Семейный капитал: про условия получения и возможности использования рассказывает София Циркина
gazeta Вчера, 15:48 136 Эканоміка і права
Беларусь падтрымлівае шматдзетныя сем’і. Адзін з ключавых фактараў – пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей бацькам прызначаецца сямейны капітал, памер якога сёння складае 33 тысячы 275 рублёў. Пра ўмовы, на якіх ён выплачваецца, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сафія Цыркіна.
– З пачатку рэалізацыі праграмы – з 1 студзеня 2015 года – на Міёршчыне прынята 356 рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу. З 2020-га з улікам датэрміновага выкарыстання 152 сям’і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы, 15 накіравалі сродкі на атрыманне адукацыі, 11 – на платныя медыцынскія паслугі, – прыводзіць лічбы Сафія Барысаўна. – Для прызначэння сямейнага капіталу ў сям’і павінна выхоўвацца не менш за трох дзяцей да 18 гадоў і ўсе пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Маці ў поўнай сям’і ці адзін з бацькоў у няпоўнай, усынаўляльнік ці ўдачаральнік – грамадзяне Рэспублікі Беларусь і пастаянна тут пражываюць. Дзеці не знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не адабраны па рашэнні суда, не прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, бацькі ў адносінах да іх не пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Бацька ў поўнай сям’і ці адзін з бацькоў павінны быць занятымі не менш за шэсць месяцаў за апошні год перад месяцам, у якім пададзена заява аб прызначэнні сямейнага капіталу.
У некаторых краінах такія выплаты называюць мацярынскім капіталам.
– У нашай краіне перавагу прызначэння сямейнага капіталу таксама мае маці. Калі ж па якой-небудзь прычыне яна такога права не мае (напрыклад, не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі), то яго прызначаюць бацьку ці айчыму на тых жа ўмовах. На Міёршчыне яго атрымалі сем тат.
Як атрымаць сямейны капітал.
– На працягу 18 гадоў з дня нараджэння трэцяга ці наступнага дзіцяці варта звярнуцца ў выканкам па месцы рэгістрацыі. Члену сям’і, які мае права на яго прызначэнне, неабходна напісаць заяву і прыкласці да яе дакументы. Для поўнай сям’і гэта пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей ці іншыя дакументы, якія сведчаць асобу, пасведчанне аб заключэнні шлюбу бацькоў, пасведчанне асобы мужа ці жонкі заяўніка, пасведчанне аб рэгістрацыі ў якасці ІП і ўплаты падаткаў з даходу і да т. п. Рашэнне аб прызначэнні ці адмове ў сямейным капітале прымаецца пасля разгляду заявы на працягу месяца.
Пасля атрымання копіі рашэння трэба адкрыць адпаведны дэпазітны рахунак у аддзяленні Беларусбанка. На сродкі сямейнага капіталу налічваюцца працэнты, гэтыя сродкі не атрымліваюць у спадчыну, але яны вызвалены ад падаходнага падатку, а таксама на іх не можа быць накладзена спагнанне ці арышт.
Калі і на што можна патраціць гэтыя сродкі, у тым ліку датэрмінова.
– Гэта можа быць паляпшэнне жыллёвых умоў, у прыватнасці, рэканструкцыя ці набыццё жылля, пагашэнне запазычанасці па крэдытах на будаўніцтва, рэканструкцыя і набыццё жылля і выплата працэнтаў па іх. Або атрыманне членамі сям’і вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных і ўстановах спажыўкааперацыі, Федэрацыі прафсаюзаў. Можна аплаціць платныя медыцынскія паслугі дзяржаўных устаноў аховы здароўя, у тым ліку стаматалагічныя. За гэтыя сродкі рэальна набыць тавары, прызначаныя для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі людзей з інваліднасцю (парушэнні органаў зроку, апорна-рухальнага апарата).
Датэрмінова можна выкарыстаць як усе сродкі сямейнага капіталу, так і іх частку. Каб атрымаць дазвол на заўчаснае выкарыстанне, грамадзянін, якому прызначана падтрымка, можа звярнуцца ў выканкам па месцы яе прызначэння ці па месцы рэгістрацыі з заявай і неабходнымі дакументамі. Рашэнне прымаецца на працягу месяца. Пасля грамадзянін з копіяй звяртаецца ў аддзяленне Беларусбанка для пералічэння сродкаў сямейнага капіталу па ўказаным у рашэнні накірунку. Тэрмін залічэння грошай з дня звароту ў банк складае ад 31 ад 41 каляндарнага дня.
А калі дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога прызначаны сямейны капітал, споўніцца 18 гадоў, спектр накірункаў пашыраецца.
– Так. Акрамя названых накірункаў гэта могуць быць сацыяльныя паслугі ў форме стацыянарнага абслугоўвання, фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці ці мачахі ў поўнай сям’і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай, усынаўляльніка ці ўдачаральніка.
Па якіх прычынах могуць адмовіць у датэрміновым выкарыстанні сродкаў.
– Асноўныя з іх: калі заяўнік не з’яўляецца членам гэтай сям’і або не ўлічваўся ў яе складзе пры прызначэнні сямейнага капіталу; накіраванне выкарыстання сродкаў не прадугледжана заканадаўствам; не выкананы ўмовы, неабходныя для прадастаўлення права на датэрміновае распараджэнне сродкамі. Дарэчы, па апошняй падставе адмовілі ў датэрміновым выкарыстанні сродкамі сямейнага капіталу чатыром сем’ям. Яшчэ адна з прычын – не адкрыты рахунак па ўкладзе «Сямейны капітал».
Куды звяртацца па пытаннях прызначэння і датэрміновага распараджэння.
– Пракансультуюць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе г. Міёры, вул. Камуністычная, 8 або па тэлефоне 5 15 76, а таксама ў службе «адно акно» райвыканкама – вул. Дзяржынскага, 17, каб. 38, 5 14 55.
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.



