Нядаўна пісаў пра спаленую ў гады вайны вёску Сухавержа. Паглыбіўся ў гісторыю нашага краю, але адно пытанне так і не закрануў. Адкуль жа пайшла назва вёскі? Сухавержа (Сухавежа) — невялікая вёсачка ў нашым раёне. Знаходзіцца непадалёк ад Ельні. На балоце растуць невысокія дрэвы, хмызнякі, імхі. Аднак у вочы кідаюцца сухія, як слупы, ствалы зламаных вятрамі дрэў. З цягам часу яны валяцца ў ваду, дзе іх паглынае балотная расліннасць.
Гэта і ёсць першы варыянт паходжання назвы вёскі. Сухі верх дрэў.
Другі таксама варта разглядаць. Вёску часта называюць Сухавежам, гэта больш стары варыянт. Вежай раней былі пагранічныя слупы, ды і сама мяжа. Адсюль вынікае, што Сухавежа — сухая мяжа, мяжа паміж сушай і балотам.
Абодва варыянты маюць прыроднае паходжанне. Гэта сведчыць, што гісторыя вёскі з самага пачатку звязана з гэтымі прыгожымі мясцінамі. А заняткі яе жыхароў — з прыродай і лесам. Яны збіралі грыбы, ягады. Так, на мой погляд, і з’явілася назва Сухавержа. Колькі таямніц яшчэ хавае наша малая Радзіма? Пастараюся адкрыць для нашых чытачоў як мага больш цікавай інфармацыі.