У вёсцы Сухавержжа ў навагоднюю ноч не чуваць гоману моладзі і выбухаў петард, не ўзлятаюць у неба пасля бою курантаў салюты. Тут два жылыя дамы. Іх гаспадары прывыклі да навакольнага спакою. Новы год сустракаюць ціха па-дамашняму.
ПЕРАД мастом у Старых Круках зварочваем з трасы направа. Едзем прама па вузкай дарозе праз невялікія вёсачкі без указальнікаў. На скрыжаванні ў Маляўках навігатар падказвае павярнуць налева. А вось і Сухавержжа. Выстраіліся ў радок вясковыя хаты. Здаецца, далей толькі балотны прастор.
— За намі яшчэ дзве вёскі. У Мнюхах два жылыя дамы, Дунісёва зусім апусцела, — расказвае старэйшына Сухавержжа і ваколічных вёсак Жанна Пятроўская, якая чакае нас на дарозе ў кампаніі з верным сябрам Рэксам.
Сабака суправаджае гаспадыню і на працу, і на рыбалку, і па журавіны. Да Ельні рукой падаць. Недалёка адно з самых маляўнічых месцаў заказніка — возера Курганістае. Не паспееш стаміцца, як дойдзеш да Бліжняга і Белага.
Цёплай парой у вёсцы турысты. Пытаюцца ў сяльчан пра шлях на балота. Зімой ціха. Прыходзіць паштальён ды аўтамагазін два разы на тыдзень прыязджае. Часцей наведваюцца госці з лесу — зайцы, лісы, ваўкі, казулі.
— Мы прыехалі ў Сухавержжа з Латвіі ў 1993 годзе. Адсюль родам муж. На той час тут васямнаццаць жылых дамоў было. Цяпер толькі два ды яшчэ дзве дачы, — гаворыць Жанна Паўлаўна. — Дзесяць год я паштальёнам адпрацавала, пасля стала сацработнікам. Зараз абслугоўваю шэсць чалавек у ваколічных вёсках. Добрым надвор’ем на веласіпедзе еду. На ім і ў Міёры дабіраюся, калі трэба.
У ціхай вёсцы сумаваць Пятроўскім няма калі. На падворку дзве каровы, конь, свінні і куры. Усіх трэба накарміць і дагледзець. Летам дадаецца спраў на агаро- дзе. Увосень трэба пабегаць па журавіны, а зімой — парыбачыць.
— Летнюю рыбалку не люблю, а вось цяпер — асалода, — усміхаецца субяседніца. — Шчупак пакуль не вельмі бярэцца, нядаўна добра клявалі акуні.
Смажаная рыба — страва на стале і паўсядзённая, і святочная. Уключана ў навагодняе меню разам з “Аліўе” і “Селядцамі пад шубай”.
НОВЫ 2019 год Генадзь Уладзіміравіч і Жанна Паўлаўна сустрэнуць удваіх. На мінулы прыязджала з Чэрасаў малодшая дачка Вераніка з мужам, сёлета застануцца дома з маленькім сынам. Са сваімі сем’ямі будуць адзначаць свята старэйшыя Алена ў Міёрах і Кацярына ў Полацку. Апоўначы патэлефануюць бацькам на мабільны з віншаваннямі.
— У першыя хвіліны Новага года набіраем нумары родных і сяброў. Абавязкова маме тэлефаную, яна ў Латвіі засталася, — гаворыць Жанна Паўлаўна. — Глядзім па тэлевізары навагоднія фільмы і перадачы. “Залы” няма, сказалі, сігнал тут браць не будзе. На прыстаўцы некалькі беларускіх каналаў.
Абавязковы атрыбут навагодняй пары — жывую елку — Пятроўскія ставяць да 25 снежня. І па традыцыі кладуць пад ёй цукеркі.
— Так рабілі, калі дзеці малыя былі. Казалі ім, што гэта авечка цукерак насыпала.
— А чаму авечка, а не Дзед Мароз?
— Таму што Ісус Хрыстос у яслях нарадзіўся.
НЯСПЕШНА ідзём па заснежанай дарозе да дома Аляксандра Мікалаевіча і Ірыны Фадзееўны Сцяпанавых. Яго нельга не заўважыць. На падворку белыя лебедзі з аўтамабільных шын, фасад аздоблены сонейкамі з падручных матэрыялаў.
— Лебедзяў сыны зрабілі, — гаворыць гаспадыня. — Летам кветкі на клумбах красуюць. Іх мала хто бачыць, для сябе вырошчваю, падабаецца. Часам турысты просяць сфатаграфавацца на нашым падворку.
Адлегласць паміж суседзямі метраў пяцьдзясят. У госці адзін да аднаго хадзіць няма калі, штодня ў клопатах. Сцяпанавы таксама трымаюць дзвюх кароў, каня, птушку ды яшчэ авечак. Часцей бачацца іх чацвёраногія вартаўнікі. Толькі зайшлі на падворак, а Рэкс ужо частуецца косткай ля будкі такога ж чорнага Дружка.
Як і Пятроўскія, Сцяпанавы вярнуліся ў ціхую вёску з Латвіі ў пачатку 90-х гадоў.
— Я тут вырасла, у школу са старэйшым братам у Крукі за сем кіламетраў хадзілі. Пасля скончыла чыгуначны тэхнікум у Даўгаўпілсе. Вучылася на аглядчыка вагонаў, — расказвае Ірына Фадзееўна. — З мужам у Латвіі пазнаёмілася, ён родам з Калінінграда. Калі прыехалі ў Сухавержжа, уладкаваўся ў лясную гаспадарку, а я работу так і не знайшла. У сезон журавін на балоце, іншым часам за хатнімі справамі.
Шумнай і шматлюднай памятае сяльчанка сваю вёску. Цяпер тут ледзь не першародная цішыня. І яна па душы мясцовым жыхарам. — Калі бываю ў Міёрах, нават галава пачынае балець ад залішняга шуму, — усміхаецца субяседніца.
НАВАГОДНЯЯ ноч у доме Сцяпанавых таксама спакойная. На ўмеранай гучнасці “гаворыць” тэлевізар, ззяюць гірлянды на жывой елцы. За сталом гаспадары ўдваіх. Дарослыя сыны сустракаюць свята са сваімі сем’ямі. Мікалай жыве ў Чапуках, працуе ў мясцовай гаспадарцы. Аляксандр у Пад’ельцах, заняты ў камунальнай службе.
— З дзецьмі штодня трымаем сувязь па мабільных. У цёплую пару часцей прыязджаюць. Дапамагаюць сена нарыхтаваць, пасадзіць і выкапаць бульбу, — гаворыць Ірына Фадзееўна. — Саша прывозіць прадукты, заказаныя праз “Е-дастаўку”. У нашым аўтамагазіне асартымент слабы, да святочнага стала не ўсё купіш.
КАЛІСЬЦІ даўно ў Сухавержжы ноч з 31 снежня на 1 студзеня не была святочнай. Старажылы лічылі Новым годам дату 14 студзеня. Цяпер свята прыходзіць у вёску па агульным графіку. Толькі больш размераным крокам, без шумнага фону і амбіцыйных задач на наступныя 365 дзён. Пажаданне ў вяскоўцаў простае — каб былі здаровыя самі і ўсё ладзілася ў дзяцей і ўнукаў.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ,
s.katrin.r@mail.ru