Авторизация
 

На мінулым пасяджэнні Міёрскага райвыканкама прааналізавалі паляпшэнне асяродку пражывання грамадзян

 Захаванасць і ўтрыманне жыллёвага фонду, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, добраўпарадкаванне вуліц і двароў, санітарная ачыстка населеных пунктаў, асвятленне і азеляненне. Намаганні камунальнай службы засяроджаны і на цеплавой мадэрнізацыі, пашыраным выкарыстанні мясцовых відаў паліва ў цепла- энергетыцы, паляпшэнні якасці пітной вады, укараненні новых падыходаў да абыходжання з бытавымі адходамі. Задачы складанага шматгаліновага вытворча-тэхнічнага комплексу пакладзены ў аснову Канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны да 2025 года. Пастановай Савета Міністраў зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі аднайменнай дырэктывы № 7. Шэсць яе раздзелаў накіраваны на паляпшэнне асяродку пражывання грамадзян. Як садзейнічаюць гэтаму на Міёршчыне, прааналізавалі на мінулым пасяджэнні райвыканкама. Удзел у ім прынялі намеснік Старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр КУРЛЫПА і старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Уладзімір ГАДЗЯЦКІ.

 

Якасная вада – крыштальна чыстая
З 2018-га да 31 мая ГЭТАГА года паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення насельніцтву раёна аказваў філіял «Міёрыводаканал». Пасля яго ліквідацыі 1 чэрвеня паўнамоцтвы перадалі «Наваполацкводаканалу». Як нагадала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканканкама Вераніка Вішнеўская, у 2020 годзе ў рамках падпраграмы «Чыстая вада» праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльны асяродак» пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Канцэраве і Пад’ельцах, сёлета радуюцца гэтаму ў Даўгінаве. У 2022 – 2025 гадах дачакаюцца жаданага жыхары Туркова, Ідолта, Павяцця, у чым пасадзейнічае фінансавая падтрымка Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

 
Летась рэалізаваны праекты па водазабеспячэнні і водаадвядзенні пасёлка ЛВДС «Дзісна». Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі ў райцэнтры, што ў планах на 2023 – 2025 гады. Тым часам ідзе замена сетак водазабеспячэння, асобныя ўчасткі якіх зношаны на 90 працэнтаў.

 

Камфортнае жыллё – эстэтычнае і цёплае

На балансе УП ЖКГ раёна 172 шматкватэрныя жылыя дамы агульнай плошчай каля 110 тысяч м2. Да 2023 года запланавана капітальна адрамантаваць дзесяць, што дазваляе дасягнуць даведзенага Дырэктывай № 7 штогадовага плану не менш за тры працэнты ад эксплуатуемага жыллёвага фонду. Наваполацкая кіруючая кампанія праводзіць працэдуру закупак па выбары выканаўцаў работ.
Сёлета па капітальным рамонце неабходна выканаць заданне ў 3,2 тысячы м2. Дом па вуліцы Кірава ў Дзісне ўжо аднавілі. Вядуцца праектна-вышукальніцкія работы, каб палепшыць стан жылля грамадзян у аграгарадку Язна па вуліцах Зорнай і Камуністычнай, 48 у райцэнтры.

 
Па Указе ад 4 верасня 2019 года № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў» ёсць магчымасць зрабіць гэта за кошт жыхароў на льготных умовах. Сфарміраваны спіс, дзе рэальна правесці энергаэфектыўныя мерапрыемствы. Актуальны і перавод шматкватэрнага жылля на электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, чаму ў першую чаргу належаць дамы з пячным ацяпленнем. На сёлетнім сходзе з жыхарамі дома па вуліцы Камуністычнай атрымана згода практычна ўсіх уласнікаў. Яго ўключылі ў праграму капітальнага рамонту на 2022 год. Для гэтага спатрэбіцца рэканструкцыя ўнутрыдамавых і знешніх электрычных сетак.

 
Цеплыня ў дамах – чарговы важны аргумент эфектыўнай работы камунальнай службы. Яна абслугоўвае 22 кацельні і 42,537 кіламетраў цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні. Штогод зніжаецца аб’ём страт цеплавой энергіі, што абумоўлена энергазберагальнымі мерапрыемствамі. Асноўнае з іх – замена зношаных цеплавых сетак на ПІ-трубы. На бягучы год яна запланавана на ўчастку ў чатыры кіламетры ў аднатрубным вылічэнні. Важнае значэнне для энергазберажэння мае ўцяпленне гарышчаў, аконных праёмаў, замена свяцільняў на энергаэфектыўныя, устаноўка праграмна-акустычнага рэле на лесвічных пляцоўках. Сёлета плануецца замяніць кацёл з нізкім каэфіцыентам карыснага дзеяння на больш эфектыўны ў кацельні Новапагосцкай школы.

 

Прывабныя вуліцы – прыбраныя, у кветках і мадэрнізаваныя

Стараннямі камунальнікаў з ранняй вясны да позняй восені буяюць яркімі фарбамі кветак вуліцы Міёр і Дзісны. Штогод для эстэтычнага дэкору высаджваюць звыш 12 тысяч розных гатункаў, расаду вырошчваюць у цяпліцах УП ЖКГ. Новыя кветнікі разнастаілі тэрыторыю гандлёвай плошчы ў райцэнтры. У працэсе азелянення падсявалі газоны, агульная плошча якіх 220 м2. Яшчэ абразалі і амалоджвалі дрэвы, высаджвалі новыя. Туі, івы, дубы і елкі канадскія разнастайваюць не толькі гарадскія пейзажы. Напрыклад, сёлета дапоўнілі маляўнічыя новапагосцкія мясціны.

 
Радуюць вока адрамантаваныя дамы. Набылі новае аблічча спартыўныя і дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі ў дварах па вуліцы Камуністычнай, Дзяржынскага, Я. Томкі. У горадзе более лавачак. На новых можна адпачыць цяпер і ля кафэ «Чайка», райпаліклінікі. Прыемна прагульвацца не толькі па чыстых і добраўпарадкаваных, але і асветленых вулачках. За першае паўгоддзе камунальнікі замянілі 17 вонкавых свяцільняў, 57 лямп. Асаблівая ўвага – гарадскім і сельскім могілкам. Тут своечасова выдаляюць сухія дрэвы, выкошваюць траву, вывозяць смецце. Усяго УП ЖКГ абслугоўвае 172 месцы вечнага спачыну землякоў, пяць з якіх – у горадзе.

 
Даглядаюць і вулічна-дарожную сетку. На балансе камунальнікаў 262,42 кіламетра, з якіх 178,48 у сельскіх населеных пунктах, 34 дваровыя тэрыторыі. Праблем на гэтым участку нямала, хоць і робіцца шмат. 39,87 кіламетра прафілявалі і падсыпалі ў індывідуальным сектары, на плошчы ў 420 м2 правялі ямкавы рамонт. 0,45 кіламетра прыдарожных канаў вызвалілі ад смецця і пустазелля. Рухацца зручней і дзякуючы рэгулярнаму ачышчэнню ад смецця тратуараў, дарог і пераходаў.

 
Пэўная ўвага надаецца развіццю сацыяльнай і турыстычнай інфраструктуры. Радуе адпачывальнікаў пляж у Пераброддзі. У рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» папрыгажэў паўвостраў. Тут з’явілася новая альтанка, адрамантаваны аўтапаркоўка, пешаходная дарожка, танцпляцоўка, устаноўлены кантэйнеры для збору смецця, свяцільні. Асабліва ў вячэрні час вабіць увагу турыстаў арт-аб’ект «Міёры 1514». У райцэнтры і Дзісне ўстанавілі лаўкі і сметніцы, вырабленыя па распрацаваным у рамках праекта брэндбуку. Запланавана яшчэ шмат, у тым ліку ўзвядзенне ўязнога знака, якім будзе вызначацца наш горад з дарогі Полацк – Міёры – Браслаў.

 

Смецце збіраць – зямлю ачышчаць

Змяншэнне аб’ёмаў цвёрдых камунальных адходаў і максімальнае выкарыстанне з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў – прыярытэтныя пытанні камунальнай службы. У раёне два палігоны для захоўвання цвёрдых адходаў, тры міні-палігоны ў сельскіх населеных пунктах. Цэнтралізаваны вываз прадугледжаны ў 102 населеных пунктах. Забіраюць яго з 76 кантэйнерных пляцовак, з якіх 21 размешчана на сяле. З насельніцтвам заключылі 6 365 дагавораў на цэнтралізаваны вываз смецця, што складае 49,4 %. Паасобным зборам другаснай сыравіны з устаноўкай кантэйнераў ахоплены райцэнтр, Дзісна, Волкаўшчына, аграгарадкі Туркова, Мікалаёва, Цвеціна, вёска Арханава.

 

Работу трэба працягваць, разам з тым удасканальваць сістэму збору і вывазу смецця, догляду за палігонамі, забяспечыць кантэйнерамі сельскіх жыхароў. Больш актыўна заключаць дагаворы на вываз смецця. Сёлета неабходна рэкультываваць чатыры міні-палігоны. У першым паўгоддзі закрылі яго ў Пераброддзі, на што патрачана 16 тысяч рублёў. Плануецца распачаць работу ва Узмёнах, пазней у Павяцці і Язне, таксама спатрэбіцца нямала сродкаў. Вырашаць гэтыя і іншыя задачы ў бліжэйшы тэрмін нацэльваў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта