Герою Михаилу Кузьмину посвящается

 Памяць Героя Савецкага Саюза Міхаіла Кузьміна ўшанавалі ў Дзісненскай СШ, якая носіць яго імя.

Тэматыка тэлемоста

Тэлемост з землякамі героя – вучнямі Аленінскай СШ Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі – правялі старшакласнікі. Сакратар пярвічкі БРСМ Паліна Грыгаран пазнаёміла расійскіх сяброў з дзейнасцю моладзевага аб'яднання. Адзінаццацікласніца Марыя Трафімава расказала пра музейную экспазіцыю, прысвечаную баявому шляху Міхаіла Кузьміна і 159-й танкавай брыгады, пра каштоўныя экспанаты, пра тое, як у школе захоўваюць памяць пра героя-танкіста. Вучням Аленінскай школы распавялі пра вызваленне Дзісны, у якім удзельнічаў Міхаіл Кузьмін і за што быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Расійскія школьнікі расказалі пра пошукавую дзейнасць, азнаёмілі з гісторыяй вызвалення Аленінскага раёна.

 Даніна памяці

Па традыцыі, Дзень памяці Міхаіла Кузьміна адзначылі 5 снежня. Прыгадалі яго дзяцінства і юнацтва, гераічны шлях па ваенных дарогах, салдацкі подзвіг. Зачыталі пісьмы да маці і сястры. Далучыўся да ўрачыстасці старшыня Дзісненскага гарвыканкама Дзяніс Леановіч. Адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці і даў наказ моладзі памятаць пра подзвіг народа ў імя мірнага жыцця.

Падчас мітынгу ля памятнага знака героютанкісту пра яго мужнасць і камандзірскі талент расказаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікалай Пацеенак. Да знака ўсклалі гірлянду.

 Радкі з блога

Школа на сувязі з роднымі героя-танкіста. Яго ўнучатая пляменніца Ганна Бутман высока ацэньвае нашу дзейнасць па захаванні памяці сваяка. У сваім блогу напісала:

«Не магу стрымаць слёз удзячнасці!

5.12.1922 у Цвярской вобласці нарадзіўся будучы Герой Савецкага Саюза Міхаіл Аляксандравіч Кузьмін, мой дзед! Хаця я заўжды гавару, што гэтага юнага хлопца мне вельмі цяжка называць дзедам…

Ён быў вызваліцелем многіх рэгіёнаў, але адзін з іх асабліва памятае і шануе яго! Дзісна – самы маленькі горад у Беларусі. Тры гады таму, у гонар стагоддзя Міхаіла Аляксандравіча, яны звязаліся са мной і запрасілі на ўрачыстыя мерапрыемствы…Тады ў Беларусь са мной прыехаў мэр горада Аленіна, дзе нарадзіўся наш герой.

Сёння, у дзень нараджэння Міхаіла Кузьміна, мне расказалі, што паміж школамі беларускага горада Дзісна і пасёлкам з Цвярской вобласці Аленіна прайшоў тэлемост! Старшакласнікі паказвалі музей, распавядалі пра сваю дзейнасць і проста гутарылі!.. Вечная слава героям! Мы памятаем, мы ганарымся!»

Алена КРАСОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна.

0 комментариев

Добавить комментарий