Авторизация
 

Вёска Парадні як працяг суседняга Іста

 Ціхая вёсачка, дзе шаснаццаць жылых дамамоў у адну вуліцу. Указальніка няма, таму чалавек старонні можа палічыць Парадні працягам суседняга Іста. Да яго пешшу хвілін пятнаццаць. Мясцовыя жыхары ведаюць, дзе праходзіць мяжа паміж населенымі пунктамі, але не праводзяць яе ў зносінах.

Рух праз вёску Парадні ажыўленым не назавеш. Аднак летам тут часта праязджаюць легкавыя аўтамабілі: напрасткі вядзе дарога да трасы Міёры-Полацк. Увосень сустрэнеш ягаднікаў з поўнымі мяхамі журавін за спінай. А зімой ідуць скандынаўскай хадой мясцовыя жыхаркі.

СОНЕЧНЫ дзень кастрычніка. Высокія старыя ліпы, бярозы і елкі ўздоўж дарогі, прысыпаныя пазалотай лісця абочыны дадаюць Парадням утульнасці і ўрачыстасці. Здаецца, нават даўно апусцелыя хаты з выгаралай фарбай на фасадах і зацягнутымі цёмнай плёнкай вокнамі выглядаюць весялей. Чараўніца-восень аздобіла мястэчка стракатымі колерамі.


 У пачатку вёскі дом Вольгі Паўлаўны Шчарбіцкай. Дагледжаны падворак, уздоўж агароджы жывыя букеты светла-фіялетавых кветак, якія ў народзе завуць марозкамі. На парог у доўгім паліто выходзіць гаспадыня. У сталым узросце нават цёплым днём трэба апранацца цяплей. Вользе Паўлаўне восемдзесят пяць год.


— Родам я з вёскі Пучкоўскія, што побач з Язнам. У Параднях з 1961 года жыву. Працавала ў сельскай гаспадарцы, — расказвае сяльчанка. — Са мной старэйшы сын пражывае, дапамагае ў справах. Дачка ў Дзісне, яшчэ адзін сын у Мінску. Кветкі на падворку сама даглядаю. Люблю, калі вакол акуратна і прыгожа. Гэтаму мяне мама з малых гадоў вучыла.


У ПАРАДНЯХ трыццаць жыхароў. З іх адзінаццаць пенсіённага ўзросту. У пачатку 70-х колькасць насельніцтва была значна большай. У вокнах кожнага з трыццаці чатырох дамоў вечарамі гарэла святло. Усе гаспадары трымалі кароў. Пра мінулае вёскі расказвае яе старэйшына Марыя Андрэеўна Лапіцкая, разам з якой ідзём па вуліцы. Былая настаўніца пачатковых класаў прыехала сюды ў 1973-м. Працавала ў Ісце. Калісьці была пачатковая школа ў Параднях, але на той час ужо не дзейнічала. Іншымі аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры мястэчка пахваліцца не можа. Клуб, пошта, ФАП, дзіцячы садок — усё знаходзілася ў суседняй вёсцы. І цяпер за прадуктамі ці лекамі ідуць у Іст.


У Марыі Андрэеўны працоўныя дні таксама пачыналіся з пешай прагулкі. Калі выйшла замуж за свайго калегу Яўгена Яўгенавіча — намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніка фізікі і матэматыкі, купілі ў Параднях дом. Уласнае жыллё абышлося маладой сям’і ў 1500 рублёў.


 ПАДВОРАК Лапіцкіх можна пазнаць па вуллях, яблыневым садзе і вазонах з кветкамі. У палітру асенніх колераў тут дадаецца чырвань яблыкаў і пакаёвай герані, якой яшчэ камфортна ў двары. На заслужаным адпачынку ў былых педагогаў шмат заняткаў. Яўген Яўгенавіч — заўзяты пчаляр, Марыя Андрэеўна акрамя сваіх хатніх спраў дапамагае вырашаць бытавыя і гаспадарчыя пытанні аднасяльчанам. У выхадныя прыязджаюць дзеці і ўнукі. Старэйшы сын Андрэй жыве ў Туркове, у яго таксама вышэйшая педагагічная адукацыя, вядзе ўрокі фізкультуры ў школе. Аляксей атрымаў ва ўніверсітэце юрыдычную спецыяльнасць і працуе ў Полацкгазе. Васіль — намеснік галоўнага вет- урача ў Міёрах. Бацькі рады, што дзеці паспяхова ўладкаваліся ў самастойным жыцці, падарылі пяцярых унукаў, не забываюць дарогу ў родны дом. З такімі набыткамі падыходзяць Лапіцкія да 45-годдзя сямейнага жыцця, якое адзначаць у сакавіку 2019-га.


— Родныя людзі — не толькі члены сям’і. Сталі імі суседзі. Яны ў нас залатыя.
Так Марыя Андрэеўна гаворыць пра Аляксандра і Раісу Налівайкаў. Прыгадвае, як аднойчы яе куры зайшлі на суседскі палетак з пшаніцай. Стала хутчэй іх праганяць, а гаспадар кажа: “Ды не хвалюйцеся, зерне не пратручанае!” Словам, жывуць побач у згодзе, дзеляцца клопатамі і перажываннямі. Аляксандр Панцялеевіч працуе ў Язненскім лясніцтве. Раіса Іванаўна загадвае Істаўскім сельскім клубам. Іх дачка Ганна — студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.


 ІДЗЁМ далей праз вёску. Дагледжаныя сядзібы з кветкамі на клумбах і дэкаратыўнымі ўпрыгожваннямі чаргуюцца з пустымі адзінокімі хатамі, падворкі якіх параслі кустоўем. Але і там, і тут золата восені на яшчэ зялёнай траве. Ля дома Уладзіміра і Людмілы Дзімітровічаў “прыжыліся” пальма з пластыкавых бутэлек і рамонкі з дрэва. Гаспадары — маладыя пенсіянеры. Людміла Дзмітрыеўна яшчэ гатуе абеды сельскім працаўнікам у сталовай КУП “Язна”. Актыўная ўдзельніца фальклорнага калектыву “Іставіца” пры Істаўскім сельскім клубе.


З вясны да восені красуюць кветкі на падворку ля дома 85-гадовай Ліліі Уладзіміраўны Лапіцкай. Сталую маці даглядае дачка Людміла, на ёй і большасць клопатаў па гаспадарцы. На адным з дамоў заўважаем драўляную зорку, чырвоная фарба на якой выцвіла ад сонца і часу. Тут жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Дрыла, чый зямны шлях скончыўся ў дзевяноста год. Яго сын Дзмітрый застаўся ў бацькоўскім доме. Пражывае ў гэтай вёсцы родная сястра загінуўшага ў Афганістане Сяргея Шляпава — Таццяна Мікалаеўна. Яна загадвае фермай у гаспадарцы.


ДЛЯ дачнікаў вёска Парадні не вельмі прывабная. Аддаленая ад горада, без магазіна і пошты на месцы, да бліжэйшага вадаёма таксама яшчэ трэба дабрацца. Таму і не купляюць гараджане тут дамы, якія засталіся без гаспадароў. Навасёлы ў мястэчку — рэдкасць. Пяць год таму з Забор’я, што таксама ў ваколіцах Іста, пераехаў сюды Пётр Парадня са сваёй маці

Аляксандрай Фёдараўнай. На працу ў Наваполацк штодня дабіраецца на ўласным аўтамабілі.
— Маці 85 год, за ёй патрэбны пастаянны догляд, — гаворыць субяседнік. — Працую ў Полацкім дзяржуніверсітэце, выкладаю геадэзію, інфарматыку.


— Пётр — наша гордасць, — заўважае старэйшына вёскі, якая памятае самастойнага мужчыну вучнем-пачаткоўцам. — Да аднасяльчан з павагай ставіцца. Калі трэба каго ў горад завезці, ніколі за праезд не возьме.


— Мне ж па шляху, — усміхаецца ён у адказ.


 КАЛІ з аднаго краю Парадняў ісці да другога спешнай хадой, шлях зойме не больш за дзесяць хвілін. Напрыканцы вёскі цешыць вока прыемным лімонным колерам з карычневай акантоўкай сцен і вакон дом Антаніны Лявонцьеўны Тарарака. Гаспадыня — дзіця вайны, нарадзілася ў 1941 годзе. Жыве разам з дачкой Аленай Каланда, якая працуе страхавым агентам. На выхадныя прыязджаюць унукі. Умелымі рукамі старэйшага Аляксея выкладзена дэкаратыўная дарожка ў двары, ён жа пабудаваў альтанку. У жніўні родныя гулялі ў яго на вяселлі. Малодшы Аляксандр — студэнт. Яшчэ адна дачка Антаніны Лявонцьеўны — Вольга Мікель — жыве на другім канцы раёна, у вёсцы Слабада. Пра яе сына Сяргея — таленавітага танцора — не раз пісала не толькі раённая газета. Фотаздымкі ўсіх унукаў — на самых бачных месцах у доме.


Гэтай сям’і ўласціва захапленне творчасцю. Антаніна Лявонцьеўна спявае ў фальклорным калектыве “Іставіца”, Алена — у вакальнай групе Істаўскага сельскага клуба, Саша, таксама выступае на святах вёсак і раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці.
У двары сустракаем загадчыцу Істаўскага СК Раісу Налівайку. Яна тут частая госця. Бярэ ў гаспадароў малако ці проста заходзіць пагутарыць.


— Цёця Тоня — малайчына. Працавітая, чулая, адказная. Шмат год яе ведаю. З дачкой дружна жывуць, разам гаспадарку вядуць. Карову трымаюць, агарод садзяць і ля дома заўжды прыгажосць і парадак,—характарызуе аднасяльчанку. — А бліны якія смачныя пячэ, ніхто перад імі не ўтрымаецца.


 Гаспадыня частуе сваёй фірменнай стравай, і мы цалкам пагаджаемся са словамі яе сяброўкі. Смак начыненых грыбамі мучных бліноў і пірог з яблыкамі вяртаюць у пару вясковага дзяцінства, атуленага бабулінымі пяшчотай і клопатам.


— У Парадні выйшла замуж у 1965 годзе. А нарадзілася ў вёсцы Калінавае, што таксама ў Язненскім сельсавеце, — расказвае Антаніна Лявонцьеўна. — Дом гэты самі будавалі з мужам Мікалаем Мацвеевічам. Яго ўжо дваццаць шэсць год як няма. Працавалі ў гаспадарцы. І цяпер штодня ў клопатах. У халодную пару вольнага часу больш, тады скандынаўскай хадзьбой займаюся.


На здаровыя прагулкі Антаніна Лявонцьеўна выпраўляецца ў кампаніі з Марыяй Андрэеўнай Лапіцкай і яе сваячкай Людмілай. За раз пяць кіламетраў адольваюць. Хутка распачнуць новы сезон.


АФАРБАВАНЫМІ ў жоўта-аранжавы колер лістотай з зялёнымі астраўкамі травы і яркімі агеньчыкамі кветак запомняцца Парадні. Тут свой ход жыцця, размераны і непрыкметны для чужых вачэй. Пра будучыню вёскі сяльчане не загадваюць. Сустракаюць новы дзень, і кожны запаўняе яго па-свойму. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 95 522
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 73 974
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 41 820
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 37 847
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 36 568
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 34 491
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 23 476
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 февраля 2019
Александр, Алексей, Андрей, Аркадий, Борис, Василий, Георгий, Дмитрий, Иван, Иосиф, Кирилл, Михаил, Николай, Петр, Сергей, Федор, Юрий, Анна, Екатерина

Именины 16 февраля 2019
Адриан, Василий, Владимир, Иван, Михаил, Николай, Павел, Роман, Тимофей, Анна, Семен

Госці краін
free counters
Партнеры сайта