 18-ы год. За гэты час не ўзнікала думак наконт змены месца жыхарства. Чым вабіць шматдзетную сям’ю сельская мясцовасць, што напаўняе іх будні і святы?
Справы і адпачынак – разам
– Што рабіць у чатырох сценах? Без справы сядзець нецікава, – заўважае Сяргей наконт гарадскога жыцця.
– У горадзе людзі не ведаюць адно аднаго. А тут усе знаёмыя, – падкрэслівае Аляксандра. – І дзецям раздолле. Ля дома горка – зімой катаюцца, летам увесь час на вуліцы.
Дзяцей у Сяргея і Аляксандры трое. Старэйшы Арсеній вучыцца ў Полацкім аграрна-тэхнічным каледжы. Атрымлівае прафесіі кіроўцы, трактарыста, машыніста пагрузчыка. Пры паступленні заключыў дагавор мэтавай падрыхтоўкі з Язненскай ПМК. Дачушка Яна – трэцякласніца. Малодшаму Лёвачку трэці год.
Шматдзетная сям’я жыве ў доме на дзве кватэры. Суседка – маці Аляксандры Валянціна Дзмітрыеўна. Разам спраўляюцца з хатнімі справамі, садзяць агарод, вырошчваюць кветкі на падворку. Разам даглядаюць хатніх гадаванцаў, сярод якіх па два сабакі і каты, чылійская вавёрка, марская свінка, папугай, у акварыуме жабка і тры чарапахі. Разам адпачываюць і адзначаюць святы.
Ва ўтульным доме рады гасцям. Прыходзяць на чай суседзі. На святы за сталом збіраюцца родныя. Новы год сустракаюць у шырокім сямейным коле. Па два падарункі рыхтуюць для Арсенія і Яны: у брата і сястры адзін на дваіх дзень нараджэння 2 студзеня. Летнімі вечарамі ладзяць пасядзелкі на ўтульнай тэрасе, абуладкаванай рукамі гаспадара.
Дадому з далёкіх даляў
Сяргей і Аляксандра разам з 2005 года. Яны з таго пакалення, чыя гісторыя кахання пачыналася на дыскатэках, а не праз анлайн-стасункі. Пазнаёміліся ў Язненскім СДК, калі Саша была ў дзясятым класе, а Сяргей атрымліваў прафесію ў той жа ўстанове, дзе цяпер вучыцца іх старэйшы сын. Сям’ю вырашылі стварыць праз тры гады адносін.
– Сам я родам з Дзісны. Дарэчы, многія мае школьныя сябры ўзялі шлюб з язненскімі дзяўчатамі, – заўважае Сяргей.
– Мае дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Язне, а нарадзіліся мы з сястрой Лянай на Далёкім Усходзе, – гаворыць Саша.
– У Амурскую вобласць паехала па камсамольскай пуцёўцы. Працавала год на будоўлі, затым – па дыпломе выхавацель – пайшла ў дзіцячы сад. Там стварыла сям’ю, а ў 1992 годзе прыехалі ў Язна, – расказвае сямейную гісторыю Валянціна Дзмітрыеўна. – Мае карані таксама на Язненшчыне. У свой час бацькі на заробкі на Урал у Пермскую вобласць паехалі, там нара- дзілася. Вярнуліся дадому, калі я ў шостым класе вучылася. Можна сказаць, пэўным чынам паўтарыла іх гісторыю.
У адрозненне ад маці Аляксандру і Ляну далёкія далі не вабілі. Абедзве стварылі сем’і і засталіся ў родным месцейку.
Кола інтарэсаў дарослых і дзяцей
Дні шматдзетнай сям’і напоўнены цёплымі стасункамі, вучнёўскімі, працоўнымі і бытавымі клопатамі, заняткамі па душы.
Сяргей працуе машыністам экскаватара на ЛВДС «Дзісна».
– Пачынаў на дзісненскім участку УП ЖКГ, быў заняты ў Язненскай ПМК, – знаёміць з працоўнай біяграфіяй. – Завочна атрымаў спецыяльнасць механіка ў каледжы ў Гарадку. Мне бліжэй за ўсё работа на тэхніцы.
У вольны час гаспадар добраўпарадкоўвае падворак і прылеглую тэрыторыю. Акрамя тэрасы, абуладкаваў прыстань і масток праз возера побач з домам. Адтуль зручна вудзіць. Рыбалка ў ліку захапленняў Сяргея. Стварае вулічны дэкор. Да зімовых святаў змайстраваў аленяў з санямі, што размясціліся на даху.
Аляксандра пасля водпуску па доглядзе за дзіцём вернецца ў Язненскае ПМК, дзе занята інспектарам па кадрах.
– Пачынала тут сакратаром, – заўважае. – Ёсць дыплом майстра лясной гаспадаркі, але па спецыяльнасці не працавала. Завочна адвучылася на юрыста ў каледжы ў Полацку.
Бабуля Валянціна на адпачынку, але працягвае працаваць вартаўніком у мясцовай ПМК.
Агульнае захапленне Сашы і яе маці – кветкаводства. Улетку падворак квітнее ружамі і іншымі краскамі. Сямейнае хобі – ціхае паляванне. У новым сезоне плануюць браць з сабой Лёвачку. Таксама не прапускаюць пару збору ягад.
Дарослыя падтрымліваюць інтарэсы дзяцей. Арсенію даспадобы кулінарыя: і сушы прыгатуе, і пірог, і салаты да святочнага стала. Як і тата, любіць парыбачыць. Яна малюе карціны па нумарах, складае алмазную мазаіку, займаецца спевамі, танцамі і рука- дзеллем у агульнаадукацыйнай, а па выхадных наведвае ня- дзельную школу. Любімая цацка гарэзлівага Лёвачкі – трактар.
***
Сельскае жыццё па душы Сяргею і Аляксандры размераным рытмам, навакольнай цішынёй, адсутнасцю мітусні.
– У горад па пакупкі на машыне можна з’ездзіць, да таго ж у мясцовым магазіне добры асартымент, – адзначаюць яны. – Ёсць работа, на месцы дзіцячы сад і школа, куды арганізаваны падвоз. У дзяцей дастаткова магчымасцей для развіцця. Бальніца дзейнічае. Што да бытавых выгод, у доме цэнтральнае ацяпленне. У двары – прастор. Нам тут хораша.
Кацярына Рынкевіч.
Фотоматэрыял Казіміра Блажэвіча.






