Председатель Витебского облисполкома Николай Шерстнев встретился с представителями региональных СМИ

 Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі вобласці старшыня аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ звярнуў увагу, што ў рэгіянальнай прэсе не хапае аналітыкі. Са слоў Мікалая Мікалаевіча, журналісты павінны не толькі адлюстроўваць падзеі, канстатаваць факты, але і зазіраць у іх глыбіню, падаваць інфармацыю больш аб’ёмна, каб яна несла выхаваўчую функцыю. Аднак у рамках амаль двухгадзіннай прэс-канферэнцыі абмеркавалі не толькі дзейнасць медыйнай сферы. 

 

Вакцынацыя – жыццёвая неабходнасць

Такога меркавання прытрымліваецца Мікалай Шарснёў. Ветэрынарны ўрач па першай адукацыі не па чутках ведае, якія могуць быць наступствы пасля інфекцыйных захворванняў. З дзяцінства ўсе атрымліваюць абавязковыя прышчэпкі, дзякуючы гэтаму многія хваробы даўно забыты. У барацьбе з каронавірусам таксама спадзяванні на вакцыну. Мікалай Мікалаевіч перахварэў мінулым летам, да гэтай пары здараліся кантакты з хворымі. Пакуль імунітэт засцерагае. І ўсё ж плануе ўмацаваць яго прышчэпкай, якую раіць рабіць усім.

 

Віцебшчына –  лідар па вырабе інавацыйнага прадукту

На пытанне пра інвестыцыі і накірункі работы па іх далучэнні ў вобласць Мікалай Шарснёў адказаў, што пандэмія летась паўплывала на іх прыток. Некаторыя завершаць рэалізацыю сёлета. Аднак доля інавацыйнай прадукцыі ў аб’ёме вытворчасці на Віцебшчыне складае 30 % і застаецца самай высокай сярод абласцей краіны.

 
– У нас праводзіцца сур’ёзная работа па прыцягненні замежных інвестыцый, вынікі відавочныя ў розных раёнах, – заўважыў Мікалай Міка- лаевіч. – Асноўная крыніца інвестыцый – уласныя сродкі арганізацый і крэдыты беларускіх банкаў. Разам з тым прыватны бізнес, а яго доля ў аб’ёме інвестыцый звыш 30 %, далучае рэсурсы сваіх замежных партнёраў. Напрыклад, завод па вытворчасці белай бляхі ў Міёрах, кошт будаўніцтва якога каля 440 мільёнаў долараў, прыцягнуў рэсурсы расійскіх і нямецкіх банкаў, пры гэтым з’яўляецца прадпрыемствам з удзелам аўстрыйскіх заснавальнікаў.

 
Кіраўнік вобласці ўпэўнены, што кожны інвестар, у тым ліку айчынны, выбірае сам, як фінансаваць праект. Задача мясцовых органаў улады – нагадаць яму пра меры дзяржаўнай падтрымкі, для кожнага праекта яны вызначаюцца індывідуальна.

 
На Віцебшчыне для гэтых мэт створана свабодная эканамічная зона «Віцебск» з пляцоўкамі ў абласным цэнтры, Наваполацку, Оршы, Полацку і ў Паставах, а таксама асаблівая эканамічная зона ёсць у Аршанскім раёне. Меры дзяржпадтрымкі дазваляюць інвестарам мінімізаваць свае затраты пры будаўніцтве аб’ектаў на 10-15 %, а ў выпадку вырабу экспартаарыентаванай, інавацыйнай прадукцыі – да 30-35 %.

 
На падобных вытворчасцях ствараюцца высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Таму запатрабаваны высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку неабходны рабочыя спецыяльнасці. Акрамя гэтага, інвестар абавязкова павінны арыентавацца на знешнія рынкі для збыту тавараў і закупкі тэхналогій і сыравіны. Любая краіна зацікаўлена ў інвестыцыях, і мы, са свайго боку, з кожным інвестарам працуем індывідуальна. Падбіраем пляцоўкі, вызначаемся з інжынернай інфраструктурай, камунікацыямі, сыравіннымі магчымасцямі, кадрамі. Рэкамендуем будаўнічыя, транспартныя і праектныя рашэнні. Інфармацыя даступная на сайтах выканкамаў, у тым ліку з указаннем пляцовак, інфраструктурнага забеспячэння, магчымых прэферэнцый.

 

Указ № 70 даказвае сваю эфектыўнасць

– Прыняцце ўказа № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці» дазволіла не толькі фінансава аздаравіць неплацежаздольныя сельгасарганізацыі і прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, але і дасягнуць пэўнай станоўчай дынамікі паказчыкаў работы аграпрамысловых аб’яднанняў, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч. – Далейшы курс развіцця АПК будзе накіраваны на пашырэнне і мадэрнізацыю вытворчай базы (закуп тэхнікі, паляпшэнне стану буйных жывёлагадоўчых аб’ектаў і інш.), павышэнне эфектыўнасці работы.

 
Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што сёння малыя сельгаспрадпрыемствы не здольны ўкладваць сродкі ў сваю мадэрнізацыю, бо для гэтага не назапашаны капітал. Нават пакупка трактара можа «з’есці» амаль увесь бюджэт прадпрыемства. Таму аб’яднанне розных гаспадарак у адно буйное і жыццяздольнае – галоўная перспектыва развіцця. Калі ў падпарадкаванні каля ста тысяч гектараў і магчыма разгарнуцца тэхніцы, ёсць вынікі.

 
У якасці прыкладу Мікалай Шарснёў прывёў Чашніцкі раён, дзе адзін механізатар узараў пяць тысяч гектараў, а гэта чвэрць усяго мясцовага ворыва. За такімі людзьмі будучыня сяла. Галоўнае – забяспечыць іх сучаснымі ўмовамі працы, найноўшай тэхнікай і якасным абсталяваннем. Тады і заробак будзе высокі.

 
Мікалай Мікалаевіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварыць уласную сыравінную базу для перапрацоўчых прадпрыемстваў, каб не закупляць малако і мяса за межамі паўночнага рэгіёна і не несці дадатковыя выдаткі, у тым ліку транспартныя.

 
Важна рабіць стаўку на мо- ладзь, якая павінна ўлівацца ў рады сучасных агракомплексаў. Неабходна ўкараняць новае. У якасці прыкладу назваў тэхналогіі дакладнага земляробства, калі шыроказахопную тэхніку на палях вядзе спадарожнік, што дазваляе ў поўным аб’ёме апрацоўваць землі, экано- міць паліва і павялічваць ураджай. Дарэчы, яны ўжо выкарыстоўваюцца ў сельгаспрадпрыемстве «Мазалавагаз» Віцебскага раёна, а да канца пяцігодкі такія будуць укараняцца па ўсёй вобласці.

 

На шляху да паляпшэння сельскіх дарог

На Віцебшчыне каля 15 тысяч кіламетраў мясцовых дарог, з якіх толькі пяць тысяч – з цвёрдым пакрыццём. З кожнай вясной праблема іх стану абвастраецца. Аднак ёсць планы па рамонтах, вызначаны тэрміны правядзення работ, мадэрнізуюцца дарожныя арганізацыі. Як запэўніў старшыня аблвыканкама, дарогі будуць паляпшацца.

 

Запыталіся анлайн

Сёлета да прэс-канферэнцыі журналістаў падключыліся і жыхары вобласці. Ім прадаставілі магчымасць задаць пытанні старшыні аблвыканкама ў відэафармаце. Віцяблянка дзякавала за рэканструкцыю вуліцы Гагарына, якую прапанавала перайменаваць у праспект.
З аграгарадка Будзілава Бешанковіцкага раёна прасілі не зачыняць мясцовую школу. Тут Мікалай Шарснёў звярнуўся да мовы лічбаў. Ва ўстанове адукацыі 34 вучні, з якіх 17 выхаванцаў садка. Няма пятага класа, у чацвёртым і восьмым за партай па два дзіцяці. На працягу пяці гадоў вучняў паменела на 34 %. У мікрараёне школы жывуць 26 дзяцей, з якіх шэсць будучых першакласнікаў. Улічваючы малакамплектнасць базавай навучальнай установы, нізкі рэйтынг па якасці ведаў, мэтазгодна рэарганізаваць яе ў дзіцячы садок. Вучням прапануюць перавод у бліжэйшую сярэднюю, да якой будзе арганізаваны падвоз. Такі лёс усіх падобных школ.

 
З абласнога цэнтра цікавіліся перспектывай развіцця жыллёва-камунальных паслуг. Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу, што задача камунальнікаў – удасканальваць тэхналогіі, набываць новую тэхніку і выходзіць на сучасныя ўзаемаадносіны са спажыўцамі паслуг. Будуць выкараняцца факты халатных адносін да работы ў гэтай сферы, бо скарг нямала. Але і людзі не заўсёды правы, асабліва, калі перакладаюць свае праблемы на службу. Напрыклад, навядзенне парадку ля дамоў не павінна быць толькі абавязкам ЖКГ. Смецяць у пад’ездах не камунальнікі. Для ўборкі можна стварыць спецыяльныя брыгады. Не ўмеюць людзі прыбіраць за сабой – будуць плаціць тым, хто за іх гэта зробіць, звярнуў увагу старшыня аблвыканкама.

 

Коратка пра важнае

Рэдактар Ушацкай газеты пацікавілася, які райцэнтр можа ў наступны раз стаць сталіцай Дня беларускай пісьменнасці. На гэта званне прэтэндуе Гарадок.

 
Фестываль «Славянскі базар» для кіраўніка вобласці – гэта, перш за ўсё, – прэстыж Віцебшчыны. Па водгуках гасцей тут па-сяброўску цёпла, гасцінна, камфортна, да чаго заўсёды імкнуцца ў працэсе падрыхтоўкі. Сёлета маштабны мастацкі форум збярэ гасцей у 30-ы юбілейны раз. З-за пандэміі святочная праграма скарочана да трох дзён, але яна не менш цікавая і насычаная.

 
На прапанову завесці асабістую старонку ў Інстаграм старшыня аблвыканкама адказаў, што рабіць гэтага не збіраецца, бо спраў у яго хапае.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.