Агрогородок Турково — от белорусского термина "турок"

 Працягваем серыю артыкулаў пра паходжанне назваў вёсак.

Некаторыя лічаць, што назва аграгарадка Туркова звязана з туркамі. На маю думку, гэтая гіпотэза памылковая, і заснавана толькі на сугуччы назвы вёскі з народам. 

Знайшоў больш верагодныя версіі. Адзін з варыянтаў паходжання назвы вёскі — ад тэрміна “тур”, які мае некалькі тлумачэнняў. Па-першае, гэта тупік. Аднакарэннае слова “затурыць” азначае “загнаць у кут”. Па-другое, тур — гэта цэнтральная частка населенага пункта. У трэцім варыянце тур — слуп пры печы ў курных хатах, або апорны слуп пасярод пакоя старажытнага жылога дома.


Нельга адкідваць версію з паходжаннем Туркова ад жывёлы — тура, які вымер яшчэ ў 17 стагоддзі. Гэта генетычна блізкі родзіч сучаснага быка. Некалі на нашых землях пасвіліся шматлікія статкі капытных жывёл. Жылі ў асноўным у лясістай мясцовасці. Зніклі яны, хутчэй за ўсё, у выніку дзейнасці чалавека, які паляваў на іх, высякаў значныя ўчасткі лясоў.


Верагодная і гіпотэза паходжання назвы Туркова ад беларускага тэрміну “турок”. Ён мае два значэнні. Першае — лог, поле, якое абмежавана балотам, хмызняком. Сапраўды, мясцовасць падобная. Другое — вуліца, перавулак з выхадам у адзін канец, закуток. І гэты варыянт падыходзіць: аграгарадок у нашы дні мае развітую сетку вуліц і перавулкаў.


Як бачна, паходжанне назвы Туркова мае некалькі магчымых тлумачэнняў. Кожны выбірае тое, якое больш падабаецца. Магчыма, падчас далейшых даследаванняў знайду і іншыя версіі.


Дзмітрый ВАСІЛЕНКА,

географ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.