“Чалавек года Віцебшчыны”
gazeta 1-02-2011, 14:14 2 305 На Віцебшчыне
Сонечная атмасфера свята панавала ў мінулую пятніцу ў абласным Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Тут сабраліся дэлегацыі з усіх раёнаў, а ў іх складзе—лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, сферы абслугоўвання, адукацыі, медыцыны, культуры, праваахоўчых органаў, тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Дарэчы, ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” ўдастоена 100 лепшых з лепшых. З Міёрскага раёна гэта ў намінацыі “Аграпрамысловы комплекс” Антон Уладзіміравіч Радзіка—дырэктар ААТ “Дрыгучы”, у намінацыі “Энергетыка, транспарт, камунікацыі” Генадзь Мікалаевіч Мішута—вадзіцель філіяла Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнню палівам “Віцебскаблпаліва” і ў намінацыі “Ахова здароўя” Георгій Іванавіч Раманенка—урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг (загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі) УАЗ “Міёрская ЦРБ”.

Цырымонію ўзнагароджвання адкрыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Косінец. Ён адзначыў, што менавіта такімі людзьмі, якія сабраліся ў зале, будуецца моцная і квітнеючая дзяржава. Вось і ў 2010 годзе забяспечана ўстойлівая дынаміка развіцця Прыдзвінскага краю, дасягнута харчовая бяспека, створаны ўмовы для якаснага жыцця. Але ж новы год будзе яшчэ больш напружаным, бо неабходна павялічыць аб’ёмы вытворчасці яшчэ на 20%, распачаць мадэрнізацыю ўсяго народна-гаспадарчага комплексу.
А. М. Косінец уручыў усім лаўрэатам высокага звання “Чалавек года Віцебшчыны” дыпломы, нагрудныя знакі, да якіх прадугледжана і грашовая прэмія ў 10 мільёнаў рублёў кожнаму, і букеты кветак. Кіраўнік вобласці паабяцаў, што ў наступным годзе падарункамі лепшым людзям будуць аўтамабілі “Саманд”.
Зала кожнага намінанта сустракала апладысментамі за старанне ў працы, высокія надоі, прывагі, намалоты, перамогі ў конкурсах, рост аб’ёмаў, укараненне новых тэхналогій і форм абслугоўвання. Усё цяжка пералічыць. І сёлета будзе дзе праявіць кожнаму сваю ініцыятыву, талент, творчасць і любоў да працы, бо прынята да рэалізацыі 25 рэгіянальных праграм.
У заключэнне адбыўся вялікі святочны канцэрт, падрыхтаваны ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск”. Да слова, і яго кіраўнік Радзіён Бас—таксама “Чалавек года”. І заслужана.
На здымках: 1. Антон Уладзіміравіч Радзіка, 2. Генадзь Мікалаевіч Мішута, 3. Георгій Іванавіч Раманенка.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



