1 ноября на животноводческих объектах Миорщины наводили порядок

 У мінулую суботу на жывёлагадоўчых аб’ектах Міёршчыны наводзілі парадак. Шчыравалі работнікі аграпрамысловага комплексу, ім у дапамогу скіраваўся працоўны дэсант з арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У кожную гаспадарку прыцягнулі ад 30 да 50 валанцёраў, а гэта значыць, што па самых сціплых падліках колькасць памагатых перавысіла 400 чалавек. Суботнік праходзіў у рамках выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага падчас нарады па пытаннях развіцця Віцебскай вобласці.

– Пачынаючы з мінулага аўторка ўсе арганізацыі-шэфы працавалі ў замацаваных за імі гаспадарках. Работы будуць працягвацца, але не ў такім маштабе, бо наперадзе рабочы тыдзень і працоўныя абавязкі ніхто не адмяняў, – запэўнівае намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак.
Брыгада пад яго кіраўніцтвам працуе на малочнатаварным комплексе «Карпачова» ў СУП «Чэрасы». У яе складзе работнікі райвыканкама, мясакамбіната, двух банкаў, малаказавода і металапракатнай кампаніі. Адны мяняюць драўляны насціл у памяшканні прафілакторыя для цялят, другія фарбуюць абсталяванне, трэція мяняюць агароджу кармавога стала.

Усе разумеюць, як важна падставіць плячо аграрыям. Дырэктар падшэфнай арганізацыі – УП «Міёрскі мясакамбінат», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Іван Сушко падкрэслівае, што работа ідзе штодня:

– СУП «Чэрасы» пастаўляе на мясакамбінат кандыцыйнага быка, мы цесна звязаны з ім, таму зацікаўлены падставіць плячо і ў навядзенні парадку, і падтрымаць фінансава.

У ВУПКУ «Міёрскі» асноўныя работы разгарнуліся на малочнатаварных комплексах у Цілеўшчыне і Мілашове. Дапамагаюць наводзіць парадак супрацоўнікі раённага выканаўчага і сельвыканкама, моладзь з раённага камітэта БРСМ, а таксама раённага вузла электрасувязі, Міёрскага прадстаўніцтва Белдзяржстраху, раённай бальніцы, дзіцячага санаторыя «Расінка». Фарбуюць памяшканні і абсталяванне, абкошваюць тэрыторыі.

– Працуем па ўсіх накірунках – будуем, рамантуем, прыбіраем, – апісвае фронт работ у філіяле «Павяцце» дырэктар Дзмітрый Немянёнак. – Людзі ахвотна адгукнуліся на заклік аб дапамозе. Паступова рэалізуем намечаны план развіцця.

Адзін з яго пунктаў – узвядзенне плёначніка на 60 галоў цялят і агароджванне тэрыторыі МТФ «Павяцце».

У ліку памагатых – працоўны дэсант з работнікаў сельвыканкама, раённай бальніцы, міжгаліновага цэнтра, энергагазінспекцыі, Павяцкай СШ імя В. Бабічава, Павяцкага СДК і РАНС.

Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра, фінансавага аддзела райвыканкама, ДРБУ № 203 і Міёрскага раёна газазабеспячэння прыйшлі на дапамогу райаграсэрвісу. Працавалі на трох фермах – «Масаніха», «Пячонкі» і «Пад’ельцы». Кіпела работа: фарбавалі, бялілі, рамантавалі, прыбіралі ў памяшканнях, высякалі драўнінна-хмызняковую расліннасць, касілі траву, займаліся ямкавым рамонтам дарогі, чысцілі і вывозілі арганіку і будаўнічае смецце.

Сапраўдны прыклад згуртаванасці паказалі ў ААТ «Любінова», дзе працавала адна з найбольшых зборных каманд – звыш 80 чалавек. У яе складзе супрацоўнікі філіяла «Міёрскі камбікормавы завод», а таксама прадстаўнікі Новапагосцкага сельвыканкама, сектара культуры, лясніцтва, ФАПа, Новапагосцкай і Чапукоўскай СШ, лясгаса, раённай бальніцы і гарпаліва. Кропкі прыкладання іх сілы – МТФ «Любінова», «Новы Пагост», «Дзянісы» і «Галіеўшчына».

Амаль у поўным саставе выйшаў на суботнік калектыў камбікормавага завода. У якасці шэфаў дапамагаюць як з навядзеннем парадку, так і з павышэннем паказчыкаў сельгасвытворчасці. Паўсюль фарбуюць, рамантуюць, косяць, а на вытворчасці вырабляюць дзверы, якія хутка зоймуць сваё месца.

– Падтрымліваць гаспадарку – наш абавязак, – лічыць дырэктар завода Юрый Гайлевіч. – Робім усё, што ў нашых сілах, дапамагаем наводзіць парадак, выдзяляем камбікармы. Дарэчы, такім чынам плануем павысіць сярэднясутачныя надоі ў паўтара – два разы. Вынік сённяшняга дня ўжо бачны.

На МТФ «Бандарцы», «Арханава», «Леснічоўка» і «Навасёлкі» кіпела работа ў ААТ «Мікалаёўскі». На афарбоўцы, пабелцы і рамонце памяшканняў, абкошванні тэрыторый былі занятыя прадстаўнікі сельвыканкама, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, аддзела па адукацыі, Мікалаёўскіх сельскага клуба і бібліятэкі, ФАПа, філіяла «Міёрыводаканал».

Парадак на ўсіх сельскагаспадарчых аб’ектах – працэс пастаянны для работнікаў СУП «Цітова», таму работы на суботніку ішлі ў звычайным рытме. У даільным зале шчыравалі прадстаўнікі Язненскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Працоўныя калектывы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, сектара спорту і турызму райвыканкама, ветстанцыі і насеннай інспецыі згуртавала работа на аб’ектах ААТ «Узмёнскі край». Прадуктыўна прайшоў дзень на МТФ «Даўгінава», «Новыя Узмёны», «Старыя Узмёны», «Брыжынкі» і «Слабада».

Падтрымка і ўзаемавыручка сталі дэвізам суботняга дня. У дапамогу работнікам ААТ «Папшулі» прыйшлі прастаўнікі РЦГЭ і РАНС, якія шчыравалі на добраўпарадкаванні ферм «Мядзведзева» і «Румполле». Узмацнілі калектыў ААТ «Туркова» прадстаўнікі сельвыканкама, аддзела па адукацыі і сектара культуры райвыканкама, племстанцыі, ЖКГ. Працавалі на комплексе ў Супорніцы, фермах у Гараўцах, Цімошкаве і Дрыгучах. Паўсюль фарбавалі, бялілі, чысцілі памяшканні і абсталяванне, рыхтавалі пастаўнікі для выгулу жывёлы, каб было прыемна працаваць і атрымліваць добрыя вынікі сельгасвытворчасці. 

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий