Состоялась церемония награждения лауреатов звания «Человек года Витебщины».

 19 лютага ў канцэртнай зале «Віцебск» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны». Сярод пяцідзесяці намінантаў – два таленавітыя, глыбока ведаючыя сваю справу прадстаўнікі міёрскага краю. Кожны з іх цэнны на сваім працоўным месцы. Гэта намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Кіра РУНДО і старшы майстар Міёрскага раёна газазабеспячэння Уладзімір МАКСІМЕНКА. 

 

Перад уручэннем узнагарод найлепшым працаўнікам народна-гаспадарчага комплексу Прыдзвінскага краю старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што званне «Чалавек года Віцебшчыны» не імгненны трыумф, а аўтарытэт, які каваўся гадамі. Добрасумленная праца, мэтанакіраванасць кожнага ўмацоўваюць імідж Віцебскай вобласці. Традыцыйна найлепшыя прадстаўнікі разнастайных сфер дзейнасці вызначаюцца па выніках работы на працягу года.

 
Мінулы 2020-ы быў няпросты, адзначыў кіраўнік вобласці, але абагаціў бясцэнным вопытам, запомніўся значнымі справамі. Усе прынятыя рашэнні былі ў імя і для чалавека, што сведчыць пра сацыяльна-арыентаваны характар дзяржаўнай палітыкі. У наш час немагчыма сфарміраваць асобу, раскрыць яе патэнцыял без адукацыі. На ўтрыманне і развіццё адпаведнага сегмента, са слоў Мікалая Шарснёва, штогод накіроўваецца трэцяя частка бюджэту вобласці. Дзякуючы гэтаму вучні паказваюць дастойныя вынікі на чэмпіянаце па рабочых прафесіях, пры цэнтралізаваным тэсціраванні, у алімпіядным руху, што сведчыць пра высокае майстэрства нашых педагогаў.

 

 У прыклад – Наталля Шчаглова, настаўніца матэматыкі 31-й Віцебскай школы імя Веры Харужай. Уладальніца тытула «Настаўнік года – 2020». За 15 гадоў педагагічнай дзейнасці яна падрыхтавала 36 пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Летась яе вучаніца заваявала тры сярэбраныя медалі на прэстыжных міжнародных конкурсах. У цэлым, па выніках 2020-га, школьнікі вобласці атрымалі 36 медалёў на міжнародных алімпіядах па матэматыцы, інфарматыцы, геаграфіі. А абласное Упраўленне па адукацыі ўжо другі год запар прызнаецца найлепшым у краіне.

 
У фокусе ўвагі сфера культуры. Пэўная частка дзейнасці яе работнікаў праходзіць за кулісамі. Там жа занята і загадчык мастацка-пастановачнай часці Цэнтра культуры Віцебска Таццяна Куляшова. Яна распрацавала і ўвасобіла сцэнічнае афармленне пляцовак Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2020», у тым ліку галоўнай – Летняга амфітэатра. Упершыню ў гісторыі форуму сцэнаграфію рыхтаваў беларускі бок, а менавіта з Віцебшчыны, бо ў папярэднія гады дызайнерскія рашэнні ўвасаблялі выключна расійскія спецыялісты.

 
 Важна і тое, што перамога ў адборачным туры і гран-пры міжнароднага дзіцячага музычага конкурсу дасталася прадстаўніку Віцебска. Гэта Ангеліна Ламака. За высокі выканальніцкі ўзровень адзначана спецыяльным прызам Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі. Да таго ж, стала ўладальніцай прэміі з прысваеннем звання стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

 
Мэтанакіраваныя і працавітыя нашы спартсмены. Для іх, як і для ўсіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, Віцебшчына прырастае новымі спартзаламі, басейнамі стадыёнамі. Гэта прыносіць свой плён. Мінулы год з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі адзначаны нешматлікімі стартамі. Аднак на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах спартсмены вобласці заваявалі дзесяць медалёў.

 
Многае на Віцебшчыне робіцца для таго, каб у кожнага была магчымасць атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу. Чвэрць бюджэту вобласці затрачваецца на гэта. Мінулы год выпрабоўваў сферу аховы здароўя пандэміяй. Першай на барацьбу з каронавірусным націскам ступіла Віцебская абласная інфекцыйная бальніца пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага ўрача Ірыны Раманенкавай. У стацыянары паспяхова пралячылі звыш 2,7 тысячы пацыентаў з кавідам, у тым ліку 245 з цяжкім дыхальным недахопам.

 
 Галоўная ў рэгіёне ўстанова аховы здароўя, дзе аказвалі меддапамогу парадзіхам з каронавіруснай інфекцыяй, – Віцебская абласная радзільня. У такіх умовах урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Іна Будрыцкая ўкараніла высокатэхналагічныя метады выходжвання неданошаных немаўлят з нізкай вагой цела. У многім дзякуючы гэтаму дасягнута стопрацэнтная іх выжывальнасць. Аж пяць медыкаў з розных устаноў аховы здароўя сталі лаўрэатамі звання «Чалавек года Віцебшчыны – 2020».

 
Як звярнуў увагу старшыня аблвыканкама, у рэгіёне супрацьстаялі пандэміі, не спыняючы вытворчасць. Калектывы арганізацый і прадпрыемстваў працавалі ў рэжыме найвышэйшай мабілізацыі. У такіх умовах многія граматна арганізавалі тэхналагічныя працэсы, павысілі паказчыкі. Трэць прадукцыі, якую вырабляе наша прамысловасць, інавацыйная. Гэта самы высокі паказчык у рэспубліцы. Разам з традыцыйнымі аб’ектамі, у ліку якіх дамы, дарогі, масты, школы, бальніцы, гандлёвыя цэнтры, з’яўляюцца вытворчасці заўтрашняга дня. У тым пераліку і міёрскі завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі.

 
 Расце і дзелавая актыўнасць грамадзян. Суб’екты прадпрымальніцтва, створаныя ў сельскай мясцовасці, дапамагаюць вырашыць і эканамічныя задачы, і занятасць насельніцтва. Першапачаткова на невялікай дрэваапрацоўчай фірме «КімаБел» Полацкага раёна, якой кіруе Вадзім Васянкоў, працавала ўсяго тры чалавекі. Цяпер там заняты 235. Летась на прадпрыемстве запусцілі самы сучасны ў Беларусі лесапільны комплекс. Нарошчваюць аб’ёмы замежных паставак.

 

Развіваецца і аграпрамысловы комплекс, на долю якога даводзіцца пятая частка валавага рэгіянальнага прадукта, больш за чвэрць інвестыцый, амаль 20 % усіх працоўных у рэальным сектары эканомікі. У мінулым годзе ў аграрыяў нямала дасягненняў, праца кожнага сфарміравала агульны вынік. Так, вобласць павялічыла вытворчасць зерневых і зернебабовых культур, малака. Удвая вырас валавы збор кукурузнага зерня. Атрымана самая высокая ў рэспубліцы ўраджайнасць бульбы і агародніны адкрытага грунту.

 

Віцебшчына імкнецца стварыць максімальна прывабныя ўмовы для работы ў аграрным сектары, павысіць прэстыж галіны, пераламіць сітуацыю з кадравым дэфіцытам. Галоўным застанецца паляпшэнне інфраструктуры насельніцтва, матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, у тым ліку маладых. Што да апошніх, у вобласці вырашыліся на беспрэцэдэнтны крок: ужо з наступнага месяца маладым спецыялістам сферы жывёлагадоўлі штомесячна будзе налічваецца да заробку тысяча рублёў.

 
Более лідараў, якія дасягаюць шасці, сямі і нават васьмітысячных намалотаў. У іх ліку – трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці «Борздаўка-Агра» Аршанскага раёна Уладзімір Палячынскі. За мінулую ўборачную кампанію ён намалаціў 8 868 тон, устанавіўшы абсалютны рэкорд за ўвесь аграрны летапіс Віцебскай вобласці.

 
Парадаваў вынікамі трактарыст-машыніст «Праземле-Агра» Чашніцкага раёна Алег Шарлай, які ўзяў, здавалася, недасягальную аграрную вышыню. У мінулым сельскагаспадарчым сезоне на трактары «Кейс-500» з плугам 12 карпусоў фірмы «Лемкен» узараў 4 896 гектараў. Гэта пятая частка ад усяго аб’ёму пашы раёна. Да таго ж, на КВК-800 нарыхтаваў 6 899 тон зялёнай масы – амаль чвэрць ад назапашанага аб’ёму ў гаспадарцы.

 
– Ці ж гэта не маякі! Ці ж не лідары! – захапляўся старшыня аблвыканкама. Усім лаўрэатам пачэснага звання «Чалавек года Віцебшчыны» Мікалай Шарснёў уручыў дыпломы аблвыканкама і нагрудныя знакі. У элітнай кагорце і вартыя прадстаўнікі Міёршчыны. Агульная мэта – замацаваць станоўчыя тэндэнцыі Прыдзвіння, рабіць яго жыццё яшчэ больш дынамічным і шчаслівым. Адзіны шлях да гэтага – высокапрадукцыйная праца, адказныя і творчыя адносіны да справы кожнага на сваім працоўным месцы.

 

У ліку важных стратэгічных задач: навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Паступова генеруецца новы вобраз сельскай мясцовасці, што набыло асаблівае гучанне за мінулую трылогію Года малой радзімы. Эталонам пераўтварэнняў стаў аграгарадок Копысь, такія ж прыгожыя цяпер Балбасава, Езярышча, Бягомль, Багушэўск, Відзы, Обаль. На чарзе Асвея і Сураж, а таксама аб’екты Шумілінскага раёна, дзе пройдуць абласныя Дажынкі – 2021. Гэтыя намаганні накіраваны на дабрабыт нашай айчыны і маладога пакалення.

 
Павіншаваў лаўрэатаў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, звярнуў увагу, што за такімі людзьмі – будучыня краіны. Знакавыя асобы, якія ствараюць эканоміку рэгіёна, ахоўваюць бяспеку, стабільнасць, мір, развіваюць чалавечы капітал, захоўваюць і памнажаюць духоўныя каштоўнасці, па праве становяцца гордасцю беларусаў. Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам найлепшых салістаў і мастацкіх калектываў вобласці. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.  

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.