Дом Кузьминых из Малявок, где прописаны любовь и мудрость

 Аркадзь Аляксеевіч і Феадосія Кірылаўна КУЗЬМІНЫ жывуць у невялікай вёсцы Маляўкі побач з Пераброддзем. Іх дом трымаецца на працавітасці, унутранай стойкасці, любові да парадку і прыгажосці. Пашкадавала, што прыехалі да Кузьміных зімой. Вось бы на некалькі хвілін наступіў чэрвень. Каб палюбавацца на пятнаццаць кустоў півоняў, якія красуюць на сядзібе. Феадосія Кірылаўна з захапленнем упрыгожвае свае дом і двор кветкамі. І марыць, каб квітнела ўся вёска.

КУЗЬМІНЫ на заслужаным адпачынку. Калісьці абодва працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Аркадзь Аляксеевіч быў галоўным энергетыкам. Аднак умее выпраўляць не толькі непаладкі з электрычнасцю. Можа і печку скласці, і дом пабудаваць. Усяму ад бацькі навучыўся. Феадосія Кірылаўна калгасу аддала пятнаццаць год. Была лабарантам, памочнікам заатэхніка. Пасля перайшла ў сферу гандлю. Прымала макулатуру і металалом, яблыкі і ягады ў нарыхтоўчай канторы ў Пераброддзі, затым стаяла за прылаўкам вясковага магазіна.


 — Работа шмат часу займала. З васьмі раніцы да васьмі вечара ў магазіне, пастаянна пакупнікі прыходзілі, чэргі збіраліся, — успамінае субяседніца. — Тады не магла надаваць столькі ўвагі дому і сядзібе. Цяпер гэта маё захапленне. Люблю свой дом, утульнасць і парадак.


ЦЁПЛАЙ парой сядзіба Кузьміных патанае ў кветках. Цюльпаны, нарцысы, півоні, петуніі, ружы радуюць гаспадароў, вяскоўцаў і дачнікаў. Феадосія Кірылаўна гаворыць, што ў вёсцы ўсе жыхары клапоцяцца пра добраўпарадкаванне сваіх двароў. Да пажылых людзей прыязджаюць дзеці і садзяць кветкі. Прыемна, што не забываюць малую радзіму і клапоцяцца пра прывабны выгляд бацькоўскіх дамоў.


МАЛЯЎКІ — родная вёсачка Феадосіі Кірылаўны. Ведае кожную сцяжынку, кожны дом, кожны лёс. Ужо дзесяць год з'яўляецца тут старэйшынай. Нумар яе мабільнага запісаны ў дачнікаў. Тэлефануюць з просьбамі паглядзець, ці ўсё ў парадку на іх сядзібах.


— Вёска ў нас невялікая і спакойная. Усяго дваццаць два двары. Пастаянных жыхароў адзінаццаць. У большасці гэта пенсіянеры. Летам у нас весела. Едуць да сяльчан дзеці ў водпуск і ўнукі на канікулы, адпачываюць ад гарадской мітусні дачнікі з Мінска, Масквы, з Літвы. Сустракаемся па панядзелках і чацвяргах ля аўталаўкі, шмат пра што гутарым, — расказвае старэйшына. — Я веру, што наша вёска не прападзе. Няхай мясцовых жыхароў мала, затое мястэчка прывабнае для дачнікаў. Яны ўносяць у вясковае жыццё яркія ноткі.


ШТОГОД Феадосія Кірылаўна зразае букеты пышных півоняў на свята "Перабродская зорка". Удзельнічае ў падрыхтоўцы да экалагічнага фестывалю "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю". Не прапускае сесіі ў Перабродскім сельскім Савеце дэпутатаў. І сярод людзей, і дома ў справах і клопатах яна на сваім месцы. Вольны час разам з мужам праводзяць ля тэлевізара. Аркадзь Аляксеевіч цікавіцца палітыкай і гісторыяй, Феадосія Кірылаўна — парадамі для садаводаў і агароднікаў.


 КУЗЬМІНЫ разам амаль сорак год. Лёс не аднойчы выпрабоўваў іх на мужнасць і трываласць. У дарожна-транспартным здарэнні загінуў сярэдні сын Жэня. Гэта незагойная рана на сэрцы. Шаснаццаць год назад згарэў дом. Гаспадар сваімі рукамі наноў адбудаваў прасторнае жыллё на шмат пакояў. Вытрымаць цяжкія ўдары Аркадзю Аляксеевічу і Феадосіі Кірылаўне дапамаглі мудрасць і моцны дух.


— Я трымалася. Думала: а што далей? Не магла дазволіць сабе здацца, каб не дадаваць клопатаў дзецям, — гаворыць Феадосія Кірылаўна.— Старалася чым-небудзь сябе займаць, каб адступалі цяжкія думкі.


 У ДОМЕ Кузьміных, чыстым і утульным, за вокнамі якога зімой рассцілаецца шырокі снежны дыван, а летам плёскаюцца азёрныя хвалі, часта бываюць госці. Наведваюцца родныя, прыязджаюць сын Сяргей і дачка Вольга са сваімі сем'ямі і сябрамі. На стале заўсёды бліны з розным начыннем — любімы ласунак дзяцей. З сабой маці абавязкова напакуе сумкі з кансерваванымі памідорамі, агуркамі і перцамі, вырашчанымі ва ўласных цяпліцах.


ПРЫЕМНАЯ нагода сабрацца разам — юбілей гаспадара. 25 лютага Аркадзю Аляксеевічу споўнілася 70 год. Гучалі цёплыя словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні. Кузьміным шмат не трэба. Было б здароўе і лад у сем'ях дзяцей. З астатнім яны справяцца. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.