Цветочное царство Валентины Быковой из Язно

 Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Пра ўтульнасць і прыгажосць падворкаў у Язне клапоцяцца многія гаспадары. Ідучы па вёсцы, мімаволі залюбуешся зелянінай і квеценню. Дом Аляксандра Козела і Валянціны Быкавай кветкі акружаюць з усіх бакоў. Красуюць на клумбах, расстаўлены вазоны на падваконніках і слупах агароджы. Побач з уваходам — натуральная зялёная арка.

Свой дзень Валянціна Анатольеўна пачынае з абходу ўласнага двара. Любуецца кветкамі, удыхае іх прыемны водар, змешаны з ранішняй свежасцю.

ДОМ і двор Аляксандр Станіслававіч і Валянціна Анатольеўна даглядаюць разам. Уздоўж фасаду выцягнуліся ў радок аранжава-жоўтыя аксаміткі. Перад імі ў клумбах, зробленых з цэменту і камянёў, квітнеюць петуніі.


  — Гэтыя клумбы гаспадар сам змайстраваў, — заўважае Валянціна Анатольеўна. — Падтрымлівае мае ідэі па добраўпарадкаванні двара і дапамагае іх рэалізаваць.


Кветкі ля дома штогод. Адну сцяну абступілі півоні. Непадалёку куст язміну. Падчас цвіцення водар плыве па ўсім падворку.


 Імкненне да прыгажосці і акуратнасці выходзіць за межы ўласнай сядзібы. Аляксандр Станіслававіч і Валянціна Анатольеўна ра-зам з іншымі вяскоўцамі дапамагалі прыводзіць у парадак парк, побач з якім жывуць. Прыбіралі кустоўе, чысцілі ад зараснікаў. Радуюцца, што месца адпачынку набывае прывабны выгляд.


СВАЁ роднае Язна Валянціна Анатольеўна лічыць найлепшым куточкам. Нават у маладосці не думала перабрацца ў горад. Атрымала прафесію — і хутчэй дадому. Па спецыяльнасці выхавальнік, але паспрабавала сябе ў розных справах. Была апаратчыцай на колішнім маслазаводзе, тэхработнікам у кандытарскім цэху, прадаўцом у магазіне. Апошнія шэсць год працуе ў Язненскай участковай бальніцы. Займаецца гаспадарчымі справамі і… спявае. Разам з рабочым па рамонце Аляксандрам Сачыўкам выступаюць за Міёрскую ЦРБ на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці.


— Музыка і песні — мая аддушына, — гаворыць Валянціна. — Ужо пяць год з’яўляюся пастаяннай удзельніцай фальклорнага калектыву “Язынка”. Ад рэпетыцый і выступленняў атрымліваю зарад энергіі, якога надоўга хапае.


 ЛЮБІМАЯ пара Валянціны Быкавай — лета. Таму што цёпла і сонечна, шмат клопатаў у двары і на агародзе.
— Праца на зямлі дорыць асалоду. Для мяне даглядаць клумбы і гранкі — задавальненне, — гаворыць субяседніца. — Люблю ў лесе бываць. Разам з мужам па грыбы ходзім, з сяброўкамі — па ягады. І штодня можна любавацца кветкамі на падворку.


Рассыпаюцца яркімі колерамі цыніі, вяргіні, бальзамінкі. Цешаць вока і душу. Прывабнасць вёскі ці горада пачынаецца з асобнага двара. Каб зрабіць яго ўтульным, не трэба быць дызайнерам-прафесіяналам. Трэба любіць месца, дзе жывеш, мець працавітыя рукі і кіравацца жаданнем ствараць вакол сябе прыгажосць.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.