28 студзеня ўпершыню ў Беларусі прайшоў рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. На Міёршчыне яго здавалі 87 адзінаццацікласнікаў на базе СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.
Экзаменацыйныя матэрыялы 26 студзеня прывезла з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Янушонак. Вучняў даставілі ў пункт правядзення рэпетыцыйнага ЦЭ цэнтралізавана ў суправаджэнні педагогаў. Было задзейнічана дзевяць аўдыторый. Здавалі экзамен па выбраных прадметах: матэматыка – 29 чалавек, біялогія – 24, гісторыя Беларусі – 14, фізіка – 7, англійская мова – 6, хімія – 4, грамадазнаўства – 3. Вынікі іспытаў праз некалькі тыдняў можна будзе даведацца ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.
У канцы года выпускнікоў адзінаццатых класаў чакаюць два выпускныя экзамены: па беларускай ці рускай мове і прадмеце па выбары. Апошні яны выбіраюць з пераліку дысцыплін, што здаюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, каб у далейшым паступаць у вну. Іспыты пройдуць адпаведна 14 і 21 мая, рэзервовыя дні – 23 мая, у ліпені ў даты правядзення ЦТ у рэзервовыя дні, 21 жніўня; 25 мая, у ліпені ў даты правядзення ЦТ у рэзервовыя дні, 23 жніўня.