Авторизация
 

Сям'я Лявона і Галіны ШЫШКО: перабраліся з Мінска ў Новы Пагост - і шчаслівы

 Больш за 20 гадоў як Лявон і Галіна ШЫШКО перабраліся з Мінска ў Новы Пагост. Сямейныя абставіны прымусілі на пэўны час змяніць месца жыхарства. Пасля муж і жонка вырашылі тут застацца назаўсёды. Дыхаюць чыстым паветрам, збіраюць у лесе грыбы і ягады, працуюць у садзе і на агародзе, любуюцца кветкамі, якія штолета красуюць на падворку.

 

Прыемныя клопаты

Утульны дом, чысты дагледжаны двор з гаспадарчымі пабудовамі, гародчыкам і клумбамі, дзе ўжо гатовы красаваць цюльпаны. Яны тут першымі вітаюць вясну. Затым прыходзіць чарга руж, лілей, хрызантэм, вяргінь, аксамітак, флоксаў. Яркія краскі цешаць гаспадароў і прахожых.

 
– Летам кожную раніцу выходжу ў двор кветкамі палюбавацца, – гаворыць гаспадыня. – З прыемнай радасцю чакаю, калі яны закрасуюць. Любімчыкаў у мяне няма, усе падабаюцца.
На сваёй сядзібе Лявон Іосіфавіч і Галіна Іванаўна з усімі клопатамі спраўляюцца разам. Садзяць агарод і поляць градкі, паліваюць кветкі, збіраюць ураджай. Часта выбіраюцца ў лес па ягады і грыбы. Ціхае паляванне абодвум у задавальненне.

 
– Вядома, тыя ж чарніцы і купіць можна, але не ў гэтым справа, – заўважае гаспадыня. – Пабыць на прыродзе, падыхаць лясным паветрам, сабраць ягад ці знайсці грыб – усё гэта дорыць нам радасць.
Сельскае жыццё па душы былым гараджанам і вяртацца ў сталіцу зусім не думаюць.

 

У родную хату

Новы Пагост – малая радзіма Галіны Іванаўны. Памятае вёску вялікай і шумнай, з развітай інфраструктурай. Тут нават радзільны дом быў, дзе яна з’явілася на свет. Лявон Іосіфавіч родам з Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Сустрэліся яны ў Мінску. Галіна пасля віцебскага швейнага вучылішча працавала там на фабрыцы «Камсамолка» (цяпер «Мілавіца»), Лявон – на прыборабудаўнічым заводзе. Гарадское жыццё абодвух задавальняла, і, калі б не абставіны, можа быць, сталі сталічнымі пенсіянерамі.

 
– Захварэла мая маці, пасля інсульту не ўставала. Бацьку складана было аднаму яе даглядаць і з гаспадаркай спраўляцца. Прыехала яму дапамагаць, – расказвае Галіна Іванаўна. – Праз год мамы не стала. Я засталася тату даглядаць. Пасля муж сюды прыехаў. На сямейным савеце вырашылі жыць у Новым Пагосце. Кватэру ў Мінску сталі здаваць, каб забяспечыць дадатковы даход.

 
Разам з домам у спадчыну ад бацькоў атрымалі гаспадарку – дзвюх кароў і авечак. Прыгадваюць, што сена нарыхтоўвалі ўручную, а вазілі на прычэпе, які чаплялі да старэнькага «Масквіча». Трымалі гадаванцаў, пакуль сілы большыя мелі і здароўе дазваляла. Пасля пераключыліся на эстэтычнае афармленне падворка. У мінулым годзе Лявон і Галіна Шышко сталі пераможцамі раённага конкурсу па добраўпарадкаванні.

 

«Мы – дома»

На падваконніках у пакоі цягнуцца ўверх памідоры ў пластыкавых ёмістасцях. Як пацяплее, іх перамесцяць у полікарбанатную цяпліцу. Красуе ў вазонах герань, што хутка ўпрыгожыць тэрыторыю ля парога. Чакаюць гаспадары той час, калі шчыра возьмуцца за клопаты на зямлі і падворку.

 
– Рух – гэта жыццё, – усміхаецца Галіна Іванаўна. – Што б мы ў горадзе рабілі? Глядзелі ў вакно ці на лавачцы ў двары сядзелі. А тут столькі цікавых спраў. Часам я сумую па Мінску, наведваем там сяброў і знаёмых, але пастаянна жыць у сталіцы жадання няма. Для моладзі горад прывабны, а пенсіянерам лепш на сяле.

 
У бацькоўскім доме Лявон Іосіфавіч і Галіна Іванаўна стварылі камфортныя ўмовы. Падвялі ваду, набылі сучасную бытавую тэхніку, падключылі электрычнае ацяпленне. Цёпла і ўтульна і зімой, і летам.

 
– Калісьці і не думалі, што ў вёску вернемся, а цяпер ведаем, што тут мы – дома, – кажуць яны. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта