На "Миорской лыжне"
gazeta 18-02-2012, 13:43 1 689 Навіны
Зімовае свята “Міёрская лыжня”, нягледзячы на калючы мароз, бо раніцай слупок тэрмометра паказваў за 20 градусаў ніжэй нуля, сабрала 148 удзельнікаў, а гэта 10 каманд сельгаскааператываў і 13 арганізацый і прадпрыемстваў. У праграме прадугледжваліся лыжныя гонкі, перацягванне каната, армрэстлінг, а дзяцей чакалі забавы. Свята становіцца папулярным, пра гэта сведчыць той факт, што ў гэтым годзе выявілі жаданне спаборнічаць у гонках і суседзі з Браслава — Алег Пупін з сынам.
Удзельнікаў лыжні вітала намеснік старшыні райвыканкама Марыя Мікалаеўна Баніфатава, яна шчыра пажадала поспехаў у спаборніцтвах. Адбылося знаёмства з судзейскай калегіяй, і пачалі старты на лыжні. Напачатку стартавалі па ўзроставых катэгорыях асобна хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны. Вось пераможцы: 15-17 гадоў — Алена Сташулёнак і Уладзіслаў Масла (філіял камбікормавага завода “Павяцце”); 18-29 — Людміла Дзедушкевіч і Вадзім Мілашэвіч (філіял камбікормавага завода “Павяцце”); 30-39 — Алена Цвячкоўская (філіял камбікормавага завода “Павяцце”) і з Браслава Алег Пупін; 40-49 — Вольга Масальская і Сяргей Сцепулёнак (аддзел адукацыі); 50 гадоў і старэйшыя — Эльвіра Віктарава (філіял камбікормавага завода “Павяцце”) і Генадзь Хахель (аддзел адукацыі). Пераможцы і прызёры кожнай узроставай падгрупы ўзнагароджаны медалямі.
У праграме круглагадавой спартакіяды асобна падлічваліся вынікі. Сярод сельгаскааператываў лідзіруе каманда лыжнікаў філіяла камбікормавага завода “Павяцце”. За імі ідзе ААТ “Пад’ельцы” і на трэцім месцы ААТ “Любінова”. У асабістым заліку наступныя прызёры: сярод жанчын — 1. Таццяна Кавалёнак (ААТ “Любінова”), 2. Ірына Масіёнак (ААТ “Узмёнскі край”), 3. Людміла Астукевіч (філіял камбікормавага завода “Павяцце”); сярод мужчын — 1. Руслан Антанёнак (ААТ “Наўгароды”), 2. Вадзім Мілашэвіч (філіял камбікормавага завода “Павяцце”), Сяргей Мацкевіч (ААТ “Пад’ельцы”).
Першае месца ў гонках сярод арганізацый і прадпрыемстваў занялі лыжнікі аддзела адукацыі, затым каманды ПМК-55 і УП ЖКГ. У асабістым заліку сярод жанчын: 1. Алена Цвячкоўская (аддзел адукацыі), 2. Алена Пятроўская (ПМК-55), 3. Святлана Гайлевіч (райпа); сярод мужчын: 1. Сяргей Сцепулёнак (аддзел адукацыі), 2. Іван Пахірка (аддзел адукацыі), 3. Іван Навіцкі (РАНС).
Адначасова праводзіліся ля ФСК “Атлант” перацягванне каната і армрэстлінг. У першым відзе аказалася мацнейшай каманда ААТ “Любінова”, на другім месцы УП ЖКГ, а на трэцім — Міёрскае ПМС. У сілавым выпрабаванні па армрэстлінгу пераможцам стаў Сяргей Арол (Міёрскае ПМС), на другой пазіцыі Славамір Кавалеўскі (ААТ “Любінова”), а на трэцяй — Сяргей Гільніч (ВУПКУ “Міёрскі”).
Ад аўтаклуба Ігар Сардыка і Аляксей Гайдзель прапанавалі для дзяцей гульнёва-забаўляльную праграму, а салодкія ўзнагароды ўручала намеснік дырэктара ДЮСШ Валянціна Якаўлеўна Шарковіч.
Марозны, сонечны дзень дадаваў удзельнікам свята аптымістычнага настрою. Непадалёку ад стадыёна размясціліся палаткі райпа, дзе можна было пачаставацца шашлычком, цёплай кашай і гарачай гарбатай. Крыху воддаль гарэла невялікае вогнішча, і ля яго кожны мог пагрэцца. Нельга пакінуць без увагі тое, што прыходзілі на “Міёрскую лыжню” цэлымі сем’ямі: удзельнічае муж — падтрымліваюць жонка і цешча, калі бабуля — побач унучка і зяць, маці — муж і дзеці. Цудоўна, калі вось так спорт яднае розныя пакаленні, а добры прыклад старэйшых пераймаюць малодшыя.
Кіраўнікі гаспадарак і арганізацый, прадпрыемстваў раёна таксама хварэлі за сваіх работнікаў. У прыватнасці, паклапаціўся пра тое, каб маглі дабрацца на спаборніцтва спартсмены з Павяцця, новы кіраўнік філіяла Леў Іосіфавіч Крук. Не прагадалі, што прыехалі, бо дадому вярнуліся з медалямі, прычым практычна ўсе.
На здымках: 1. На старце.
2. Лыжніца з ЦРБ медсястра-анэстэзіст Наталля Гадарожа з групай падтрымкі — мужам Алегам і дачушкай Сафіяй.
3. У дзяцей — свае конкурсы.
4. Каманда з Павяцця — лепшая ў раёне.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.