Составляющие победы миорчан – мотивация и самодисциплина

 На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах Міёршчыну прадстаўлялі чацвёра школьнікаў. Трое з іх – вучні СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.

Дыплом І ступені па англійскай мове ў адзінаццацікласніцы Аліны Хілько. У мінулым годзе была ў ліку пераможцаў абласнога этапа з дыпломам ІІ ступені і з такім жа вынікам выступіла на рэспубліканскім. Рада чарговаму поспеху.

– Працавала шмат, але не чакала, што будзе дыплом І ступені, – заўважае яна.

Куратарам у падрыхтоўцы да іспытаў для Аліны выступала яе маці Вольга Уладзіміраўна, настаўніца замежнай мовы.

Са сваёй настаўніцай фізікі Аленай Іосіфаўнай Астапковіч рыхтаваўся да алімпіяды адзінаццацікласнік Данііл Іваноў. З абласнога этапа вярнуўся з дыпломам ІІ ступені.

– Хацелася палепшыць свой вынік, так і атрымалася. Задаволены, – гаворыць юнак. – Удзельнічаю ў алімпіядзе з 9 класа. У мяне два дыпломы ІІІ ступені на абласным этапе, і вось новая ўзнагарода.

Упершыню паспрабавала свае сілы на раённым, а пасля на абласным этапах алімпіяды па беларускай мове і літаратуры дзесяцікласніца Валерыя Паўлоўская. У раёне была першай, на вобласці атрымала дыплом ІІІ ступені.

– Рада такому выніку. У наступным го-дзе таксама буду ўдзельнічаць, – адзначае яна. – Атмасфера на алімпіядзе добразычлівая, зусім не адчувалася канкурэнцыі. Пазнаёмілася з іншымі ўдзельнікамі, абмяняліся кантактамі, падтрымліваем стасункі.

Рыхтаваліся з настаўніцай Святланай Анатольеўнай Яцкоўскай.

– У гэтым класе працую першы год. Леру адразу заўважыла. Дзяўчына здольная, творчая, адказная, старанная. Творчы складнік вельмі важны ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Напрыклад, ёсць заданне стварыць п’есу па сюжэце твора. Тонкага адчування слова патрабуе пераклад. Для водгуку трэба мець багаты чытацкі вопыт, – расказвае педагог. – Працавалі шмат: разбіралі заданні мінулых гадоў, пісалі водгукі, практыкаваліся ў складанні п’ес.

Як заўважаюць педагогі, падрыхтоўка да алімпіяды – працэс, які не абмяжоўваецца пэўнымі часавымі рамкамі і патрабуе ад вучняў матываванасці і самадысцыпліны. Са слоў старшакласнікаў, яны актыўна займаюцца і ў школе, і ў пазаўрочны час. Разам з тым не забываюцца на адпачынак. Для Аліны гэта прагулкі з сябрамі, кулінарыя і чытанне мастацкіх твораў на англійскай мове. Сярод іх кнігі пра Гары Потэра, творы Эмілі і Шарлоты Брантэ. Сярод захапленняў Данііла ігра на гітары. Лера адпачывае падчас заняткаў вакалам.

Кацярына Рынкевіч.
Фота Казмімра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий