Педагог-психолог Зинаида Ревецкая: о важности психического здоровья детей
gazeta 23-10-2025, 16:13 362 Грамадства
Паспяховасць у школе, стасункі з равеснікамі і дарослымі, фізічнае самаадчуванне – на ўсё гэта ўплывае псіхічны дабрабыт. У сучасным свеце, поўным стрэсаў і нявызначанасці, не проста важна, а неабходна клапаціцца пра псіхічнае здароўе дзяцей. Умацаваць яго – задача дарослых. Як з ёй спраўляцца, гутарым з педагогам-псіхолагам раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Зінаідай Равецкай.
– Клопат пра псіхічнае здароўе дзяцей – гэта не проста вырашэнне бягучых праблем, але і інвестыцыя ў іх будучыню. Псіхічна здаровым дзецям лягчэй вучыцца, адаптавацца да перамен, будаваць канструктыўныя адносіны. Усё гэта – фундамент будучых поспехаў, – адзначае Зінаіда Феафанаўна.
Падтрымка дарослых – бацькоў, педагогаў – неабходна дзецям з малых гадоў. Аднак, напэўна, больш за ўсё яны ма- юць патрэбу ва ўзаемаразуменні і дапамозе ў перыяд пераходнага ўзросту.
– Сапраўды так. Пераходны ўзрост – перыяд бурных змяненняў, гарманальных усплёскаў, пошуку ідэнтычнасці і фарміравання жыццёвых каштоўнасцей. Падлеткі асабліва ўразлівыя да стрэсаў, у іх могуць з’яўляцца суіцыдальныя думкі. Статыстыка фіксуе рост выпадкаў дэпрэсіі, трывожных расстройстваў. Школьныя нагрузкі, праблемы ў стасунках, сацыяльныя сеткі, няўпэўненасць у сабе і сваім будучым – усё гэта моцны прэсінг на псіхіку падлетка.
Якім чынам дарослыя могуць дапамагчы: бацькі – дзецям, педагогі – вучням.
– У школьным класе неабходна атмасфера, у якой дзеці адчуваюць, што іх цэняць і паважаюць, што яны ў бяспецы, могуць свабодна выказваць свае пачуцці, дзяліцца думкамі. Педагогу трэба быць уважлівым да вучняў і з’яўляцца для іх прыкладам. Важна развіваць у дзяцей эмацыянальны інтэлект: вучыць распазнаваць і спраўляцца з уласнымі эмоцыямі, разумець эмоцыі іншых; фарміраваць навыкі пераадольваць стрэс і канструктыўна вырашаць праблемы, прымаць адказнасць за свае ўчынкі.
Апошняму павінны вучыць дзяцей і іх бацькі. Дома падлетку важна адчуваць, што яго любяць і падтрымліваюць, пра яго клапоцяцца. Неабходна праводзіць час з дзецьмі, слухаць іх, цікавіцца справамі. Граматная арганізацыя вучэбнага працэсу, рэлакс за любімымі заняткамі, абмежаванне часу на сацсеткі, здаровы лад жыцця – усё гэта садзейнічае псіхічнаму дабрабыту падлетка.
Пры неабходнасці трэба своечасова звярнуцца за дапамогай да спецыялістаў.
Ці існуе просты і для кожнага даступны метад, які дапамагае ўмацаваць псіхічнае здароўе дзіцяці.
– Гэта абдымкі. Што яны даюць? Па-першае, сілу, бо праз іх перадаецца энергія. Па-другое, здароўе. Абдымкі – эфектыўны сродак аблегчыць душэўны боль. Па трэцяе, інфармацыю. Абдымаючы, мы гаворым без слоў: «Я ў цябе веру. Я цябе цаню. Я хачу, каб у цябе ўсё было добра». Па-чацвёртае, абарону. Пачуццё абароненасці неабходна кожнаму: і малому, і даросламу. Па-пятае, смеласць. Абдыміце дзіця перад выступленнем, экзаменам, прыняццем важнага рашэння. Гэта сігнал: «Ты зможаш, у цябе ўсё атрымаецца, ты не адзін, мы з табой». Вучоныя называюць абдымкі эліксірам жыцця. Даказана, што для добрага самаадчування неабходна сем абдымкаў у дзень. Каб адчуць сябе любімым, патрэбным і шчаслівым. Адно простае дзеянне – і такі моцны эфект.
Кацярына Рынкевіч.
Фота для ілюстрацыі.





