Кредиты, карточки, счета

Кредиты, карточки, счета Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №213 філіяла №214 ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Мікалаеўна Юшкевіч правяла “прамую лінію” з чытачамі раённай газеты. Ёй паступілі наступныя пытанні:

— Мой сын закончыў сярэднюю школу і будзе паступаць вучыцца. Ці змагу я ўзяць у вас крэдыт на аплату вучобы?

 

—   На аплату першай вышэйшай адукацыі прадастаўляюцца льготны крэдыт і крэдыт на агульных падставах, а на аплату першай сярэдняй спецыяльнай адукацыі — толькі крэдыт на агульных падставах.

 

Крэдыты на агульных падставах для аплаты першай вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадастаўляюцца ў поўным аб’ёме кошту навучання на тэрмін да 10 гадоў з уплатай працэнтаў на ўзроўні стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Пагашэнне ажыццяўляецца з наступнага месяца пасля заканчэння ўстановы адукацыі на працягу 5 гадоў пры атрыманні першай адукацыі дзённай формы ва ўстановах вышэйшай адукацыі і на працягу 3 гадоў — ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Працэнты плацяцца штомесяц з наступнага месяца пасля атрымання крэдыту.

 

Ільготны крэдыт прадастаўляецца грамадзянам, калі іх сярэдні сукупны даход на члена сям’і ў месяц за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы дакументаў для яго атрымання, не перабольшвае 350% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

 

Максімальная велічыня льготнага крэдыту вызначаецца штогод і не можа перабольшваць 70% кошту навучання за вучэбны год. Працэнты плацяцца ў памеры 1/2 стаўкі рэфінансавання Нацбанка штомесяц, з наступнага месяца пасля атрымання кожнай часткі крэдыту. Вяртанне льготнага крэдыту ажыццяўляецца з наступнага месяца пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы на працягу 5 гадоў роўнымі долямі.

 

Выдача льготнага крэдыту і крэдыту на агульных падставах праводзіцца ў беларускіх рублях безнаяўным пералічэннем на рахунак установы адукацыі па заяве і дакументах для аплаты навучання ў адпаведнасці з тэрмінамі, указанымі ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста на платнай падставе. Крэдыты прадастаўляюцца ў межах плацёжаздольнасці крэдытаатрымальніка і пры наяўнасці дастатковага забеспячэння.

 

— Кажуць, што ў банку можна набыць падарункавыя пластыкавыя карткі. Раскажыце, што гэта такое?

— Падарункавая картка “Маэстро”, набыць якую можна за некалькі хвілін, упакавана ў маляўнічы канверт і стане жаданым падарункам знаёмым, родным і блізкім. Вы падорыце блізкаму чалавеку магчымасць самому рашаць, якое жаданне ажыццявіцца ў гэты раз. Стыльная і элегантная картка “Маэстро” дазваляе праводзіць безнаяўныя плацяжы ў арганізацыях гандлю (сервісу), інфакіёсках, банкаматах, з мабільнага тэлефона, а яшчэ атрымліваць наяўныя грашовыя сродкі.

 

Пры неабходнасці ўладальнік карткі можа папоўніць яе і прадоўжыць карыстацца ёю на ўсёй тэрыторыі рэспублікі.

Падарункавая картка “Маэстро” афармляецца без прадастаўлення дакумента, што засведчвае асобу, тэрмінам на 1 год. Узнагароджанне за яе абслугоўванне складае 25 тысяч рублёў і першапачатковы ліміт—50 тыс. рублёў.

 

— На які ўклад найбольш выгадна класці беларускія рублі?

— ААТ “ААБ Беларусбанк” прапануе розныя віды ўкладаў. Для тых, хто жадае накапліваць свае зберажэнні, лепш тэрміновы банкаўскі ўклад “Класік плюс” з працэнтнай стаўкай 36% гадавых (стаўка  рэфінансавання плюс 4 працэнтныя пункты). Пры захаванні ўсіх умоў у дзень наступлення тэрміну вяртання выплочваецца дадаткова прэміяльны даход у 1,8% гадавых. Тэрмін захоўвання 18 месяцаў. Расходныя аперацыі можна праводзіць у межах рэштку капіталізаваных працэнтаў. Магчыма папаўненне ўкладу і яго адкрыццё на імя іншай асобы. Мінімальны першапачатковы ўзнос — 500 тыс. беларускіх рублёў.

 

Калі не вызначыліся, набываць тавар цяпер ці пазней, прапануем размясціць грашовыя сродкі на тэрміновы банкаўскі ўклад “Ашчадны” з працэнтнай стаўкай 34% гадавых тэрмінам на 3 гады, але пасля першых трох месяцаў захоўвання можна праводзіць расходныя аперацыі ў любой суме без пераразліку даходу. Калі ж вам раптоўна спатрэбіліся грошы, размешчаныя на рахунку, да заканчэння першых трох месяцаў іх захоўвання, то ёсць магчымасць іх атрымаць з працэнтамі ў памеры 9% гадавых. Расходныя аперацыі, здзейсненыя ў межах рэштку капіталізаваных працэнтаў у першыя тры месяцы таксама не выклікаюць пераразліку даходаў. Магчыма папаўненне ўкладу і яго адкрыццё на імя іншай асобы. Мінімальны першапачатковы ўзнос — 100 тыс. беларускіх рублёў.

 

— Чуў, што знізіліся працэнты па крэдытах на пакупку жылля на агульных падставах, якія яны цяпер і на якіх умовах?

— Сапраўды, грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, працэнты з 11 чэрвеня знізіліся на 5% і складаюць 25% гадавых за фактычны час карыстання крэдытам (для грамадзян, якія пастаянна жывуць, працуюць і набываюць жыллё ў сельскіх населеных пунктах — па 24% гадавых). Гэтыя крэдыты прадастаўляюцца на тэрмін да 20 гадоў, не маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў — тэрмінам да 15 гадоў з уплатай 35% гадавых. Для набыцця жылля крэдыт банка на агульных падставах прадастаўляецца ў памеры да 75% кошту набываемага жылога памяшкання.

 

Канкрэтная сума крэдыту вызначаецца, зыходзячы з плацёжаздольнасці крэдытаатрымальніка. Пры недастатковай плацёжаздольнасці пры разліку сумы на пакупку жылля ў сукупны даход могуць прымацца даходы яго паручальнікаў, як правіла, блізкіх родных.

 

— Ці можна аформіць пластыкавую картку з уласнай выявай?

— Так, можна аформіць пластыкавую картку БелКарт-М з індывідуальным дызайнам “ФотаКарта”. На яе можа быць нанесена выява, выбраная з сямейных архіваў ці з галерэі дызайнаў, што прапануе банк.

“ФотаКарта” прызначана для выкарыстання ў Беларусі, карт-рахунак адкрываецца ў беларускіх рублях. Картка можа быць аформлена на 1 ці 2 гады, за гэта спаганяецца ўзнагароджанне.

 

Для афармлення заказу трэба звярнуцца ў аддзел рознічнага бізнесу ЦБП ці аформіць заказ самастойна праз спецыяльны раздзел сайта ААТ “ААБ Беларусбанк” www.belarusbank.by у рубрыцы Фізічным асобам — Пластыкавыя карткі для фізічных асоб—Картка з індывідуальным дызайнам “ФотаКарта”.

 

— Хачу падключыць “Інтэрнэт-банкінг”, куды мне звярнуцца і колькі гэта паслуга каштуе?

— Звяртайцеся ў аддзел рознічнага бізнесу з дакументам, які засведчвае асобу, і банкаўскай пластыкавай карткай, эміціраванай банкам. У перыяд з 1 чэрвеня і да 31 снежня сёлета пры аказанні трымальнікамі картак банка паслуг па сістэме Інтэрнэт-банкінг ва ўстановах банка ўзнагароджанне не спаганяецца.

 

— У мяне адкрыты ўклад “Ашчадны”, ці можна яго папаўняць у іншым населеным пункце? І што для гэтага патрэбна?

— Ва ўсіх аддзяленнях ААТ “ААБ Беларусбанк” укаранёна тэхналогія здзяйснення аперацый па ўкладах насельніцтва незалежна ад месца адкрыцця ўкладнога рахунку на падставе адзінай базы дадзеных. Таму папаўненне тэрміновага банкаўскага ўкладу “Ашчадны”, а таксама іншых можна рабіць у любым аддзяленні банка на тэрыторыі Беларусі незалежна ад таго, у якім аддзяленні адкрыты ўкладны рахунак. Трымальнікам пластыкавых картак прадастаўлена магчымасць папаўняць укладны рахунак праз інфакіёскі, Інтэрнэт-банкінг, М-банкінг.

 

Для здзяйснення аперацыі ўкладальніку грашовых сродкаў трэба ведаць нумар аддзялення банка, у якім адкрыты рахунак, нумар рахунку  і яго від, прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка рахунку.

 

— З якога ўзросту можна аформіць пластыкавую картку?

— Адкрыць карт-рахунак і аформіць пластыкавую картку ААТ “ААБ Беларусбанк” можа любая фізічная асоба, якая дасягнула 14-гадовага ўзросту, пры наяўнасці дакумента, што засведчвае асобу. У той жа час бацькам (усынавіцелям, папячыцелям) прадастаўляецца магчымасць аформіць да свайго карт-рахунку дадатковую пластыкавую картку з індывідуальным дызайнам БелКарт-М “Дзіцячая”, прызначаную спецыяльна для непаўналетніх ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў.

 

 — Ці даюць крэдыты маладым спецыялістам, і на якіх умовах?

— Маладым спецыялістам, якія прыступілі да работы па размеркаванні ці накіраванні не па месцы жыхарства бацькоў,  крэдыты выдаюцца. Права на льготны крэдыт для набыцця тавараў айчыннай вытворчасці — дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці можа быць выкарыстана выпускні-ком адзін раз на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Выпускнікам дзяржаўных устаноў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю па профілі “Ахова здароўя” — на працягу двух гадоў пасля праходжання інтэрнатуры (стажыроўкі). Гэтыя крэдыты выдаюцца ў памеры 15-разовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага на дату выдачы крэдыту, тэрмінам да 5 гадоў з уплатай за карыстанне 25% стаўкі рэфінансавання па спісах, зацверджаных райвыканкамам.

 

— Што рабіць, калі банкамат ці інфакіёск забраў картку і не вяртае яе?

— Спачатку неабходна пераканацца, што банкамат ці інфакіёск не прапануе правесці наступную аперацыю. Пачакайце некалькі хвілін. Калі і пасля гэтага картка не вернута, не адыходзячы ад банкамата ці інфакіёска, адразу заблакіруйце картку тэлефонным званком у кругласутачную сервісную службу — (017) 299-25-26. Таксама заблакіраваць картку можна з дапамогай мабільнага тэлефона (калі трымальнік з’яўляецца карыстальнікам СМС-банкінгу, М-банкінгу). Затрыманая банкаматам ці інфакіёскам пластыкавая картка будзе накіравана ўстановай банка, які абслугоўвае гэтае прыстасаванне, у той банк, які картку выпусціў. Для яе атрымання неабходна звярнуцца туды з дакументам, які засведчвае асобу.

 

Для аператыўнага атрымання пластыкавай карткі можна неадкладна звярнуцца ў аператарскую службу, тэл. якой размешчаны на банкамаце ці інфакіёску. Для атрымання карткі неабходна мець дакумент, які засведчвае асобу.

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.