Вопросы трудовой дисциплины и правопорядка обсудили на профсоюзном приеме в Миорах
gazeta 30-10-2025, 17:03 134 На Міёршчыне / Навіны
У арганізацыях вобласці 30 кастрычніка прайшлі рэспубліканскі прафсаюзны прыём грамадзян і прававая асвета з удзелам прававых інспектараў працы і прадстаўнікоў органаў пракуратуры. З калектывам УП ЖКГ Міёрскага раёна сустрэліся галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання Юлія Велічэнка і пракурор раёна Андрэй Вецюгоў.
У рамках прававой асветы Юлія Велічэнка акцэнтавала ўвагу аўдыторыі на тым, як засцерагчы сябе ад звальнення за прагул. Заўважыла, што нават з добрасумленным работнікам можа здарыцца непрадбачаная сітуацыя, з-за якой прагуляе працу. Між тым прагул – найгрубейшае парушэнне працоўнай дысцыпліны, і адна з мер адказнасці – звальненне. Інспектар падкрэсліла, што прагулам лічыцца адсутнасць на рабочым месцы больш чым тры гадзіны сумарна або на працягу рабочага дня. Што да прычын, іх аб’ектыўнасць заканадаўча не замацавана. Наколькі ўважлівая прычына адсутнасці на працы, вырашае наймальнік.
У выпадку прагула Юлія Валер’еўна рэкамендавала пісаць тлумачальную запіску. Падрабязнае тлумачэнне сітуацыі часта ратуе ад звальнення. Адсутнасць на працы па прычыне дрэннага самаадчування лепш пацвердзіць адпаведнай даведкай з медустановы, куды трэба звярнуцца за дапамогай. Догляд за хворым членам сям’і таксама пацвярджаецца адпаведнай даведкай. Прагулялі работу з-за затрымкі грамадскага транспарта – варта атрымаць на аўтастанцыі дакументальнае пацвярджэнне пра збой у руху.
Калі наймальнік усё ж вырашыў звольніць супрацоўніка за прагул, то з адпаведным загадам яго абавязаны азнаёміць у пяцідзённы тэрмін з моманту афармлення. Дарэчы, у гэты перыяд не ўваходзяць час хваробы работніка, яго знаходжанне ў водпуску. Загад аб звальненні супрацоўнік падпісвае і, калі з ім не згодны, можа яго абскардзіць. Або ў камісіі па працоўных спрэчках, калі такая створана па месцы працы, або ў судзе. Як падкрэсліла Юлія Велічэнка, прафсаюзы стаяць на варце незаконных звальненняў, а практыка паказвае, што практычна ва ўсіх выпадках наймальнік ідзе насустрач.
Пракурор раёна Андрэй Вецюгоў пачаў размову з прафілактыкі кіберзлачынстваў. Заўважыў, што апошнім часам махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі аператара мабільнай сувязі і прапаноўваюць прадоўжыць дагавор на абслугоўванне сім-карты, для чаго патрэбна прадаставіць канфідэнцыяльную інфармацыю. Затым паступае званок ад нібыта праваахоўнікаў з паведамленнем пра фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці і прапановай задэклараваць грашовыя сродкі. Андрэй Барысавіч падкрэсліў: ні супрацоўнікі аператараў мабільнай сувязі, ні банкаўскія работнікі, ні праваахоўнікі не звязваюцца з грамадзянамі праз мэсанджары і тым больш не патрабуюць указаць асабістую інфармацыю. Пасля размоў з махлярамі рэкамендаваў неадкладна звяртацца ў міліцыю.
Нагадаў пракурор пра адказнасць перад законам для дропаў. Так назваюць грамадзян, якія за пэўнае ўзнагароджванне афармляюць банкаўскія карткі на сваё імя, а затым перадаюць іх рэквізіты махлярам. Пасля гэтыя рахункі выкарыстоўваюцца для пераводу грашовых сродкаў.
Звярнуў увагу Андрэй Барысавіч на прафілактыку экстрэмісцкіх праяў. Рэкамендаваў быць уважлівымі да падпісак на інтэрнэт-суполкі ў сацсетках і кантэнту, што размяшчаецца на асабістых акаўнтах. Адзначыў, што распаўсюджванне матэрыялаў экстрэмісцкага характару цягне як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць.
Таксама пракурор нагадаў пра расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа. З яго слоў, гэтыя злачынствы не маюць тэрміна даўнасці. Асноўная мэта расследавання – захаванне памяці пра загінулых і недапушчэнне паўтарэння падобных падзей.
***
Пытанні, якія паступілі падчас прыёму грамадзян, мелі дачыненне да мер удзеяння на работніка ў выпадку парушэння ім працоўнай дысцыпліны і адказнасці за адмаўленне ад праходжання вакцынацыі супраць грыпу. Наконт апошняга прававы інспектар працы Юлія Велічэнка падкрэсліла, што ніхто не мае права прымушаць работніка рабіць прышчэпку. Гэта асабістая справа кожнага. Ніякіх мер адказнасці – ці то дысцыплінарнай, ці то іншай – у такіх выпадках не прымяняецца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.




