Укрепление трудовой дисциплины, состояние условий и охраны труда в организациях и другие вопросы стали основной темой заседания в Миорах

Одна из главных задач государства-обеспечение здоровых и безопасных условий труда работников. Укрепление трудовой дисциплины, состояние условий и охраны труда в организациях Миорского района в 2023 году и ход реализации требований Директивы № 1 стали основной темой заседания райисполкома.

 Адна з галоўных задач дзяржавы – забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў. Умацаванне працоўнай дысцыпліны, стан умоў і аховы працы ў арганізацыях Міёрскага раёна ў 2023 годзе і ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы № 1 сталі асноўнай тэмай пасяджэння райвыканкама.

У раёне сфарміраваны адзіны падыход да выканання патрабаванняў Дырэктывы ад 11 сакавіка 2004 года № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», праінфармаваў начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько. Работа ўключае наступныя накірункі: грамадскую, транспартную, пажарную бяспеку і забеспячэнне бяспечных умоў працы на вытворчасці.

Што мае дачыненне да апошняга, праходзяць Адзіныя дні аховы працы, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў Полацкага міжраённага аддзела дзяржаўнай інспекцыі працы.

За мінулы год наладжана шэсць раённых месячнікаў бяспекі. Сёлета аналагічны праходзіў з 10 студзеня па 12 лютага, дзе пад увагай былі бяспечныя ўмовы працы ў зімовы перыяд. Увайшлі ў практыку і Тыдні нулявога траўматызму.

Практычную і метадычную дапамогу наймальнікам у выкананні заканадаўства аб ахове працы аказвае мабільная група, у складзе якой прадстаўнікі райвыканкама, праваахоўных і кантрольна-наглядных органаў, прафсаюзаў. Летась яны 63 разы наведалі арганізацыі, выявілі 532 парушэнні, 12 % якіх  ліквідавалі ў рабочым парадку. Большасць з іх не патрабавала значных фінансавых выдаткаў. Іх прычына – неналежны кантроль за выкананнем работнікамі і службовымі асобамі патрабаванняў па ахове працы.

Па словах Вячаслава Бялько, тыповыя парушэнні, яны ж і фактары рызыкі, якія ў любы момант могуць прывесці да траўматызму: неправедзеныя супрацьгалалёдныя мерапрыемствы; эксплуатацыя станкоў і абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням заканадаўства, стварае пагрозу жыццю і здароўю; невыкарыстанне супрацьадкатных упораў пад колы сельскагаспадарчай тэхнікі пры яе рамонце; допуск людзей да работы без сродкаў індывідуальнай аховы; адсутнасць ці неўкамплектаванне аптэчкі першай дапамогі; адсутнасць у вытворчых памяшканнях першасных сродкаў пажаратушэння; незахаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў у санітарна-бытавых памяшканнях.

Аналагічныя парушэнні выяўляе санітарная служба раёна. Па выніках аглядавых мерапрыемстаў яна выдала 22 прадпісанні і дзве рэкамендацыі.

У выніку работы, скіраванай на паляпшэнне ўмоў працы ў арганізацыях раёна, прывялі ў адпаведнасць з патрабаваннямі шэсць санітарна-бытавых памяшканняў мясакабіната і Міёрскага ПМС, выдзелілі 63 пуцёўкі на аздараўленне, укаранілі сістэму кіравання аховай працы Металапракатнай кампаніі, а таксама актуалізавалі яе ў 21 арганізацыі. Прыведзены ў адпаведнасць з гігіенічнымі нарматывамі 50 рабочых месцаў, зніжаны клас шкоднасці на 87-і.

Разам з тым ва ўмовах павышанага ўзроўню шума заняты 254 чалавекі, вібрацыі – 119, запыленасці – 2, загазаванасці – 25, павышанага ўзроўню неіанізуючых палёў і выпраменьванняў – 7, іншых шкодных фактараў – 203.

Кампенсацыі па ўмовах працы атрымліваюць 503 чалавекі. Дадатковы водпуск і павышаны заробак прадастаўлены 503. 14-і пацвердзілі права на прафесійнае пенсіённае страхаванне. 26 работнікаў узамен яго атрымліваюць штомесячную даплату да заробку, 72 бясплатна забяспечваюць малаком.

На паляпшэнне ўмоў працы на рабочых месцах выдаткавана звыш 381 тысячы рублёў.

Знізілася ўдзельная вага колькасці работнікаў, занятых на шкодных і небяспечных рабочых месцах. Гэтаму спрыяў аналіз і кантроль з боку санітарнай службы і раённай бальніцы за паўнатой і своечасовасцю правядзення медаглядаў. За 2023 год яму належала 1 136 работнікаў, прайшлі яго 98,6 %.

Летась атэставаны рабочыя месцы па ўмовах працы ў 18 арганізацыях. Работнікі праходзілі навучанне, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па пытаннях аховы працы.

З кіраўнікамі і службовымі асобамі, якія дапусцілі парушэнні норм і правіл заканадаўства па ахове працы, што выклікала цяжкія наступствы, а таксама з работнікамі, якія знаходзіліся на рабочым месцы або на тэрыторыі арганізацыі ў стане алкагольнага ап’янення, разрывалі кантракты. Такіх двое. За прагулы і іншыя парушэнні выканаўчай і працоўнай дысцыпліны звольнілі 74.

За парушэнне вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны прыцягнуты 26 службовых асоб і 22 работнікі. Пецярых пазбавілі дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да года.

Летась на вытворчасці атрымаў траўмы адзін чалавек.

Вячаслаў Бялько падагуліў: галоўная задача, якая стаіць перад усімі суб’ектамі прафілактыкі і кіраўнікамі арганізацый, – фарміраванне ў грамадзян пазіцыі непрымірымасці да парушэнняў працоўнай, вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Алена Вароніна.
Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.