Калі дзевяць год таму ІВАНОВЫ атрымалі дом у Слабадзе, адразу набылі карову. З часам колькасць гадаванцаў на падворку павялічылася.
Міхаіл і Зоя Івановы разам са школьнай пары. У мінулым годзе адзначылі ружовае вяселле (10 год сямейнага жыцця). Выхоўваюць траіх дзетак, трымаюць вялікую гаспадарку, заняты ў ААТ “Гвардзейскі”. Сельскай працы не баяцца, бо змалку да яе прывыклі. Як і да вясковага прыволля, утульнасці, цішыні, перад якімі пасуе гарадскі камфорт.
БАДЗЁРА расказвае 31-гадовая гаспадыня пра свае штодзённыя справы:
— Зімой прасцей. Каровам ваду ў поле насіць не трэба, на агародзе і падворку клопатаў няма. Таму можна паспаць да шасці раніцы. Летам у 4.30 пад’ём, а спаць пасля апоўначы кладуся. Хоць недахоп сну і фізічная праца стамляюць, але работу з ахвотай раблю. Люблю сваіх кароў. Зараз іх тры, хацелася б чацвёртую.
Яшчэ на вясковым падворку два бычкі, свінні і парасяты, куры. Усіх трэба дагледзець: накарміць, напаіць, вычысціць. Міхаіл і Зоя спраўляюцца разам. У кожнага свае абавязкі. Гаспадыня корміць гадаванцаў, гаспадар носіць ім ваду, сочыць за парадкам у хляве. З нарыхтоўкай сена прасцей — дапамагае мясцовае ААТ “Гвардзейскі”. Сваім работнікам, якія трымаюць кароў, прывозяць гатовыя рулоны.
Міхаіл у гаспадарцы галоўны аграном. Зоя працуе жывёлаводам, даглядае цялят на дарошчванні.
ПРЫКЛАД працавітасці бяруць з бацькоў дзеці. Хоць яшчэ малыя, чым могуць, дапамагаюць. Старэйшая Маргарыта — вучаніца чацвёртага класа — і ў хаце прыбярэ, і посуд вымые, улетку агарод праполіць і паліе, кароў з поля прывядзе і бычкоў напоіць. Не адстае ад сястрычкі першакласнік Макар. Падрастае яшчэ адна памочніца — чатырохгадовая Варвара.
У занятых на працы і па ўласнай гаспадарцы таты і мамы ёсць час адпачыць з дзецьмі.
— Часта бываем у Верхнядзвінску. Гуляем у “Лясной казцы”, на каньках катаемся. Калі ў мужа паехаць не атрымліваецца, сама саджуся за руль, — расказвае Зоя. — Пакупкі і забавы — адзінае, чым нас вабіць горад. Жыць там было б сумна. Чым заняцца без гаспадаркі і клопатаў па доме? Жыллё мы прыватызавалі, робім рамонт. Лазня ёсць. У планах — альтанка ў двары і арэлі для дзяцей. Сад будзем садзіць.
БОЛЬШАЯ частка сямейных даходаў — з працы ўласных рук. Так, летам за здадзенае малако атрымліваюць каля тысячы рублёў за месяц. У магазінах праходзяць міма паліц з гароднінай, яйкамі, мясной і малочнай прадукцыяй, бо ёсць сваё. Вядома, для гэтага трэба прыкласці нямала сіл і старання. Без выхадных і водпускаў клапоціцца маладая сям’я пра свой дабрабыт. Дружна, заўзята, без скарг на сельскія турботы.
— Сяброўкі часам жартуюць, дзе ў мяне батарэйкі схаваны, — усміхаецца Зоя. — А я проста люблю
займацца гаспадаркай. З дзяцінства на зямлі працую. Памятаю, як разам з трыма братамі ад раніцы да вечара сена нарыхтоўвалі. Яшчэ ў школу не хадзіла, а карову даіць умела. Цяпер можна было б купіць даільны апарат, але мне прывычней рукамі.
Звяртаю ўвагу на сучасны манікюр гаспадыні. Гаворыць, пазногці ў рабоце не перашкаджаюць.
— А раней у мамы валасы доўгія былі, — дадае дачушка Маргарыта.
— Давялося падкараціць, з імі больш турбот, — гаворыць Зоя Анатольеўна. — Але прычоску не запускаю, наведваю цырульню. Мне падабаецца сачыць са сабой. Так праводжу вольныя хвіліны. Гэта дадатковая крыніца пазітыву.
Шматдзетная мама і клапатлівая гаспадыня знаходзіць час сустрэцца з сяброўкамі. Словам, паспявае шмат. І няма ніякага сакрэту ў яе энергічнасці. Ёсць узаемаразуменне ў сям’і, працавітасць і любоў, якой напоўнены дні.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.