Авторизация
 

Сям'я Мар'яна і Ангеліны АНАШКАЎ з вёсачкі Зачарэўе

 — Пачакайце, гаспадыня масла б'е. Зараз паклічу! — гучыць з тэлефоннай трубкі бадзёры голас Мар'яна Уладзіміравіча. 
— Калі ласка, прыязджайце, — пагаджаецца на сустрэчу Ангеліна Іванаўна. — Дом наш лёгка пазнаеце. Побач невялікія сасонкі растуць... Адразу за Пераброддзем уздоўж дарогі размясцілася вёсачка Зачарэўе. Адкуль паходзіць назва, не ведаю. Але ўзнікаюць асацыяцыі са словам "зачараваць". Можа быць, таму што тут жыве сям'я Мар'яна Уладзіміравіча і Ангеліны Іванаўны АНАШКАЎ. Звычайная, шчырая, працавітая.

ГУЧНЫМ брэхам вітаюць два сабакі. Выходзіць насустрач гаспадыня. Усміхаецца і заўважае, што гадаванцы не агрэсіўныя. Між тым вартаўнічую службу на ланцугу нясуць як належыць. Гаспадара не засталі. У ТАА "Абстэрна" развозіць на трактары корм аленям.
УТУЛЬНА ў доме, усё на сваіх месцах. Ангеліна Іванаўна на заслужаным адпачынку. Займаецца гаспадаркай, хатнімі справамі.


 — Устаю ў шэсць раніцы. Трэба дзвюх кароў падаіць, накарміць свіней, птушку, трусоў. Затым у печах запаліць, — расказвае распарадак дня.— Зімой клопатаў не так многа. Ёсць час сканворды паразгадваць, часопісы пачытаць. Падабаюцца "Хозяин" і "1000 советов". Там добрыя парады для садаводаў і агароднікаў. Летам — градкі, клумбы, сад. Люблю ў лес па грыбы схадзіць, у полі травы на чай збіраю.


ПРАЦА на зямлі гаспадарам Анашкам знаёма з дзяцінства. Абодва вясковыя. Мар'ян Уладзіміравіч з Вяты. Малая радзіма Ангеліны Іванаўны — вёсачка Гарушка побач з Зачарэўем. Успамінае, як пасла кароў у лесе, лён трапала, буракі калгасныя палола.


— Нас у сям'і пяцёра было. Бацька з вайны без нагі вярнуўся. Маці ў калгасе працавала. Дапамагалі ёй і дома, і на працы, — расказвае субяседніца. — З мужам ў Ідолце сустрэліся. Былі ў адным будаўнічым атрадзе. Узводзілі цялятнік.


ПРАЗ год у сям'і Анашкаў рубінавы юбілей. Да круглай даты падыходзяць з багатым і важкім багажом. У ім шмат год працы ў мясцовым калгасе. Ангеліна Іванаўна была лабарантам, затым даіла кароў. На ранішнюю дойку ўставала ў чатыры гадзіны. Мар'ян Уладзіміравіч—трактарыст. У пару жніва перасаджваўся на камбайн. Тады вяртаўся дадому са змярканнем, а на золку зноў у поле. "А тата дома быў?" — пыталіся зранку дзеці.


 У ВЫХАВАННІ шасцярых дзяцей бацька і маці карысталіся адзіным метадам — працай. Яго эфектыўнасць пацверджана часам. Чатыры дачкі і двое сыноў знайшлі сваю справу, стварылі сем'і, падарылі унукаў. Старэйшая Наталля жыве ў Браслаўскім раёне, працуе настаўніцай пачатковых класаў. Можа быць, таму выбрала такую прафесію, што даглядала і навучала родных сясцёр і братоў. І цяпер застаецца для іх сябрам і дарадчыкам. Далей за ўсіх ад бацькоўскага дома Надзея. Наведвала родных чатыры гады таму. З Амерыкі шлях няблізкі. Аднак для інтэрнэту не існуе перашкод. Раз на год прыязджае Алеся з Баранавіч. Аксана ў Міёрах, нядаўна маладая ўрач-тэрапеўт выйшла з водпуску па доглядзе за дзіцём. Два тыдні назад нарадзілася дачушка ў Яўгена. Ён у Мінску, вывучыўся на інжынера, працуе па спецыяльнасці. Малодшы сын Аляксандр са сваёй сям'ёй пакуль жыве з бацькамі.


— Калі падлічыць усе гады вучобы дзяцей, то школьных атрымаецца дваццаць тры, а студэнцкіх — васемнаццаць, — гаворыць Ангеліна Іванаўна. — Дзяўчаты добра вучыліся, хлопцы ў спорце вызначаліся. З малых гадоў да працы іх прывучалі. Саша ў першым класе з намі буракі калгасныя палоў. Калі падраслі, у школу самі сябе збіралі. У гаспадарцы падпрацоўвалі, ягады здавалі. Дома шмат чаго рабілі. Без прымусу. Бачылі, што трэба дапамагаць.


 СВАЯ гаспадарка асабліва выручала, калі ў калгасе па тры месяцы не плацілі заробак. І цяпер Анашкі не ўяляюць быт без клопатаў у хлеве, садзе, агародзе. Працу на зямлі аблягчае мотаблок з прычапнымі агрэгатамі. Ва ўласным інкубатары выводзяць гусей. Даўно служыць гаспадыні драўляная маслабойка. Хатнія масла і сыр з кменам — любімы ласунак дзяцей. Бацькоўскі дом яны не забываюць. Прыязджаюць у водпуск. Збіраюцца на Новы год, Вялікдзень і іншыя святы. Дапамаглі падвесці ваду, набыць пральную машыну.


— Малайцы яны. Дружныя, па-ранейшаму адзін аднаму і нам дапамагаюць, — радуецца маці.
У ЦІХАЙ ВЁСЦЫ гаспадарам Анашкам не да суму. То поўняцца дзіцячым смехам хата і падворак, то весяляць паўсядзённыя клопаты.
— У святы, калі рабіць нельга, не па сабе без працы, — кажа Ангеліна Іванаўна.


Тады яна дастае альбом, аздоблены атласнымі стужкамі, і пераглядае здымкі. Чорна-белыя і каляровыя фота сабралі пад адной вокладкай дзеці. "Кадры з кінафільма пад назвай жыццё", — падпісалі на першай старонцы. Вось фота з вяселля бацькоў, вось усе разам бульбу капаюць, тут агарод поляць сямейнай талакой. Далей здымкі з вяселля дзяцей, фота з унукамі.


***
Развітаўшыся з гаспадыняй, вырашылі наведацца да Мар'яна Уладзіміравіча. Загоны, дзе трымаюць аленяў, недалёка. На доўгую гутарку часу няма — жывёла чакае корм. Прыгадаўшы пару свайго юнацтва і сямейных клопатаў Мар'ян Уладзіміравіч сказаў:
— Самае галоўнае наша багацце — гэта дзеці і ўнукі. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 91 227
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 65 478
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 32 118
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 30 914
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 30 213
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 26 948
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 19 238
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 октября 2018
Андрей, Василий, Иннокентий

Именины 22 октября 2018
Авраам, Ефим, Константин, Максим, Петр, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта