Прокурор Андрей Ветюгов рассказал о ситуации в Миорском районе

 Існуе меркаванне, што пракурор – галоўны ва ўсёй праваахоўнай сістэме. Перад яго імя многія адчуваюць нясмеласць. Хаця не ўсе дакладна ведаюць, чым займаюцца ў пракуратуры. Пакаральным органам яе лічылі даўней. Цяпер асноўная – назіральная функцыя за выкананнем працоўнага, жыллёвага, анцікарупцыйнага, прыродаахоўнага, падатковага, банкаўскага заканадаўства, патрабаванняў указаў, дырэктыў, іншых нарматыўных прававых актаў. Не менш важны ўдзел у судовых працэсах. 

 

Невялікім складам з шасці чалавек калектыў пракуратуры Міёрскага раёна выконвае аб’ёмную і няпростую работу па ўмацаванні законнасці і правапарадку практычна ва ўсіх сферах жыцця і ў кожным відзе дзейнасці знаходзіць свае перавагі. З кастрычніка мінулага года яго ўзначальвае пракурор Андрэй Вецюгоў. У размове з ім даведаліся пра прыярытэтныя сферы пракурорскай увагі ў раёне.

 

– Разам з задачамі, якія вызначаны Канстытуцыяй і Законам «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», асаблівая ўвага на выкананне патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы і вырашэнне актуальных праблем, – тлумачыць Андрэй Барысавіч. – Міёрскі раён – аграрны, таму надаём пэўнае значэнне нагляду за сельгаспрадпрыемствамі і арганізацымі. Выязджаем з маніторынгамі, правяраем выкананне працоўнага заканадаўства, аб захаванні дзяржаўнай уласнасці і рацыянальным выкарыстанні матэрыяльных рэсурсаў. Безгаспадарлівасць і марнатраўства, халатныя адносіны работнікаў да сваіх абавязкаў прыводзяць да значных фінансавых страт і іншых непрыемных наступстваў. Нядаўна за сакрыццё падзяжу цялят пад відам рэалізацыі насельніцтву ў адносінах кіраўніка адной з гаспадарак раёна ўзбуджана крымінальная справа.

 
У аграрнай галіне не хапае рацыянальнасці і беражлівасці. На нядаўнім семінары кіраўнікам гаспадарак даводзілі пра законныя правы і магчымасць спаганяць дэбіторскую запазычанасць праз іскавы працэс, аднак нікога гэта не зацікавіла. У шырокім спектры задач пракуратуры і прафілактыка злачынстваў, гібелі і траўматызму. Трывожыць пажаранебяспечная абстаноўка ў раёне. З пачатку года ў агні загінула шэсць чалавек, у той час як за ўвесь мінулы год толькі тры. Негатыўныя тэндэнцыі – гэта наступства халатных адносінаў грамадзян да правіл бяспекі, а таксама ўпушчэнні ў рабоце назіральных камісій, адсутнасць належнага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі. У кожнага свае задачы, іх трэба неадкладна вырашаць.

 

 Што хвалюе людзей, якія звяртаюцца ў пракуратуру?

– Да нас ідуць за абаронай, за дапамогай па самых розных пытаннях. Многія звязаны з атрыманнем спадчыны, парушэннем працоўнага заканадаўства. Адзін грамадзянін пажадаў скасаваць дагавор з камунальнай службай на цэнтралізаваны вываз смецця.

 

Такое магчыма?

– Не. Паслуга абавязковая, таму зварот не задаволілі. Яшчэ ў сувязі са змяненнямі, унесенымі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, не ўсе органы, што вядуць адміністрацыйны працэс, прымаюць правільныя рашэнні аб прыцягненні грамадзян да адказнасці. Пракуратура раёна ўнесла шэраг пратэстаў у незаконныя рашэнні і ўзнавіла справядлівасць.

 
Праведзена вялікая работа ў складзе камісіі па расследаванні генацыду беларускага народа ў ходзе Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд. У пачатку красавіка бягучага года Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па гэтым факце. Крымінальны працэс дазволіць устанавіць канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў, якія пазбеглі адказнасці за забойства мірных жыхароў, здзекі ў канцлагерах, масавы згон насельніцтва ў нямецкае рабства.

 
Мы апыталі 11 вязняў, якія пражываюць у Міёрскім раёне. Усе яны прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, слухаць і нармальна ўспрымаць тую жудасную рэчаіснасць немагчыма. Вязні прызнаны пацярпелымі па крымінальнай справе.

 

Ваша рабочае месца і дапаможны стол загружаны папкамі з дакументамі. Усё паспяваеце на працягу працоўнага дня?
– Рэжым работы пракуратуры з 9 да 18 гадзін. Рэдка калі нашы супрацоўнікі пакідаюць месца працы своечасова. Даводзіцца выязджаць па рабоце і ў выхадныя дні. Хвіліны адпачынку цэняцца асабліва. Іх праводжу з сям’ёй.
Аднак развітацца з думкамі пра пракурорскія справы нават у асабістай прасторы надта складана, а ў грамадскай тым больш. Сеў за руль і па шляху само сабой заўважаюцца недахопы, міма якіх праехаць проста немагчыма. У маім мабільным тэлефоне цікавых сюжэтных фотаздымкаў няма, зафіксавана толькі тое, што трэба выпраўляць.

 

Якімі якасцямі павінны валодаць работнікі пракуратуры?

– Гэта вялікі набор, у тым ліку мэтанакіраванасць, уседлівасць, эмацыянальная ўстойлівасць, увага да дробязей, прынцыповасць. Перад усім глыбокія прававыя веды, бо мы нясём асаблівую адказнасць перад людзьмі і грамадствам.

 

Ваш калектыў адпавядае такой характарыстыцы?

– Безумоўна. У нас працуюць граматныя, адданыя справе людзі. Заўсёды можна разлічваць на маіх галоўных памагатых. Намеснік пракурора Святлана Раманоўская – гэта скарбніца пракурорскіх ведаў і вопыту, адказная і надзейная калега. Памочнік пракурора Кацярына Несцярэнка, нягледзячы на маладосць, праяўляе сябе як, мэтанакіраваны, адказны супрацоўнік.

 
Жадаю калегам з нагоды свята моцнага здароўя, бадзёрасці духу і паслядоўнасці ў справах. Хай збываюцца мары і скараюцца вяршыні. Шчыры дзякуй тым, хто да нас сваёй працай, высокім прафесіяналізмам умацоўваў аўтарытэт пракуратуры, законнасць на Міёршчыне.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.