После уроков на экскурсию едут школьники Миорщины

Хатынь и музей Великой Отечественной войны, Беловежская пуща и Березинский заповедник, БелАЗ и МТЗ... о мемориальных комплексах и музеях, крупных промышленных предприятиях, природных и архитектурных особенностях страны школьникам рассказывают на уроках, во время воспитательных мероприятий. Образовательный эффект увеличивается в разы, когда услышанное и увиденное на картинках предстает перед глазами детей в натуральную величину.

 

Хатынь і музей Вялікай Айчыннай вайны, Белавежская пушча і Бярэзінскі запаведнік, БелАЗ і МТЗ… Пра мемарыяльныя комплексы і музеі, буйныя прамысловыя прадпрыемствы, прыродныя і архітэктурныя адметнасці краіны школьнікам расказваюць на ўроках, падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Адукацыйны эфект павялічваецца ў разы, калі пачутае і ўбачанае на карцінках паўстае перад вачыма дзяцей у натуральную велічыню.

Адукацыйны турызм лічаць адным з найбольш паспяховых турыстычных накірункаў. Наведванне мемарыяльных комплексаў, музеяў, помнікаў прыроды і архітэктуры – свайго роду дапаўненне да школьных вучэбных праграм. У Дэпартаменце па турызме Міністэрства спорту і турызму заўважаюць, што апошнім часам у маршруты экскурсій для навучэнцаў усё часцей уключаюць месцы, звязаныя з генацыдам беларускага народа, і помнікі, якія адлюстроўваюць гераічную барацьбу нашых воінаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Няма ў Беларусі такога куточка, куды б ні зазірнула вайна. Паўсюль яна пакінула свае трагічныя сляды. Нямала іх на Міёршчыне. Так, 14 чэрвеня 1942 года ў Дзісне фашысты знішчылі 3 800 мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Наведаць брацкую магілу збіраюцца вучні Сіцькоўскай БШ.

– Таксама плануем паездку на мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкі раён, – заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Яроменак. – З Дзісной нашы вучні добра знаёмы. Былі ў музеі гісторыі горада, што знаходзіцца ў мясцовым філіяле раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, гулялі па брукаваных вулачках. Вывучылі і адметнасці Міёр.

Падарожнічаюць у мінулае сіцькоўскія школьнікі, не пакідаючы сцен сваёй установы адукацыі. Урокі гісторыі і літаратуры часам праходзяць у музеі. Як расказала Людміла Іванаўна, у гэтым навучальным годзе распачалі рэалізацыю інавацыйнага праекта «Школьны музей як рэсурс грамадзянска-патрыятычнага развіцця і выхавання навучэнцаў». Сярод яго мэт – выкарыстанне музейных экспанатаў у адукацыйным працэсе. У якасці турыстычнага аб’екта музей вабіць вучняў іншых школ. Нядаўна пабывалі тут навучэнцы Туркоўскай БШ.

Урокі музейнай педагогікі – пастаянная з’ява ў музеях СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Цяпер іх тэматыка – 35-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. Кожную чвэрць вучні школы выпраўляюцца на экскурсіі.

– Нядаўна вярнуліся з Жодзіна, дзе наведалі БелАЗ, дзевяцікласнікі. Таксама ў маршрут быў уключаны мемарыяльны комплекс на месцы вёскі Шунёўка ў Докшыцкім раёне. У канцы лістапада старшакласнікі пабывалі ў сталічным музеі займальных навук «Квантум», заехалі ў Хатынь, – пералічвае месцы вандровак намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Гагалінская. – План экскурсій распрацоўваем з акцэнтам на патрыятычнае выхаванне, разам з тым уключаем забаўляльна-развівальныя аб’екты. Да прыкладу, на зімовых канікулах вучні пятых і шостых класаў у Мінску наведалі навагодняе прадстаўленне і таксама зазірнулі ў «Квантум». Наступную паездку плануем у Полацк. Летам ладзім паходы па родным краі.

Адкрываюць новае ў тым, што побач, вучні Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча. Цёплай парой на занятках факультатыва «Краязнаўства» скіроўваліся знаёміцца бліжэй з мясцовымі адметнасцямі. У іх ліку царква Святога Мікалая канца 19 стагоддзя, дэндрапарк, дзе займаліся аднаўленчымі работамі выпускнікі школы.

– Экскурсіі для вучняў і гасцей праходзяць у школьным музеі, прысвечаным жыццю і творчасці нашага вядомага земляка Генадзя Цітовіча. Год таму тут правялі рэканструкцыю, – распавядае дырэктар установы Вольга Усціновіч. – Мінулы навучальны год запомніўся дзецям экскурсіямі ў Бярэзінскі біясферны запаведнік, у музеі Полацка. У гэтым годзе наведалі гісторыка-этнаграфічны музей у Міёрах. Такія паездкі – важны складнік адукацыйнага працэсу. Адна справа чытаць і слухаць пра тыя ці іншыя месцы, зусім іншая – бачыць іх на ўласныя вочы, адчуваць душой. Да прыкладу, знаходзячыся ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», трагедыю гэтай вёскі і ўсёй Беларусі адчуваеш куды мацней, чым калі чытаць пра яе ў падручніку. Наведванне гістарычных месцаў краіны, помнікаў прыроды і архітэктуры, музеяў і так далей садзейнічае выхаванню патрыёта. 

Кацярына Рынкевіч.
Фота з адкрытых інтэрнет-рэсурсаў.

0 комментариев

Добавить комментарий