История нелегальной схемы в Миорском районе

 За арганізацыю незаконнай міграцыі асуджаны грамадзянін Туркменістана. Сярод яго памагатых – чацвёра жыхароў райцэнтра.

У пачатку сакавіка мінулага года на тэрыторыі Міёрскага раёна былі затрыманы два аўтамабілі, у якіх знаходзіліся 12 замежных грамадзян: двое егіпцян і дзесяць сірыйцаў. За рулём – міярчане. За грашовае ўзнагароджванне павінны былі даставіць пасажыраў ва ўмоўленае месца на тэрыторыі Браслаўскага раёна паблізу дзяржаўнай граніцы з Латвіяй.

– Галоўны фігурант справы – грамадзянін Туркменістана. Назавём яго Мірат. Як пасля тлумачыў суду, за грашовае ўзнагароджванне прыняў прапанову знаёмага знайсці транспарт і кіроўцаў для перавозкі іншаземцаў, – знаёміць з дэталямі намеснік пракурора Святлана Раманоўская. – Іншаземцы без віз мелі намер перайсці беларуска-латвійскую граніцу па-за ўстаноўленымі пунктамі пропуску і трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза. Перавезці іх з Мінска ў Міёрскі раён Мірат прапанаваў сваяку, які працаваў у сталіцы. Той знайшоў яшчэ двух кіроўцаў, кожнаму з якіх належала па 100 долараў за перавозку іншаземцаў. Свайму знаёмаму міярчаніну Сяргею (імя зменена) за дапамогу ў перавозцы мігрантаў з Міёрскага ў Браслаўскі раён Мірат прапанаваў 300 долараў. Сяргей знайшоў трох «памочнікаў». Да аднаго з іх пасля сеў у машыну як пасажыр, і яны скіраваліся ў дарогу першымі, каб папярэдзіць кіроўцаў аўтамабіляў, у якія пераселі іншаземцы, пра супрацоўнікаў ДАІ ці пагранічнікаў. Шлях атрымаўся нядоўгім – «картэж» спынілі праваахоўнікі.

Сваю віну Мірат прызнаў цалкам. Суд пакараў яго пазбаўленнем волі на два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Згодна з законам «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» ад 6 мая, асуджаны часткова вызвалены ад пакарання тэрмінам на адзін год.

Падрыхтавала
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий