"Румы в поле" — деревня Румполье

 Румполле — невялікая вёска на рацэ Авута ў Завуццеўскім сельсавеце. Яе назва мне падалася незвычайнай, небеларускай па гучанні і адразу трапіла ў спіс для асабістага даследавання. Здалося, што яна хавае розныя цікавыя варыянты паходжання. Так ці не — зараз даведаемся. 

Пошукі зноў прывялі да "настольнай кнігі", якой даўно карыстаюся — "Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў" І.Я. Яшкіна. У ёй я засведчыў, што тэрмін "рум" даволі распаўсюджаны ў нашай краіне. Але часцей за ўсё сустракаецца на Віцебшчыне. Цікава, чаму?
У слоўніку бачым некалькі значэнняў. "Рум" — гэта: 1) месца на беразе ракі, куды звозяць зімой бярвенне для сплаву і дзе вясной нарыхтаваны лес вяжуць у плыты. Лясная прыстань; 2) складаванне бярвенняў у штабелі, якія вывезены з лесу; 3) нарыхтоўка лесу на палянцы; 4) дрывасечныя складаванні для сплаву.


Віцебская вобласць здаўна лічыцца самай лясістай у краіне. Гэта зараз такога покрыва засталося няшмат, а ў часы князёў ды імператараў на большай частцы сучаснай тэрыторыі размяшчаліся балоты ды лясы. Многія залежныя сяляне працавалі на памешчыкаў, у тым ліку і на нарыхтоўцы драўніны для продажу. Сплаўлялі яе плытамі па буйных і невялікіх рэках, такіх як Авута, якая цячэ побач з вёскай у Заходнюю Дзвіну. Месцы, дзе лес перад адпраўкай складалі на роўнай пляцоўцы для сушкі, часцей за ўсё на полі, называлі "румамі. Румы" ў полі — адгэтуль, мабыць, і паходзіць мясцовасць. Потым побач магло ўзнікнуць пастаяннае паселішча — Румполле.


Другая частка назвы — "полле" — верагодна, змененае запазычанае слова "polis"(горад, паселішча). Часта паны і памешчыкі для надання гучнасці і велічнасці сваёй маёмасці ўжывалі ў канцы слова гэтую частку — "полле", "поль", "паль". Прыклад у нашым раёне — вёскі Лявонпаль, Камянполле і, урэшце, Румполле. Або "полле", "поль" — гэта змененае слова "поле", і тады сэнс мяняецца на "вёска ў полі".
Другі варыянт паходжання назвы Румполле таксама варты ўвагі, мае месца быць адным з верагодных, але мне ён падаецца не такім рэчаісным. У тым жа слоўніку "рум" — "гэта хата з хлявом і іншымі гаспадарчымі будынкамі пад адной страхой, або ў адзін рад". У нашай мясцовасці дзе-нідзе яшчэ сустракаюцца такія пабудовы, часцей за усё ў невялікіх вёсачках.

Фота з карты мясцовасці са спадарожніка.
Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.