Про ремонт на льготных условиях рассказала начальник отдела архитектуры и строительства, ЖКХ райисполкома
gazeta Сегодня, 12:06 67 Грамадства
Умовамі, на якіх можна атрымаць ільготны крэдыт на рамонт дома і гаспадарчых пабудоў, пацікавілася міярчанка. За тлумачэннямі рэдакцыя звярнулася да начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяны Войніч:
– Гэта магчыма ў адпаведнасці з Указам ад 7 лютага 2006 года № 75 «Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў». Міёры падпадаюць пад дадзеныя ўмовы. Акрамя жылых дамоў рамонтам можна ахапіць хлеў, гараж, лазню або скіраваць выдзеленыя сродкі на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Выдаюць крэдыт працаздольным грамадзянам, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не перавышае трохразовага сярэднямесячнага бюджэту пражытковага мінімуму для працаздольнага насельніцтва, вылічанага за дванаццаць месяцаў, што папярэднічаюць месяцу падачы дакументаў для ўключэння іх у спісы на атрыманне ільготных крэдытаў.
Той, хто дасягнуў узросту, што дае права на атрыманне пенсіі, але працягвае працаваць, таксама мае права заключыць крэдытны дагавор. Калі ўласнік жылога памяшкання не працуе, то з яго згоды гэтая пазыка прадастаўляецца членам яго сям’і, якія пражываюць з ім.
Ільготны крэдыт прадастаўляецца па зацверджаных спісах райвыканкама. Для ўключэння ў іх неабходна падаць заяву ў службу «адно акно» райвыканкама і прадаставіць наступныя дакументы: пашпарт; дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на жылое памяшканне; каштарысную дакументацыю на выкананне работ пры капітальным рамонце жылога памяшкання, а пры рэканструкцыі ці ўзвядзенні памяшканняў і пабудоў – праектна-каштарысную дакументацыю; звесткі пра сукупны даход грамадзяніна і членаў яго сям’і за дванаццаць месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы заявы.
Максімальны памер крэдыта складзе 90 % кошту выдаткаў на работы, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не больш за 300 базавых велічынь, памер якой дзейнічае на дзень уключэння грамадзянінана ў спіс для льготнага крэдытавання. На сёння гэтая сума складае 12,6 тысячы рублёў.
Права на атрыманне льготнага крэдыта грамадзянін можа выкарыстаць адзін раз у адносінах аднаго жылога памяшкання. Максімальны тэрмін – дзесяць гадоў пад 3 % гадавых.
Больш падрабязна пракансультуюць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама па нумары 5 19 03.
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.




