В Домжерицах хочется остаться

 Жамчужынай назваў Домжарыцы Лепельскага раёна Прэзідэнт падчас нядаўняга візіту. Дзякуючы рэспубліканскаму праекту «Вёска будучыні» ў невялікім пасёлку ёсць магазіны, сацыяльныя, спартыўныя і адукацыйныя аб’екты. Наведаць гэты населены пункт пашчасціла галоўным рэдактарам СМІ Віцебшчыны і блогерам.

Знаёмства з вёскай будучыні пачалося з дрэваапрацоўчага цэху (усяго іх пяць) ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік». Падобныя невялікія вытворчасці па перапрацоўцы драўніны заклікаў тыражыраваць Кіраўнік дзяржавы. Яна арганізавана ў рамках рэалізацыі ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект». Пазабюджэтная дзейнасць дазваляе атрымліваць дадатковыя фінансавыя сродкі на развіццё прыродаахоўнай установы. Тут перапрацоўваюць каля 4 тысяч м3 круглай драўніны ў месяц. Акрамя таго, збіраюць садовую мэблю. Галоўная стаўка прадпрыемства – якасць і разнастайнасць выпускаемай прадукцыі. Яе пастаўляюць у Кітай, Азербайджан, Узбекістан, Туркменістан, Іран, Турцыю і іншыя краіны.

 Нядаўна на прадпрыемстве прайшла мадэрнізацыя – тут усё сучаснае. У цэху занята каля 70 чалавек, прыкладна 15 % з іх складаюць мясцовыя жыхары, астатнія прыязджаюць на работу з Лепеля, Бягомля і навакольных вёсак.

Наступны прыпынак – Дом экалагічнай асветы і музей прыроды. Гэтыя аб’екты пазнаёмілі журналістаў з багатай спадчынай Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Экскурсавод Алег Шафаровіч заўважыў, што з яго заснавання прайшло 100 гадоў, а прырода захавалася той жа. Наведвальнікам Дома экалагічнай асветы распавядаюць пра тое, як важна ахоўваць флору і фаўну, што для гэтага зроблена і якія праграмы дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. У кнізе ганаровых гасцей пакінуў свой подпіс Аляксандр Лукашэнка. Тут адчынена бібліятэка з дзеючай выставай, прысвечанай гісторыі запаведніка і ўсяго краю. Установа вядомая калекцыямі гербарыяў, насякомых і чарапоў млекакормячых. У музеі прыроды прадстаўлена самая вялікая арніталагічная таксідэрмічная калекцыя ў краіне. Тут звыш 30 відаў млекакормячых, 108 відаў рыб і 170 відаў птушак.

 Акрамя таго, удзельнікі прэстура наведалі аб’екты сацыяльнай сферы вёскі будучыні: базавую школу, філіял дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэку, ФАП і спартыўныя пляцоўкі. Бярэзінскі біясферны запаведнік – горадаўтваральнае прадпрыемства – сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і Лепельскім райвыканкамам рэалізуе шэраг інвестпраектаў, скіраваных на пашырэнне, умацаванне і мадэрнізацыю інфраструктуры і ўвогуле абнаўленне сацыяльнага асяродку Домжарыц.

Пераўтварэнні заўважае насельніцтва, з ахвотай выбіраюць Бярэзінскі біясферны запаведнік у якасці першага рабочага месца маладыя спецыялісты. Многія тут і застаюцца. З двума давялося пагутарыць.

Выхавацель дзіцячага сада Вераніка Скаруха родам з Лепеля. Можна сказаць, вярнулася на сваю малую радзіму. Разам з мужам жыла ў інтэрнаце, а хутка будуць абжываць новую арэндную кватэру. Падкрэсліла камфортныя ўмовы для адпачынку моладзі: магчымасць займацца спортам у прыватнасці.

 Працуе майстрам лесу ўраджэнка Магілёўскай вобласці Анастасія Бальшакова. Падзялілася, што цікава назіраць, як вёска развіваецца, квітнее, ажывае. Ацаніла чыстае паветра, невялікую колькасць машын, разам з тым дастатковую інфраструктуру. Муж працуе трактарыстам у дрэваапрацоўчым цэху, нядаўна маладой сям’і выдзелілі арэнднае жыллё.

– У Домжарыцах шмат перспектыў. Тут хочацца застацца, – падзялілася Анастасія.

У ТЭМУ
Сёлета ў Домжарыцах работнікі ЖКГ выканалі наступныя работы: бягучы і капітальны рамонт – па два жылыя дамы; агульнае добраўпарадкаванне тэрыторый; абсталяванне двух паркаў з устаноўкай малых архітэктурных форм; усталяванне дзіцячых гульнёвых і спартыўных комплексаў; бягучы рамонт будынка кацельні з добраўпарадкаваннем тэрыторыі; бурэнне свідравіны на ваду з мэтай паляпшэння водазабеспячэння насельніцтва.

Алена Вароніна.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий