Юридическая грамотносць — успех в работе
gazeta 7-04-2015, 10:15 0 Навіны
26 сакавіка ў райвыканкаме вёў прыём грамадзян прававы інспектар працы, загадчык аддзела прафсаюза работнікаў падатковых і іншых фінансавых органаў Міністэрства па падатках і зборах Уладзімір Калінін. Уладзімір Міхайлавіч з задавальненнем адказаў на пытанні рэдакцыі наконт працоўнага заканадаўства.
— Якія перавагі дае работнікам членства ў прафсаюзе?
— Члены прафсаюза з'яўляюцца часткай арганізаванай групы, якая аб'яднана па пытаннях абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў. Пытанні, пачынаючы ад распарадку працоўнага дня, аплаты водпуску, выплаты дапамог і заканчваючы павелічэннем заработнай платы і бяспекай на працоўным месцы, вырашаюцца групай. Члены прафсаюза таксама атрымліваюць кваліфікаваную абарону ў выпадку, калі яны ўступаюць у працоўную спрэчку з наймальнікам і вырашаюць яе праз суд. Некаторыя прафсаюзы праводзяць навучанне і падтрымліваюць прафесійнае развіццё сваіх членаў.
— Ці можа зарплата быць ніжэй за мінімальную пры здзельнай аплаце працы?
— Пры невыкананні нормаў працы выплаты могуць быць і ніжэйшыя за мінімальную заработную плату.
— Як даведацца, як устанаўліваецца аплата працы на прадпрыемстве (арганізацыі)?
У адпаведнасці з артыкулам 63 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў, у тым ліку і дадатковыя выплаты стымулюючага і кампенсавальнага характараў, устанаўліваюцца наймальнікам на падставе калектыўнага i працоўнага дагавора, пагаднення. Такім чынам, для таго, каб зразумець сістэму даплат на прадпрыемстве (у арганізацыі), неабходна накіраваць наймальніку заяву з просьбай азнаёміць з калектыўным дагаворам, палажэннем аб аплаце працы. У сілу патрабаванняў артыкула 51 ПК, наймальнік абавязаны азнаёміць работніка з гэтымі дакументамі не пазней, чым у пяцідзённы тэрмін з моманту накіравання просьбы.
— Чым кантракт адрозніваецца ад бестэрміновага працоўнага дагавора?
— Кантракт заключаецца на пэўны тэрмін - ад 1 да 5 гадоў, а працоўны дагавор, як відаць з назвы, такога абмежавання не ўтрымлівае. У работніка ў перыяд дзеяння з ім кантракту няма магчымасці звольніцца па ўласным жаданні - толькі па пагадненні бакоў, што надзяляе правам наймальніка не даваць такой згоды і фактычна ўтрымліваць работніка на працоўным месцы. За 2 тыдні да заканчэння тэрміну кантракту бакі павінны паведаміць адзін аднаго аб жаданні ці нежаданні яго падоўжыць. У адваротным выпадку кантракт ператвараецца ў бестэрміновы працоўны дагавор.
— Як звольніцца (скасаваць кантракт) да заканчэння тэрміну яго дзеяння?
— Згодна з арт.41 Працоўнага кодэкса, кантракт падлягае скасаванню датэрмінова па патрабаванні работніка ў выпадку яго хваробы або інваліднасці, якія перашкаджаюць выкананню работы; парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора; па іншых уважлівых прычынах. Само паняцце "ўважлівая прычына" носіць ацэначны характар. Такім чынам, наймальнік ў кожным канкрэтным выпадку ацэньвае акалічнасці, на якія спасылаецца работнік. З судовай практыкі ў якасці ўважлівых прычын прызнаюцца таксама выхад на пенсію; накіраванне мужа (жонкі) на працу (службу) за мяжу; абранне на выбарную пасаду або пасаду, займаемую па конкурсе; неабходнасць догляду за хворым членам сям'і або за інвалідам I групы; залічэнне на дзённую форму навучання ва ўстанову, якая забяспечвае атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, залічэнне ў вочную аспірантуру, дактарантуру, клінічную ардынатуру; радыёактыўнае забруджванне тэрыторыі; цяжарнасць жанчыны; наяўнасць трох і больш дзяцей, якія не дасягнулі 16 гадоў (навучэнцаў, якія не дасягнулі 18 гадоў) і інш.
— Якія дзеянні неабходна прадпрыняць, калі наймальнік адмаўляе ў датэрміновым скасаванні кантракта?
— Пры наяўнасці законных падстаў для скасавання вы можаце накіраваць заявы ў кантралюючыя органы і суд.
— На працягу якога тэрміну супрацоўнік можа звольніцца (скасаваць кантракт) па сваім патрабаванні?
— З часткі першай арт. 41 ПК можна зрабіць выснову, што кантракт павінен быць скасаваны па ўважлівай падставе ў тэрмін, названы работнікам у заяве.
— Ці можна звольніцца падчас выпрабавальнага тэрміну?
— У адпаведнасці з артыкулам 29 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, кожны з бакоў да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання мае права скасаваць працоўны дагавор, папярэдзіўшы пра гэта іншы бок пісьмова за тры дні.
— Ці можа працаўладкавацца па размеркаванні выпускнік, які атрымаў адукацыю за ўласныя сродкі?
— Так. У адпаведнасці з п. 5 арт. 84 Кодэкса "Аб адукацыі", выпускнікі дзённай формы навучання, якія атрымалі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю за кошт сродкаў фізічных асоб або ўласных сродкаў грамадзян, па ўласным жаданні і пры наяўнасці месц працы, якія засталіся пасля размеркавання, могуць быць накіраваны на працу.
— Ці лічыцца маладым спецыялістам выпускнік, які атрымаў адукацыю за ўласныя сродкі?
— Так, калі ён накіраваны на працу па размеркаванні. Не, калі выпускнік-платнік атрымаў свабодны дыплом.
— У якім выпадку малады спецыяліст пазбаўляецца свайго статусу?
— Пры атрыманні даведкі аб самастойным працаўладкаванні статус маладога спецыяліста страчваецца.
— Калі студэнт перавёўся на вучобу з дзённай бюджэтнай формы навучання на завочную, ці падлягае ён абавязковаму размеркаванню?
— У адпаведнасці з арт.83 Кодэкса "Аб адукацыі", размеркаванню не падлягаюць выпускнікі, якія на момант размеркавання навучаюцца на вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі і працуюць па атрыманай спецыяльнасці.
— Хто мае права на пенсію шматдзетным маці ў Беларусі?
— Жанчыны, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхоўвалі іх да 8-гадовага ўзросту, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 50 гадоў (а таксама жанчыны, у якіх да гэтага часу пятае дзіця не дасягнула 8 гадоў) і пры стажы працы не менш за 15 гадоў. Жанчыны, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхоўвалі іх да 16-гадовага ўзросту, пры стажы работы ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не менш за 10 гадоў (без заліку ў стаж працы часу догляду за дзецьмі) маюць права на пенсію незалежна ад узросту.
— Хто мае права на пенсію бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) у Беларусі?
— Маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 50 гадоў і пры стажы працы не менш за 20 гадоў. Таты, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 55 гадоў і пры стажы працы не менш за 25 гадоў, калі маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) не выкарыстоўвала сваіх правоў на пенсію па ўзросце і адмовілася ад гэтага права на карысць бацькі; не рэалізоўвала права на пенсію ў сувязі з яе смерцю.
— Што новага прынёс у працоўнае заканадаўства Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый", які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года?
— Дэкрэт урэгуляваў асобныя аспекты працы кіраўнікоў арганізацый як прыватнай, так і дзяржаўнай форм уласнасці. У прыватнасці, Дэкрэтам устаноўлены асноўныя крытэрыі ацэнкі, якія неабходна выкарыстоўваць пры атэстацыі кіраўнікоў, а таксама ўлічваць пры прыняцці ўпаўнаважанымі асобамі кадравых рашэнняў. Кіраўнікі надзяляюцца дадатковымі паўнамоцтвамі ў адносінах да падначаленых. Да мер дысцыплінарнага спагнання аднесена пазбаўленне дадатковых выплат стымулюючага характару. Дапоўнены прадугледжаныя заканадаўствам падставы адхілення ад працы, з аднаго месяца да сямі каляндарных дзён паменшаны тэрмін паведамлення работніка аб змене істотных працоўных умоў. З аднаго да трох сярэднямесячных заработных плат павялічаны памер матэрыяльна нанесенай работнікам шкоды, якая падлягае ўтрыманню з яго заработнай платы. Дэкрэт увёў у працоўнае заканадаўства паняцце дыскрэдытуючых абставін звальнення, па якіх наймальнік можа скасаваць працоўныя дагаворы і кантракты да заканчэння тэрміну дзеяння, устаноўлены іх вычарпальны пералік і адпаведная працэдура. Дэкрэтам забараняецца звальненне работніка, які здзейсніў дыскрэдытуючы ўчынак, са спасылкай на іншую падставу. Для кіраўніка такія дзеянні будуць цягнуць дысцыплінарную адказнасць аж да звальнення.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.





