Все Миоры на лыжне
gazeta 26-01-2026, 11:51 1 524 Навіны
Столбик термометра в минувшую субботу показывал минус восемнадцать. Однако это не остановило любителей здорового образа жизни, собравшихся на городском стадионе в Миорах на районный зимний спортивный праздник «Миорская лыжня - 2026», приуроченный к пятилетке качества и Году белорусской женщины. Участвовали представители около 50 трудовых коллективов предприятий и организаций. Самую многочисленную команду предоставила СШ № 3 имени Героя Советского Союза Я. Томко. Соревновались в лыжных гонках, дартсе и гиревом спорте. Сошлись на лыжне и школьники.
Слупок тэрмометра ў мінулую суботу паказваў мінус васямнаццаць. Аднак гэта не спыніла аматараў здаровага ладу жыцця, якія сабраліся на гарадскім стадыёне ў Міёрах на раённае зімовае спартыўнае свята «Міёрская лыжня - 2026», прымеркаванае да пяцігодкі якасці і Года беларускай жанчыны. Удзельнічалі прадстаўнікі каля 50 працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый. Самую шматлікую каманду прадаставіла СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Спаборнічалі ў лыжных гонках, дартсе і гіравым спорце. Сышліся на лыжні і школьнікі.
На гарадскім стадыёне шматлюдна. Пакуль ідзе рэгістрацыя, размаўляем з удзельнікамі і балельшчыкамі. Многія прыйшлі з сем’ямі, сябрамі, калегамі. Марозік кусае шчокі, настрой ва ўсіх бадзёры.
Рыхтуюцца выйсці на лыжню начальнік участка паштовай сувязі «Міёры» Юлія Найдзёнак і начальнік аддзялення Наталля Беразоўская. Працуюць на маршрутах паштальёны, дастаўляючы газеты і карэспандэнцыю адрасатам, а яны адстойваюць гонар участка. Весела жартуюць удзельнікі і групы падтрымкі мясакамбіната, Міёрскага ПМС, металапракатнага завода, УП ЖКГ. У складзе кожнай каманды кіраўнік арганізацыі ці яго намеснік па ідэалагічнай рабоце, прафсаюзны лідар. Многія з суразмоўнікаў прызнаюцца, што не каталіся на лыжах са школьнай пары, і свята – магчымасць аднавіць навыкі. Для іншых бег па снезе – неад’емная частка зімовай пары. Перамінаюцца з нагі на нагу і запэўніваюць: выйдзем на лыжню – сагрэемся.
– Мой дэвіз у рабоце: найлепшы прыклад – асабісты прыклад, – заўважае дырэктар Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча Вольга Усціновіч. – Сёлета з 1 студзеня ўстала на лыжы і па меры магчымасці, калі дазваляюць умовы надвор’я, катаюся.
Вольга Войцехаўна выйдзе на лыжню разам з калегамі. Спойлер – усе трое будуць у пераможцах, возьмуць серабро і дзве бронзы. У ліку ўдзельнікаў і пяцёра вучняў. Побач у групе падтрымкі ўсіх настаўнікаў і школьнікаў галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Таццяна Янушонак разам з мужам і дачкой.
Удзельнікаў і гасцей свята вітае старшыня райвыканкама Аляксандр Ярахновіч і дзеліцца рэцэптам поспеху ў любой справе:
– Трэба быць актыўным паўсюль – і ў рабоце, і ў асабістым жыцці. І ўсё атрымаецца.
Волі да перамогі, хуткай лыжні, лёгкага ходу і сумленных вынікаў жадае ўдзельнікам і асабіста праходзіць кожную з лакацый. Свята пачынаецца.


Адзін за адным выходзяць на масавыя старты па лыжных гонках школьнікі, моладзь, мужчыны і жанчыны ў розных узроставых катэгорыях. Паралельна ідзе барацьба ў дартсе і гіравым спорце. За фінішам стартуе ўзнагароджванне.
Сярод вучняў больш за ўсё лідараў-лыжнікаў з Узмёнскай БШ. У тройцы пераможцаў Мікіта Лазур, Дзяніс Дзямід, Ганна Матэленак, Віталь Нікіфараў, Аляксандр Няверка, Кіра Лук’янчык, Марыя Пузака, Лізавета Савейка, Багдан Махонька і Максім Нікіфараў з Узмён, Дзмітрый Пятровіч, Надзея Адамовіч і Ульяна Янушонак з Павяцця, Алеся Аніська і Мікалай Хаданёнак з Чапукоў. Першае месца ў Паліны Дзям’янавай з СШ № 3 імя Я. Томкі, першае і другое адпаведна ў Анастасіі Жыдаль і Дзмітрыя Яленскага з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна.
Дарэчы, Паліну Дзям’янаву і яе аднакласніц прыйшоў падтрымаць 6 «В» разам з класным кіраўніком Таццянай Сушко. Пасля спаборніцтва скіраваліся на забаўляльную праграму, якую падрыхтавалі работнікі культуры, і на спартландыю «Зімовыя забавы» ад супрацоўнікаў ФСК «Міёры». Падтрымлівалі бадзёры настрой вакалісткі Паліна Іванова і Ганна Мацукова. У групе падтрымкі Ганны Матэленак вучні Узмёнскай БШ, дырэктар і маці-настаўніца.
Як і ў любым спорце, пакуль адны радаваліся перамозе, іншыя паспыталі расчараванне. Перажывала за сваю выхаванку настаўнік фізкультуры Дзісненскай СШ Святлана Гіржда. Адчапілася мацаванне ў Дар’і Бушыла, якая нядаўна вярнулася з абласных спаборніцтваў, што не дазволіла прадоўжыць гонку.
– Гэта ўсё мая каманда, – абводзіць поглядам тых, хто сабраўся на гарадскім стадыёне, старшыня Павяцкага сельвыканкама Пётр Немянёнак.
Сам удзельнічаў у гонцы кіраўнікоў, яго ўнук Аляксей прадстаўляў СШ № 2, падтрымлівала блізкіх з трыбун жонка і бабуля.
Узгадаў маладыя гады старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Драба, які працаваў настаўнікам фізкультуры ў Павяцці. На лыжы стаў не дзеля спаборніцтва, а каб адчуць дух яднання. Святам добрага настрою назваў «Міёрскую лыжню-2026» намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук і адзначыў, што ў нашым райцэнтры вялікая колькасць прыхільнікаў гэтага віду спорту. Добры прыклад падаюць Прэзідэнт і кіраўнікі рэгіёнаў, а ў нашым выпадку – арганізацый і прадпрыемстваў.


Валерый Анатольевіч і Аляксандр Іванавіч далучыліся да гонкі кіраўнікоў. Тройка прызёраў у гэтай катэгорыі склалася наступным чынам: сярод жанчын – Ніна Лагун з дзіцячага сада № 1, Вольга Усціновіч з Новапагосцкай СШ, Наталля Лаўрыновіч з Міёрскага сельвыканкама; у мужчын – Святаслаў Паніч з Завуццеўскага сельвыканкама, Ігар Пагуляеў з хлебазавода і Аляксандр Жук, райвыканкам.
Пасля забегу Святаслаў Паніч падзяліўся, што любоў да лыжных гонак яму прывіў бацька – заслужаны настаўнік фізкультуры. Сын – выпускнік акадэміі фізічнага выхавання і спорту, катаецца з 1986 года і адзін, і ў добрай кампаніі.
Пагрэцца можна было ля кастра, гарачы чай з кашай прапаноўвалі работнікі СШ № 2 імя М. Ізварына. Выязны гандаль арганізаваў Верхнядзвінскі філіял аблспажыўтаварыства.
У лідарах па лыжных гонках у розных узроставых катэгорыях, пачынаючы з моладзі: Ігар Хадасевіч з райвыканкама, Юрый Шэлемба з райаграсэрвіса, Антон Рудзь з СШ № 2 імя М. Ізварына і Яна Бяспальчык з райвыканкама, Рэната Раманава і Таццяна Коласава з ЦРБ; Максім Платонаў з СУП «Чэрасы», Антоній Блажэвіч з ДШМ, Юрый Рачыцкі і Марыя Карсюкевіч з СШ № 3 імя Я. Томкі, Анастасія Рагоўская і Марына Гелеш з ЖКГ; Ігар Пагуляеў з хлебазавода, Дзмітрый Мароз з ЖКГ, Павел Харлан з Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча і Валянціна Юршэвіч з ЦРБ, Наталля Беразоўская з паштовага ўчастка, Вікторыя Апанасевіч з ПМС; Віктар Рубанік і Часлаў Мароз з цэнтра падрыхтоўкі, Сяргей Сцепулёнак з Узмёнскай БШ і Святлана Гіржда з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, Святлана Войтава з ЦРБ і Таццяна Суботка з Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча.
Пераможцы атрымалі кубкі і медалі, а ўсе без выключэння – добры настрой і зарад бадзёрасці. Падзякавала ўдзельнікам свята загадчык сектара спорту райвыканкама Ларыса Малецкая:
– Такія мерапрыемствы згуртоўваюць калектывы, паказваюць, хто на што здольны па-за работай. Тут людзі адкрываюцца па-іншаму, становяцца больш блізкімі і роднымі. Мяркую, у наступным годзе не будзе праблем сабраць удзельнікаў. Чакаем усіх на нашых спартыўных пляцоўках. Сезон-2026 года адкрыты!



Алена ВАРОНІНА.
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.





