Миорчанка Марина Демьянова среди лауреатов премии имени Героя Советского Союза Зинаиды Туснолобовой-Марченко
gazeta 18-10-2025, 12:30 136 На Віцебшчыне / Навіны
Падчас Тыдня бацькоўскай любові ў аблвыканкаме ўшанавалі жанчын, удастоеных прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Сярод 25 лаўрэатак – міярчанка Марына Дзям’янава. Маці траіх дзяцей, творчая асоба, рэжысёр узорнага тэатра авангарднай моды «Гаворачыя мадэлі» Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
На мерапрыемстве Марыну падтрымлівалі муж Аляксандр і малодшая дачка Паліна.
– Урачыста, прыгожа, душэўна. Вызначалася цеплынёй прамова губернатара Аляксандра Субоціна, словы якой ішлі ад душы, – дзеліцца ўражаннямі. – Атрымаць такую ўзнагароду вельмі хвалююча і ганарова. Трэба ёй адпавядаць.
У скарбонцы поспехаў Марыны Дзям’янавай нямала высокіх адзнак. Лаўрэат звання «Жанчына года Міёршчыны – 2022», у 2024-м яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Сёлетняя прэмія імя З. Тусналобавай-Марчанка, па словах суразмоўніцы, самая кранальная з узнагарод, паколькі тут яе ацанілі не як прафесіянала, а як маці.
– Мая сям’я, мае дзеці – гэта мае крылы, – гаворыць Марына. – З мужам стараемся быць для сыноў і дачушкі старэйшымі сябрамі. Выхоўваем у іх сумленнасць, эмпатыю. Ствараючы сям’ю, не думалі, што станем шматдзетнымі бацькамі. Вельмі рада, што Бог так распарадзіўся.
Бацькі садзейнічаюць усебаковаму развіццю дзяцей, падтрымліваюць іх інтарэсы. Старэйшы сын-дзесяцікласнік Павел атрымлівае высокія адзнакі на ўроках і мае намер стаць праграмістам. Скончыў школу мастацтваў па класе гітары. Асвоіў акардэон дзевяцікласнік Жэня. Займаецца ў тэатральным гуртку, выступае вядучым на мерапрыемствах, удзельнічае ў паказах узорнага тэатра авангарднай моды «Гаворачыя мадэлі», якім кіруе мама. Два гады запар уваходзіла ў склад абласной каманды на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы «300 талентаў для Каралевы» шасцікласніца Паліна, вяртаецца з узнагародамі з абласных іспытаў. Спартыўныя здольнасці атрымала ў спадчыну ад таты, захапленне рукадзеллем – ад мамы.
– Нашы дзеці – самыя лепшыя. Так павінна быць для кожнага таты і мамы, – цёпла ўсміхаецца Марына. – Найлепшая ўзнагарода для мяне як маці – здароўе і шчасце дзяцей. Стараемся разам праводзіць час, шматгадовая летняя традыцыя – сямейны адпачынак на прыродзе на некалькі дзён. У нас не прынята замоўчваць праблемы. Абмяркоўваем сітуацыю, аналізуем яе з розных бакоў. Далучаем дзяцей да хатніх і гаспадарчых спраў, каб ведалі цану працы. Што самі ўмеем, таму іх вучым. Хочацца, каб дзеці бачылі прыклад моцнай шчаслівай сям’і.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.



