«Хорошо там, где мы есть», - считают миорчане

  Часам здаецца, што шчасце чакае нас за далёкімі далямі. Там і сонца свеціць ярчэй, і паветра саладзей. Мы прывыклі думаць, што там, дзе нас няма, усё лёгка, проста, даступна і ніякіх праблем. Акрамя адной – гэта чужына. Нездарма кажуць: па-сапраўднаму шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. У сваім двары, на сваёй вуліцы, у родным горадзе.

 

Наталля ЗАЯЦ, кандытар хлебазавода:
– Міёры – мая радзіма. Тут з’явілася на свет, стварыла сям’ю, нарадзіліся дзеці. Тут сцвердзілася ў прафесіі. Кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Згодна з гэтым. Наўрад ці змяніла б наш райцэнтр на буйны горад. Не люблю шуму і мітусні. Па душы цішыня, спакой, размераны рытм жыцця. Часта гуляем з мужам па набярэжнай. Гэта самае прыгожае месца ў горадзе. Купаемся ў возеры. Хочацца, каб наш райцэнтр развіваўся далей, быў прывабным для моладзі і сюды хацелася вяртацца.

 

Максім ПЛАТОНАЎ, дырэктар ФСК «Міёры»:
– Родны горад – той, дзе прайшло дзяцінства. У мяне гэта Міёры. І зараз тут жыву, нікуды з'язджаць не хочацца. Чаму? Па-першае, з райцэнтрам звязаныя самыя прыемныя ўспаміны. Тут сустрэў сваю другую палавіну і пазнаёміўся з лепшымі сябрамі на ўсё жыццё. Увогуле ў Міёрах вельмі спагадлівыя і дабразычлівыя людзі. Па-другое, такой прыроды, як у нас, нідзе не знойдешь. Шмат азёр і рэк, расліннасці і разнастайных жывёл. Побач балота. Вельмі прыгожа навокал, асабліва летам.

 

Алена КАЗАЧОНАК, сястра-гаспадыня тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ:
– Люблю родны горад такім, які ён ёсць. Невялікі, прыгожы, акуратны, чысты, упрыгожаны мноствам кветак. Кожны год з’яўляюцца новыя штрыхі ў добраўпарадкаванні. Прыемна прагуляцца па вуліцах, любуючыся наваколлем. Любімыя месцы – набярэжная і паўвостраў. Тут шмат знаёмых і сяброў. Тут хораша на душы. Можна паехаць у іншыя месцы, але толькі на эксурсіі, пасля якіх прыемна вяртацца дадому.

 

Уладзіслаў КАШКУР, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 3 імя Я. ТОМКІ:
– У лёсе кожнага чалавека малая радзіма становіцца адпраўной кропкай у дарослае жыццё. Тут вучымся хадзіць, размаўляць, набываем іншыя неабходныя навыкі, словам, набіраемся моцы. У далейшым родныя сцены дапамагаюць і для многіх малая радзіма застаецца месцам сілы. Я ў Міёрах нарадзіўся і застаўся. Вельмі люблю свой горад і край. Менавіта тут сумленнай і стараннай працай хачу пакінуць свой след, як мае дзяды і прадзеды. Лічу гэта сваім абавязкам.

 
Валянціна ПУНДЗІС, спецыяліст ТЦСАН:
– Быў перыяд у маім жыцці, калі год правяла ў сталіцы. Там прыйшла да высновы, што, насуперак агульнапрынятаму меркаванню, у маленькім горадзе прасцей знайсці сябе. Займаеш тут сваю нішу і адчуваеш сябе ў ёй камфортна. Зразумела, што для шчасця мне не патрэбны шырокія магчымасці вялікага горада. Гэта як вялікі супермаркет, дзе прапаноў мноства, а выбіраеш далёка не ўсё. Разам з тым ў невялікім магазіне знаходзіш патрэбнае. У Міёрах ёсць дом з участкам зямлі, дзе з асалодай праводжу час. Работа, у якой сябе рэалізую. Занятак для душы – выступленні на святочных канцэртах. Словам, усё неабходнае мне для паўнацэннага жыцця.

 

Максім АНТАНЁНАК, слесар райгаза:
– Я родам з вёскі Альхоўка. Жыву і працую ў Міёрах, якія для мяне сталі другой радзімай. Тут хораша, утульна, а галоўнае – ёсць умовы для актыўнага ладу жыцця. Гуляю ў футбол, хаджу ў ФОК, займаюся на турніках. Прадстаўляю сваю арганізацыю на розных спаборніцтвах. У горадзе ў мяне шмат сяброў. Разам бавім вольны час. Вялікай перавагай райцэнтра лічу прыгожае возера, паўвостраў і набярэжную. І навакольную цішыню. Міёры – месца, дзе адпачывае душа.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ і Ігар МАТЭЛЕНАК.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.