Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен для адзінаццацікласнікаў адбыўся ў мінулую суботу, 31 студзеня. На Міёршчыне пляцоўкай для іспыту па традыцыі стала СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Для вучняў сельскіх школ быў арганізаваны падвоз.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Янушонак, рэпетыцыйны ЦЭ адзінаццацікласнікі здавалі па дзевяці прадметах. Найбольшая колькасць выбрала матэматыку – 34 вучні. 21 праверыў веды па рускай мове, дзесяць – па біялогіі, па сем – па беларускай мове і фізіцы, шэсць – па англійскай мове, чатыры – па грамадазнаўстве. Двое выпускнікоў выбралі хімію, адзін здаваў гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі.
– Працягласць іспытаў – ад 90 да 210 хвілін. Больш за ўсё часу адводзілася на фізіку і матэматыку. Кантроль за ходам іспытаў ажыццяўляў аргкамітэт па арганізацыі і правядзенні рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамена. Парушэнняў не выяўлена, – заўважае Таццяна Фёдараўна. – Вынікі будуць вядомы ў сакавіку. Атрыманыя балы не паўплываюць на паспяховасць вучняў. Гэта магчымасць праверыць свае веды і вызначыць, над чым трэба працаваць.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ. Фота для ілюстрацыі.