Ключевая задача правительства - увеличить доходы населения

 7 снежня на нарадзе па рабоце эканомікі ў бягучым годзе Урад і Нацыянальны банк унеслі на разгляд Прэзідэнту пакет прагнозных дакументаў. Каб атрымаць па іх усебаковыя меркаванні і зверыць прапанаваныя падыходы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады, быў запрошаны шырокі склад удзельнікаў, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы.

 

У дакладзе прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка адзначыў, што беларуская эканоміка ў гэтым годзе развівалася ў вельмі складаных умовах. Яна адчула на сабе ўздзеянне некалькіх шокаў: пандэміі, праблем з імпартам нафты і экспартам калію, зніжэння глабальнай эканамічнай актыўнасці, крызісу попыту, няўстойлівасці на ўнутраным фінансавым рынку, націску дэвальвацыйных чаканняў на валютны рынак, курс валюты і рэсурсную базу банкаў. У выніку ў першым квартале ўжо быў зафіксаваны спад валавага ўнутранага прадукту на 0,2 працэнта. У другім квартале спад паскорыўся да 3,1 працэнта. Міжнародныя арганізацыі прадказвалі нашай краіне і далейшы імклівы спад, а пасля нестабільнасці фінансавага рынку, якая ўзнікла ў жніўні, і наогул хуткі і абвальны калапс эканомікі.

 
Паводле ацэнак урада, валавы ўнутраны прадукт па выніках года складзе 99,1-99,2 працэнта. Нават пры такім выніку Беларусь захавае лідзіруючыя пазіцыі па росце эканомікі не толькі сярод суседзяў, але і ў цэлым па Еўропе, адзначыў Раман Галоўчанка. З дадатным вынікам спрацавалі сферы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, сувязі і інфармацыі, фінансавы сектар. Прамысловасць наблізіцца да ўзроўню мінулага года (99,2 %), а складскія запасы знізяцца прыкладна на 800 мільёнаў беларускіх рублёў адносна 1 чэрвеня бягучага года.

 
Сярэдні заробак у снежні складзе больш як 1,34 тыс. беларускіх рублёў – у рэальным выражэнні рост амаль 7 працэнтаў. Выконваецца задача па захаванні працоўных калектываў ва ўмовах пандэміі. Адносна мая, на які прыпаў пік, няпоўная занятасць знізілася ў 4,4 раза, прастоі - у 2,3 раза. Разам з тым, як заўважыў прэм’ер-міністр, перавышэнне ўзроўню мінулага года пакуль захоўваецца.

 
Індэкс спажывецкіх цэн урад ацэньвае на ўзроўні 6,9 працэнта. Раман Галоўчанка растлумачыў, што асноўная прычына перавышэння мэтавага параметра (5 %) – дэвальвацыя рубля і перанос яе на кошт тавараў. У знешнім гандлі Беларусь спрацавала з прафіцытам, пачынаючы з мая экспарт штомесяц прырастае. Дадатнае сальда па выніках года павінна скласці амаль 1 млрд. долараў ЗША.
«Ва ўмовах пандэміі ўдалося забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў, не даць расхістаць сістэмы адукацыі і аховы здароўя, выканаць сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы ў поўным аб'ёме (а па некаторых параметрах нават перавыканаць), не дапусціць разбалансіроўкі бюджэту і крызісу на фінансавым рынку», – падагульніў кіраўнік урада.

 
З яго слоў, прагноз развіцця краіны на наступны год будзе мець сацыяльны характар. Ключавая задача – не толькі не дапусціць спаду жыццёвага ўзроўню, але і павялічыць рэальныя даходы насельніцтва, строга кантраляваць цэны, імпарт, але рабіць гэта эканамічнымі метадамі, не забароннымі, а наадварот – ствараць тыя праграмы, якія дадуць магчымасць зрабіць айчынныя тавары больш прывабнымі з пункту гледжання іх набыцця.

 
Напрыклад, прапануецца разгледзець магчымасць крэдытавання не толькі тавараў, але і паслуг, у прыватнасці адпачынку і лячэння ў айчынных санаторыях. Па аналогіі з тым, як была рэалізавана праграма куплі за пазыку аўтамабіляў Geely вытворчасці «БЕЛДЖЫ».
Што да інфляцыі, то яе ўзровень на будучы год устаноўлены ў памеры не больш як 5 працэнтаў. Тэмп росту ВУП - 101,8 працэнта, і Раман Галоўчанка лічыць гэты паказчык даволі напружаным на фоне прагназуемага вельмі нязначнага (да 1 %) зніжэння ВУП па выніках гэтага года. У іншых краінах, у прыватнасці Расіі і Еўрасаюзе, спад ВУП чакаецца на ўзроўні 4-9 працэнтаў.

 
Яшчэ ўрад хоча распаўсюдзіць бюджэтную падтрымку экспарту на невялікія прадпрыемствы. «Экспарт для нашай эканомікі – гэта фактычна ўмова выжывання, таму што цяпер як ніколі ўсе змагаюцца за рынкі. Таму экспарт, продажы – адзін з асноўных напрамкаў, на якім мы канцэнтруем увагу і адпаведным чынам адаптуем сістэму падтрымкі экспарту, у першую чаргу фінансавую», – заўважыў Раман Галоўчанка.

 

Паводле яго слоў, цяпер падрыхтаваны прапановы па спрашчэнні як экспартнага крэдытавання, так і экспартнага страхавання. Гэта зроблена, каб як мага больш суб'ектаў гаспадарання маглі скарыстацца бюджэтнай падтрымкай экспарту. Цяпер у нас устаноўлены даволі высокі парог: трэба мець кантракт як мінімум на 200 тысяч долараў, каб прэтэндаваць на атрыманне экспартнага крэдытавання. Але ў шэрагу прадпрыемстваў больш дробныя кантракты, і яны таксама заслугоўваюць дапамогі. Прэм'ер-міністр разлічвае, што ў бліжэйшы час гэтыя дакументы будуць адобраны, тады дзяржава зможа больш актыўна фінансаваць экспарт малых арганізацый.

 
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба раз і назаўсёды выпрацаваць механізм стрымлівання цэн па ўсіх напрамках і параметрах. Неабходна дасягнуць максімальнага працаўладкавання непрацоўных грамадзян. Асноўныя прынцыпы функцыянавання дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку будуць устаноўлены Усебеларускім народным сходам.

 

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.