Захапляльнай і пазнавальнай для вучняў Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна атрымалася экскурсія ў Бярэзінскі біясферны запаведнік і на гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы» ў Полацкім раёне. Скіраваліся ў паездку, каб лепш пазнаёміцца з прыродай рэгіёна і ўшанаваць памяць герояў, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму.
Падчас экскурсіі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку дзеці даведаліся пра разнастайнасць яго флоры і фаўны, пераканаліся ў важнасці аховы прыроды.
Моцныя ўражанні пакінула наведванне гісторыка-культурнага комплексу «Поле ратнай славы». Гэтае месца было рубяжом абароны, дзе байцы 508-га стралковага палка 174-й стралковай дывізіі пад камандаваннем камбрыга Аляксея Зыгіна і 43-га кулямётнага батальёна Полацкага ўмацаванага раёна ўтрымлівалі сілы праціўніка ў першай палове ліпеня 1941 года.
Школьнікі ўшанавалі памяць воінаў, пабывалі ў бліндажы, у сапраўднай доўгачасовай агнявой кропцы, дзе пакінула свае сляды вайна, прайшліся па акопах.
Такія мерапрыемствы дапамагаюць маладому пакаленню лепш зразумець гістарычную спадчыну, каштоўнасць міру і прыроды, выхоўваюць пачуццё ўдзячнасці і адказнасць за будучыню.
Святлана ЯЛЕНСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Фота аўтара.