Название деревни Бредево возможно от рыболовной снасти

 Недалёка ад Лявонпаля на ўзвышшы размяшчаецца невялікая вёсачка Брэдзева. Адтуль адкрываецца цудоўны від на даліну Заходняй Дзвіны. Людзі здаўна аблюбавалі гэтыя мясціны. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя непадалёк (у Гвардзейскіх) стаянкі часоў жалезнага веку. Краявіды Брэдзева зачароўваюць прыгажосцю, цішынёй прыроды і багатымі на дары лясамі.

Аднак не толькі ляснымі дарамі цікавіла гэта зямля людзей. Рака здаўна была галоўнай суднаходнай артэрыяй рэгіёну. Жыхары лавілі рыбу. Заходняя Дзвіна была гандлёвай жылай, уздоўж якой развіваліся гарады і маленькія рыбацкія вёсачкі. Хутчэй за ўсё, адна з іх — Брэдзева.
Мяркую, што сваю назву вёска атрымала ад рыбалоўнай прылады — брэдню. Гэта невялікая сетка, якую рыбакі цягнуць за сабою на дзвюх драўляных шостах, ідучы бродам па мелкаводдзі. Вёска знаходзіцца побач з буйной ракой, таму нельга выключаць такі варыянт.


Другі варыянт паходжання назвы Брэдзева — ад слова брод. Гэта неглыбокае месца ў рацэ, возеры або іншым вадаёме. Па ім можна перайсці пяшком, вярхом або на аўтамабілі. Такія водмелі сапраўды з'яўляюцца ў гэтых мясцінах у засушлівыя гады. Пры гэтым над воднай роўняддзю на многія сотні метраў выступаюць пясчаныя астраўкі. Адны ўсяго на некалькі метраў, іншыя дасягаюць дзясятка ў даўжыню і шырыню. Магчыма, раней у гэтым месцы сапраўды быў брод.


Па інфармацыі Узмёнскага сельскага Савета, у Брэдзеве зараз ніхто не жыве. Апошняга вяскоўца восенню забраў да сябе яго сын. Магчыма, хтосьці будзе вяртацца сюды хаця б летам. Хацелася б, каб гэтыя цудоўныя мясціны прываблівалі людзей.

Фота для ілюстрацыі, зроблена непадалёк вёскі.
Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.