Грани личности многодетного папы Виктора Бавтота
gazeta 21-10-2025, 12:46 573 Навіны
Сэнс жыццю надае мэта, лічыць Віктар Баўтот. Ён – бацька пяцярых дзяцей, дбайны гаспадар, педагог па дыпломе, захоплены сталяр і рэзчык па дрэве, пастаянны ўдзельнік гурта «Дзісенчукі». Сямейныя справы, гаспадарчыя клопаты, творчыя заняткі напаўняюць яго дні і надаюць жыццю свой смак.
– Аднойчы спытаў у знаёмага, які жыве адзін, без сям’і, чаму ён п’е. Той адказвае: «А ў чым сэнс? Дзеля чаго жыць?» І сапраўды, калі ў чалавека няма мэты, ён адчувае безвыходнасць, а жыццё страчвае сэнс, – разважае суразмоўнік.
Рэчы з гісторыяй
Гутарым з Віктарам Генадзьевічам на падворку яго дома ў драўлянай альтанцы. У яе свая гісторыя: гаспадар змайстраваў 20 гадоў таму, калі працаваў у Дзісненскай школе-інтэрнаце. Сам узводзіў лазню. Арэлі за домам з’явіліся нядаўна. Гэта падарунак сваімі рукамі для жонкі Тэрэзы Іосіфаўны.
Кожная рэч, створаная майстрам, мае свае пачатак і працяг. Знайшлося прымяненне кухонным прыладам. Збіраецца сям’я за круглым сталом ручной работы. Служаць сваю бытавую службу кніжныя паліцы, шафа для адзення, гардэробная. Актуальнай у дамашнім інтэр’еры застаецца падстаўка для стацыянарнага тэлефона – першая работа Віктара Генадзьевіча.
Адметны дэкор і арыгінальны падарунак для блізкіх і сяброў – сувеніры з дрэва. Шкатулкі, падстаўкі для ўпрыгожванняў, падсвечнікі, ігольніцы і так далей. Больш за 30 гадоў разной шкатулцы, якую змайстраваў для жонкі, калі чакаў яе дадому з першынцам.
Працавітасць і арыенцір на інтарэсы
Віктар Генадзьевіч і Тэрэза Іосіфаўна выхавалі пяцярых дзяцей. У старэйшага сына Андрэя свая сям’я, жывуць за мяжой, быць побач дапамагае відэасувязь. Уладкаваліся ў сталіцы Максім, Іван і Стэфанія. Максім скончыў БНТУ і заняты ў ААТ «Пеленг» (вядучае прадпрыемства оптыка-электроннай прамысловасці ў краіне. – Заўвага аўтара). Выпускніку факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ імя Е. Полацкай Івану прапанавалі работу ў Нацыянальнай акадэміі навук. Занята ў сферы лагістыкі і завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў сельскагаспадарчай акадэміі Стэфанія. Пра інжынерную спецыяльнасць задумваецца малодшы сын Міхаіл, вучань 11 класа. У мінулым годзе заняў прызавое месца на абласной алімпіядзе па працоўным навучанні. З малодшым сынам Віктар Генадзьевіч шмат часу праводзіць у сталярцы, што размясцілася ў падвале дома. У кожнага свае дрэваапрацоўчы станок і інструменты. Будуецца кузня для Мішы.
Поспехі дзяцей – радасць і гонар для бацькоў. У свой час для кожнага тата афармляў партфоліа з іх узнагародамі. Захоўваюцца ў сямейным архіве медалі, з якімі вяртаўся са спартыўных спаборніцтваў Іван; пано і аплікацыі, што майстравала Стэфанія; нумар абласной газеты з нататкай пра Андрэя, які студэнтам набраў больш за 20 тон на ўборцы бульбы.
Працавітасці і адказнасці дзеці вучыліся на прыкладзе сваіх бацькоў. Агарод і гаспадарка для сям’і Баўтот – з’ява пастаянная. І цяпер на падворку куры, свінні, козы. Спрашчае гаспадарчыя клопаты ўласны трактар.
Разам з працоўным складнікам арыенцірам у выхаванні сыноў і дачкі для Віктара Генадзьевіча былі іх уласныя інтарэсы.
– Першая памылка, якую дапускаюць бацькі, калі гавораць малым: «Ідзі, не перашкаджай, я сам зраблю». Трэба даваць дзіцяці спрабаваць, – перакананы шматдзетны тата. – Прымушаць не варта, «з-пад палкі» нічога не атрымаецца.
«Увесь час у руху»
– Напэўна, у выхаванні сваіх дзяцей Вам дапамагала педагагічная адукацыя? – цікаўлюся ў суразмоўніка.
– Можа быць, – адказвае і заўважае: – Яшчэ ў школе-інтэрнаце татам працаваў.
З былой Дзісненскай школай-інтэрнатам Віктара Баўтота звязваюць 20 гадоў. Выпускнік Аршанскага індустрыяльна-педагагічнага вучылішча ўладкаваўся туды пасля непрацяглага часу работы ў школе ў Кублішчыне. 13 гадоў быў выхавацелем, яшчэ сем вёў урокі працоўнага навучання. Пад яго кіраўніцтвам вучні майстравалі сувеніры з дрэва, якія пасля везлі ў Італію ў сем’і, што прымалі іх на адпачынак. З 2010 года Віктар Генадзьевіч выкладаў свой прадмет у Туркоўскай школе. Цяпер уладкоўваецца майстрам у Дзісненскі гарадскі Дом рамёстваў. На тэрыторыі школы пакінуў на развітанне букет рамонкаў з металу. З гэтым матэрыялам яму таксама працаваць цікава. На новым месцы працы будзе майстраваць з дрэва. Змяняе на творчым пасту Ула-дзіміра Майсяёнка, з якім калісьці разам спявалі прыпеўкі на сцэне мясцовага Дома культуры. Сцэна – яшчэ адно захапленне. Віктар Баўтот – адзін з першых і пастаянных удзельнікаў гурта «Дзісенчукі», які ведаюць, любяць і чакаюць у розных куточках раёна і за яго межамі. У мінулым годзе калектыву прысвоена званне «народны».
– Увесь час я ў руху. Па-іншаму не ўмею, – заўважае суразмоўнік і падкрэ- слівае: – Мне ёсць дзеля чаго жыць: сям’я, дзеці, гаспадарчыя клопаты, творчыя справы.
Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.



